Таямніца паштоўкі

- 14:42Нам пішуць

У цэнтры тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Мінска “Зорка” прайшло мерапрыемства Клуба цікавых сустрэч “Сардэчная сустрэча” з нагоды Дня паштоўкі, які адзначаецца 25 сакавіка.

Мерапрыемствы клуба сталі традыцыйнымі і падабаюцца навучэнцам раёна: можна пазнаёмяцца з прафесіямі і добрымі справамі цікавых і праслаўленых землякоў. Гэтым разам да навучэнцаў сярэдніх школ №№ 7, 123 і гімназіі № 37 Мінска завіталі інжынер цэнтра кантролю тэхналагічных працэсаў аказання паслуг “Мінскпошты” Настасся Афанасьева, кіраўнік музея гісторыі пошты Таццяна Гузянкова, а таксама загадчык кафедры арганізацыі тэхналогіі паштовай сувязі Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Рыгор Кобрынскі.

Госці расказалі, што 25 сакавіка ва ўсім свеце адзначаюць Дзень паштоўкі, і пазнаёмілі навучэнцаў з гісторыі паштовай сувязі і ўзнікненні паштоўкі і маркі. На выставе можна было ўбачыць паштоўкі розных гадоў і пазнаёміцца з іх сучаснымі відамі. Таксама ўдзельнікі сустрэчы даведаліся, што сёння пошта Беларусі прапануе не толькі перасылку адпраўленняў, але і шмат іншых цікавых паслуг. А для тых, каго зацікавіла работа ў паштовай сферы, карыснай стала інфармацыя пра спецыяльнасці, якія можна атрымаць у Акадэміі сувязі, і ўмовы паступлення ў гэтую навучальную ўстанову.

Валянціна ЯРГОЛЬСКАЯ,
педагог-арганізатар ЦТМТДіМ “Зорка”.