Тэхналогіі, якія вучаць самаадукацыі: аўтарскія майстар-класы ад настаўніцы школы № 4 Шклова Алены Кейзеравай

- 11:13Образование, Портфолио, Приложение

Вучыць дзяцей самастойна здабываць веды — адна з галоўных задач педагагічнай дзейнасці настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 4 Шклова Алены Кейзеравай. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Самаадукацыя і ёсць сапраўдная адукацыя. Надзвычай блізкія мне гэтыя словы Айзека Азімава, пісьмен­ніка-фантаста, папулярызатара навукі, біяхіміка, — гаворыць Алена Пятроўна. — Але на самастойнасць у вучобе здольны самыя матываваныя дзеці, як правіла, старшакласнікі, якія засвойваюць прадмет на павышаным узроўні. З такімі вучнямі я пераважна і працую, выкарыстоўваючы пэўныя педагагічныя методыкі і тэхналогіі.  

Да ідэі самаадукацыі Алена Пятроўна прыйшла ў многім дзякуючы свайму настаўніку Алегу Уладзіміравічу Галаўкову — сёння заслужанаму настаўніку Беларусі.

Менавіта гэты адданы сваёй справе чалавек праклаў для мяне шлях у педагогіку, — працягвае Алена Пятроўна. — Яго запал, фанатызм перадаюцца, нібыта вірус, не захварэць рускай мовай і літаратурай пад яго ўплывам немагчыма. Вучылася я ў Загаранкаўскай сярэдняй школе Круглянскага раёна, дзе ў той час працаваў Алег Уладзіміравіч. Убачыўшы ўва мне пэўныя філалагічныя здольнасці, ён пачаў рыхтаваць мяне да алімпіяд. У той час я ў поўнай меры адчула сутнасць педагагічнай прафесіі і эфектыўнасць самаадукацыі. Самае важнае ў гэтым працэсе, каб дзіця захацела даведацца нешта новае. А задача настаўніка — умела арганізаваць самастойную дзейнасць вучня. У гэтым Алег Уладзіміравіч быў па-сапраўднаму таленавіты. Успамінаю яго ўрокі і суадношу са сваёй работай, задумваюся, як у той ці іншай сітуацыі паступіў бы мой настаўнік. Ён паважаў дзяцей, ніколі не павышаў на іх голас, не аддаваў загады. Нават калі рабіў заўвагу, то з павагай, без іроніі, злосці ці яхідства. Галоўнае — не абразіць. Лепш педагогу і вучню разам па-добраму пажартаваць, пасмяяцца над памылкамі і промахамі. Гумар, мабыць, лепшы спосаб матываваць да работы.

Алена Пятроўна распрацавала чатыры майстар-класы, з якімі выступала перад калегамі на міжнародным фестывалі прафесійнага майстэрства педагогаў “Пазнанне ў сутворчасці”. Тэхналогіі і падыходы, якія яна прадставіла, аб’яднаны ідэяй самаадукацыі, нацэлены на атрыманне дзіцем трывалых ведаў, якія застануцца з ім на ўсё жыццё.

Першы майстар-клас настаўніца прысвяціла тэхналогіі мнагамерных дыдактычных інструментаў В.Э.Штэйнберга, пра якую даведалася з дапаможніка для настаўнікаў Мікалая Запрудскага “Сучасныя школьныя тэхналогіі”.

Мне падабаецца падача матэрыялу ў выглядзе логіка-сэнсавых мадэлей, калі ты не проста чытаеш, а аналізуеш інфармацыю, — адзначае педагог. — Наступны майстар-клас накіраваны на распрацоўку і вырашэнне кампетэнтнасна арыентаваных заданняў. Гэтая тэма і вызначыла мой удзел у рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі самаадукацыі вучняў у кампетэнтнасна арыентаваным адукацыйным асяроддзі на аснове метадаў стратэгіі фарсайта”. Праект ажыццяўляўся на базе сярэдняй школы № 2 Круглага, дзе я раней працавала. Ядром інавацыі выступае працэс самаадукацыі з дапамогай метадаў фарсайта (у перакладзе “бачанне будучыні”) на ўсіх этапах навучання.

Метады стратэгіі фарсайта прыйшлі ў педагогіку з сацыялогіі, псіхалогіі, эканомікі, менеджменту. Яны дазваляюць генерыраваць вялікую колькасць ідэй, знаходзіць сумесныя рашэнні. У арсенале ўдзельнікаў інавацыйнага праекта былі 33 такія метады. Умоўна яны дзеляцца на чатыры групы: метады прагназавання, аналізу, выпрацоўкі ідэй (крэатыўныя метады), новыя крэатыўныя метады. Некаторыя з іх могуць служыць адначасова і для аналізу, і для выпрацоўкі ідэй.

Алена Пятроўна распрацавала майстар-класы “Метад стратэгіі фарсайта SWOT-аналіз” як сродак фарміравання метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў” і “Развіццё камунікатыўных кампетэнцый навучэнцаў з дапамогай метаду стратэгіі фарсайта “фокус-група”.

SWOT-аналіз прадугледжвае распрацоўку некалькіх сцэнарыяў развіцця з’явы, якая даследуецца: яе моцныя і слабыя бакі, магчымасці, перспектывы, рызыкі, — расказвае педагог. — Гэта ўніверсальны метад даследавання не толькі асобных эпізодаў (вобразаў, сітуацый), але і твора ў цэлым. Можна, вядома, проста адказаць на пытанні і выканаць заданні ў вучэбным дапаможніку. Але сёння неабходна дапамагчы сучаснаму школьніку навучыцца працаваць з тэкстам самастойна (чытацкая дасведча­насць як частка функцыянальнай дасведчанасці). І ў той жа час важна пазбегнуць фармальнага падыходу ў выкарыстанні гэтага метаду (аналіз дзеля аналізу).  

Існуюць тры простыя правілы, якіх неабходна прытрымлівацца пры выкарыстанні метаду стратэгіі фарсайта SWOT-аналіз: аналізаваць не ўсе, а толькі асобныя моманты (сегменты), самыя важныя; вызначыць ключавы фактар, які ўплывае на выбар параметраў (моц­ныя і слабыя бакі, магчымасці і рызыкі); распрацаваць стратэгію развіцця (план дзеянняў, мерапрыемствы, магчымае развіццё па­дзей, іншы фінал). Напрыклад, пры вывучэнні апавядання В.Распуціна “Урокі французскай” на заключным уроку вучні знаёмяцца з “гульнямі дарослых” і разглядаюць пытанне аб “дарослай жорсткасці”. Галоўны момант (сегмент) вызначаны. Далей пазначаецца ключавы фактар: адносіны да людзей (Лідзія Міхайлаўна) або да пасады (дырэктар). Мэтазгодна арганізаваць работу ў групах (тры групы) і прапанаваць наступнае заданне: знайдзіце ў тэксце словы, словазлучэнні, сказы, якія характарызуюць пазіцыю настаўніцы, дырэктара, самога апавядальніка (зыходзячы з выбраных фактараў), і запоўніце табліцу.

Пры гэтым неабходна растлума­чыць сабе і дзецям, што моцныя і слабыя бакі залежаць толькі ад нас саміх, магчымасці і рызыкі — гэта знешнія фактары, якія мы не зможам змяніць, але на якія можам паўплываць або пазбегнуць. І калі менавіта з такіх пазіцый падыходзіць да аналізу, напрыклад, вобраза дырэктара, то аб’ектыўнасць нам гарантавана. Моцная якасць дырэктара — дысцыпліна; слабая — пасада вышэй за ўсё. Магчымасці абмежаваныя, бо загады, распараджэнні, указы і існуюць, каб іх выкон­ваць; пасляваенны час патрабаваў асаб­лівага стаўлення да жыцця. Рызыкі дырэктара адносныя: з аднаго боку, звальненне настаўніка дыктаваў час, а з другога — школа засталася без прафесійнага спецыяліста. Такі аналіз дазваляе паказаць жыццё ва ўсёй разнастайнасці (не толькі чорнае і белае ці дрэннае і добрае). І ўжо сучасны шасцікласнік пачынае разумець, як важна падысці да ацэнкі сітуацыі аб’ектыўна, з розных пазіцый, — тлумачыць Алена Кейзерава. — Пасля праведзеных даследаванняў трэба прапанаваць навучэнцам творчую работу: распраца­ваць план дзеянняў, мерапрыемствы, магчымае развіццё падзей, іншы фінал. Выкажыце здагадку, што апавядальнік стаў настаўнікам. Якія “гульні дарослых” назаўсёды застануцца толькі ў яго памяці? Якім настаўнікам ён стане? Як ён выканае наказ Лідзіі Міхайлаўны: “Вучыся…”? Вучыся быць чалавекам разумным, сумленным, справядлівым… В.Распуцін у апавяданні неаднаразова звяртаецца да слова “самастойна”. Магчыма, словы настаўніцы гучалі б менавіта так: “Вучыся быць самастойным”. Як казаў А.С.Пушкін, “самостоянье человека — залог величия его”. Атрымліваецца, SWOT-­аналіз — гэта не толькі даследаванне, але і магчымасць зазірнуць у будучыню, магчымасць кіраваць ёй.

Наступны метад, які педагог асвоіла, — фокус-група. Ён заключаецца ў арганізацыі даследавання з дапамогай збору групы для абмеркавання пастаўленай задачы. Гэта метад генерацыі ідэі.

— Задаём пытанні, абмяркоўваем іх і атрымліваем адказы, — расказала Алена Пятроўна. — Па сутнасці, гэты метад з’яўляецца разнавіднасцю дыскусіі з элементамі інтэрв’ю. Ён дапамагае ў развіцці крытычнага мыслення, навыкаў камунікацыі, кааперацыі і крэатыўнасці. Бяром тэму (тэарэтычны матэрыял) і складаем па яе змесце набор пытанняў. У працэсе гэтага вучні разумеюць, наколькі глыбока яны разабраліся ў тэме. Самае важнае для настаўніка — правільна пабудаваць зносіны з дзецьмі. Клас дзеліцца на групы (па 4 чалавекі), і кожная складае па 4 пытанні, на якія неабходна атрымаць адказы. Вучні запісваюць іх у вуглах чыстага ліста. Пытанні агучваюцца і абмяркоўваюцца ў групе. Далей ідзе калектыўнае абмеркаванне пытанняў паміж групамі з удзелам педагога. І ўжо ідзе пошук адказаў не на 4 пытанні, а на 20 (калі ў класе 20 чалавек). Тыя, што засталіся без адказу, запісваюцца ў цэнтры ліста, а настаўнік запісвае іх на дошцы. Такім чынам больш дасканала прапрацоўваецца вучэбны матэрыял. Пытанні, на якія атрыманы адказы, прыбіраюцца. Застаюцца толькі самыя важныя (ключавыя), складаныя, якія з’яўляюцца праблемнымі і патрабуюць даследавання, вывучэння дадатковай літаратуры. Каб вырашыць такое праблемнае пытанне, распрацоўваецца вучэбны праект. Гэта вельмі цікавая работа. Мы вучым дзяцей не проста чытаць і запамінаць факты або лічбы, а прымяняць веды ў новай або нестандартнай сітуацыі.

Уявім, што мы на ўроку рускай мовы ў 11 класе па тэме “Спосабы перадачы чужой мовы. Няўласна-прамая мова”. За аснову бярэцца апавяданне Барыса Якімава “Ночь исцеления”. Вывучэнне новага матэрыялу арганізавана з дапамогай метаду стратэгіі фарсайта “фокус-група”. Настаўнік прапануе ключавыя пытанні для абмеркавання на ўроку: як маналог пра вайну ператварыць у дыялог аб мінулым? Як авалодаць няўласна-прамой мовай?

Напярэдадні святкавання Вялікай Перамогі разам са старшакласнікамі мы вызначылі тэму даследавання “Не бывае зусім не пацярпелых ад вайны…”, — дзеліцца Алена Пятроўна. — Яны рыхтуюць выставу матэрыялаў аб тым, які след пакінулі ў кожнай сям’і страшныя падзеі (успаміны, баявыя ўзнагароды, фатаграфіі, макеты прадметаў вайны). Такім чынам, гэта чужая мова пра вайну і пра мінулае. Праблема заключаецца ў самім слове “чужая”. Чужая мова, чужы боль, чужыя слёзы, чужое, у рэшце рэшт, жыццё. Як зразумець той час? Як зразумець чужую мову? Ці можна зрабіць так, каб чужая мова стала ўласнай (зразумелай)?

Вывучэнне асаблівасцей няўласна-прамой мовы арганізавана з дапамогай прыёму “Ледэрынг” (“ланцужок (лесвіца) пытанняў”), што садзейнічае паглыбленню ў тэму: якія лексіка-фразе­ала­гічныя асаблівасці няў­лас­на-прамой мовы? Якія змяненні адбываюцца на марфалагічным узроўні пры перадачы чужой мовы ў выглядзе няўласна-прамой? Якія сінтаксічныя асаблівасці няўласна-прамой мовы?

Замацаванне вывучанага матэрыялу арганізуецца з дапамогай метаду прагназаванага чытання ў спалучэнні з выкананнем заданняў да тэксту.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва ўстановы