Тэлемост з Байканурам

- 11:50Нам пішуць

Свята і тэлемост з далёкім Байканурам — так у Сорагскім яслях-садзе — сярэдняй школе Слуцкага раёна адзначылі 100-годдзе з дня нараджэння свайго знакамітага земляка К.В.Герчыка.

К.В.Герчык для навучэнцаў і педагогаў Сорагскага ВПК — не проста зямляк, чыё імя носіць установа. Яго асоба адыгрывае значную ролю ў выхаванні дзяцей. У Сорагах кожны ведае, што Канстанцін Васільевіч — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ён узначальваў касмадром “Байканур”, быў сведкам запуску першага ў свеце штучнага спадарожніка. І кожны ведае, што яго вялікі шлях пачаўся за партай сорагскай школы. У школе дзейнічае музейны пакой, прысвечаны К.В.Герчыку. 100-годдзе з дня яго нараджэння стала для ўстановы сапраўдным святам.

Да мерапрыемства ў школе далучыліся родныя К.В.Герчыка — яго дачка, унукі і праўнук, а таксама калегі, спецыялісты ракетна-касмічнай галіны СССР і Расіі. Удзельнічаў таксама галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення па адукацыі А.Л.Абалевіч, намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Л.Г.Дабравольская.

На мерапрыемстве Сорагскі ВПК быў узнагароджаны граматай Федэрацыі касманаўтыкі Расіі за актыўную папулярызацыю дасягненняў касманаўтыкі і патрыятычнае выхаванне моладзі. Начальнік упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама А.В.Нядзелька і дырэктар установы І.М.Юрэвіч узнагароджаны медалямі імя Ю.А.Гагарына.

Навучэнцы і педагогі Сорагскага ясляў-сада — сярэдняй школы падрыхтавалі для гасцей канцэрт, у рамках якога спявалі песні аб роднай зямлі, космасе і героі гэтага дня: супрацоўнік школы П.М.Трапяшчонак прадставіў увазе гасцей песню ўласнага сачынення, прысвечаную К.В.Герчыку.

Працягам мерапрыемства стаў першы ў гісторыі Случчыны тэлемост з Байканурам, а менавіта з сярэдняй школай № 1 імя Г.М.Шубнікава, дзе сабраліся навучэнцы, а таксама прадстаўнікі ракетна-касмічнай галіны. Дырэктары дзвюх школ расказалі аб сваіх установах, ветэраны-ракетчыкі падзяліліся ўспамінамі, аб сваіх школьных і маладзёжных справах пагаварылі дзеці.

— Жыццёвы шлях Канстанціна Васільевіча Герчыка быў яркім, поўным дасягненняў. І ён не раз падкрэсліваў, што менавіта веды і ўменні, атрыманыя ў школе, сталі асновай гэтых дасягненняў, — расказвае І.М.Юрэвіч, дырэктар Сорагскага ясляў-сада — сярэдняй школы. — Гэты чалавек — прыклад патрыятызму, мужнасці, стойкасці, працавітасці. І калі нашы дзеці выхоўваюцца на такіх прыкладах, яны вырастуць годнымі людзьмі і грамадзянамі.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Сорагскім яслі-садам — сярэдняй школай.