Трывалыя веды — інвестыцыі ў будучыню

- 12:11Рознае, Суразмоўца

У краіне ўжо амаль месяц вядзецца прыём дакументаў у 1-я класы школ і гімназій. Першы раз у першы клас — гэта вельмі сур’ёзная і адказная падзея як для дзяцей, так і для іх бацькоў, гэта своеасаблівы выхад у новы нязведаны свет, які зменіць звыклы лад жыцця дзяцей, у якім прыйдзецца ўзаемадзейнічаць з вялікай колькасцю незнаёмых людзей і ў якім штодзень будуць новыя сюрпрызы і адкрыцці. Пра тое, як праходзіць набор дзяцей у 1-я класы, якую падрыхтоўку павінен мець дашкольнік — будучы навучэнец, наш карэспандэнт гутарыць з дырэктарам гімназіі № 1 Дзяржынска Мінскай вобласці Ліліяй Іванаўнай САКАЛОЎСКАЙ.

— Лілія Іванаўна, 2 чэрвеня пачаўся прыём дзяцей у 1 клас. Колькі першакласнікаў сядуць за школьныя парты ўстановы сёлета?

— Сёлета мы плануем набраць чатыры 1-я класы (100 дзяцей), хоць жадаючых вучыцца ў нашай пачатковай школе значна больш, чым мы можам прыняць. На заняткі па падрыхтоўцы да навучання ў 1 класе хадзілі сёлета 130 дзяцей. А гэта значыць, што не ўсе будуць залічаны. На жаль, будынак гімназіі не дазваляе навучаць больш класаў. Спярша мы набіраем дзяцей са свайго мікрараёна, а потым на астатнія месцы будзем залічваць тых, хто жадае вучыцца ў гімназіі. На сёння пададзены ўжо 103 заявы.

Недахопу ў дзецях мы ніколі не адчувалі. Гімназія, што размяшчаецца побач, не складае нам канкурэнцыі, бо ў кожнай установы свая адметнасць, свой брэнд. У нашых суседзяў — беларуская мова навучання, моцныя традыцыі музычнай адукацыі, наша гімназія — установа з рускай мовай навучання, і яе адметнасць — харэаграфія. У нас створаны два ўзорныя калектывы — харэаграфічны “Весялушкі” і тэатр-студыя “Ступені”, творча працуе калектыў спартыўнага бальнага танца “Яўгенія”. У цэлым мы не імкнёмся канкурыраваць, а стараемся супрацоўнічаць.

— У педагогіцы вы ўжо шмат гадоў. Парайце, калі ласка, як выбраць бацькам школу для свайго дзіцяці. На ваш погляд, на што неабходна звярнуць увагу ў першую чаргу?

— Адным з фактараў выбару ўстановы адукацыі з’яўляецца яе папулярнасць і вядомасць сярод насельніцтва. Школа — гэта больш, чым проста адукацыйная ўстанова, у якой дзеці атрымліваюць новыя веды. Яна стварае асяроддзе, якое ў многім вызначае характар, паводзіны і захапленне дзіцяці. Важныя фактары — рэйтынг установы сярод навучэнцаў і іх бацькоў, добрая аснашчанасць, высокі ўзровень вынікаў вучэбнай дзейнасці і культуры навучэнцаў. Узровень якасці вынікаў вучэбнай дзейнасці нашых навучэнцаў пацвярджаецца вынікамі ЦТ (у мінулым годзе сярэдні бал — 49,9), стабільнасцю паступлення выпускнікоў ва ўстановы вышэйшай адукацыі (летась — 81%). Навучэнцы гімназіі паспяхова выступаюць на алімпіядах, конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях, аглядах. Сваім выхаванцам мы прапаноўваем разнастайнасць праграм дадатковай адукацыі, экскурсій, гурткоў. Пільная ўвага ўдзяляецца экалагічнаму выхаванню навучэнцаў: для правядзення даследчай дзейнасці на тэрыторыі гімназіі створана экалагічная сцежка. Гімназічная бізнес-кампанія аб’ядноўвае навучэнцаў, захопленых стварэннем вырабаў з гліны. Усяго — 46 гурткоў самай рознай накіраванасці, дзе кожнаму знойдзецца справа, у якой можна сябе развіваць.

Што тычыцца мяне асабіста, то пры выбары ўстановы адукацыі для свайго дзіцяці ў першую чаргу я звярнула б увагу на змест навучання і развіцця і на тое, наколькі камфортна будзе дзіцяці ва ўстанове.

— Недахопу дзяцей вы не адчуваеце. А што прыцягвае бацькоў у вашай установе? Чаму яны жадаюць аддаць да вас сваіх дзяцей?

— Наша гімназія мае сваё аблічча, якое фарміравалася шмат гадоў. Адукацыйная дзейнасць установы накіравана на фарміраванне інтэлектуальнай культуры навучэнцаў, развіццё пазнавальных здольнасцей, творчага розуму. І як тэатр пачынаецца з вешалкі, гімназія пачынаецца з прышкольнай тэрыторыі — прыгожай і дагледжанай сіламі настаўнікаў і дзяцей.

Безумоўна, бацькоў прыцягвае прафесіяналізм педагогаў. У мяне крэатыўныя і творчыя, лёгкія на ўздым намеснікі, на якіх я магу разлічваць ва ўсім, яны — мая падтрымка і апора: Ларыса Станіславаўна Рабіноўская, Наталля Іванаўна Еўтуховіч, Алена Анатольеўна Кулікоўская, Алена Леанідаўна Некраш і Валерый Леанідавіч Скуратовіч. Усе педагогі падзяляюць агульныя мэты і дакладна ўсведамляюць сродкі іх дасягнення, бо ад гэтага залежыць асабісты поспех кожнага і ўстановы ў цэлым. Мы дакладна разумеем, якія нашы моцныя і слабыя бакі, і моцныя бакі — актуалізуем і папулярызуем, праблемы — вырашаем.

У нашай гімназіі працуюць цудоўныя педагогі, актыўныя, ініцыятыўныя, якія знаходзяцца ў пастаянным творчым пошуку. Варта адзначыць высокі прафесіяналізм настаўніцы беларускай мовы і літаратуры А.Ч.Сяліцкай, якая з’яўляецца членам абласнога клуба “Флагман”, удзельнічае ў рабоце педагагічных суполак “ПраТэма”, “Настаўніцкі партал”, мае персанальны сайт, вядзе блог. Майстэрства Н.М.Шамко, А.А.Вайцяхоўскай, Н.В.Пархоменка, Н.В.Высоцкай, П.В.Леўшукова дазваляе іх навучэнцам дабівацца высокіх вынікаў на ўзроўні вобласці і рэспублікі. Так, літаральна некалькі дзён назад мы даведаліся, што навучэнка Н.В.Пархоменка Марыя Сцебакова атрымала стабальны вынік на ЦТ па рускай мове. Дарэчы, усе памкненні педагогаў у гімназіі стымулююцца. Так, у мінулым навучальным годзе заработная плата настаўнікаў гімназіі, якія дэманстравалі высокія паказчыкі ў рабоце, займаліся дадатковай дзейнасцю, была значна павялічана за кошт сродкаў пазабюджэтнай дзейнасці.

Нашы педагогі шукаюць шляхі павышэння якасці навучання праз вывучэнне і выкарыстанне ў сваёй рабоце новых вучэбна-метадычных комплексаў, тэхналогій і метадаў навучання. Прымяняюць для гэтага традыцыйныя праграмы, дапаўняючы іх матэрыяламі на развіццё мыслення і асобы дзіцяці. Так, педагогі пачатковай школы разам з вучэбна-метадычным комплексам па матэматыцы Т.М.Чабатарэўскай выкарыстоўваюць ВМК Г.Л.Мураўёвай і М.А.Урбан.

Адзначу, што на старэйшай ступені навучання арганізавана профільнае навучанне ў адпаведнасці з мадэллю 2, калі ў адным класе вучацца дзеці, якія вывучаюць на павышаным узроўні розныя вучэбныя прадметы. Сёлета мы набіраем два 10-я класы. Навучэнцы выбралі для вывучэння на павышаным узроўні рускую і замежную мову, матэматыку і фізіку, хімію і біялогію, рускую мову і грамадазнаўства — прадметы, якія ў далейшым будуць здаваць на ЦТ. Навучэнцам прапаноўваецца шырокі спектр факультатыўных заняткаў. Для падрыхтоўкі да ЦТ на платнай аснове ў гімназіі арганізавана “Школа абітурыента” па такіх вучэбных прадметах, як руская, беларуская, замежная мова, матэматыка, фізіка, грамадазнаўства.

Высокі ўзровень інфармацыйна-асветніцкай работы з бацькамі і грамадскасцю стварыў дастаткова высокі імідж установы ў горадзе. Гэтаму садзейнічалі дні адкрытых дзвярэй для бацькоў (сустрэча з адміністрацыяй, знаёмства з матэрыяльна-тэхнічнай базай, штотыднёвыя заняткі з бацькамі будучых першакласнікаў у межах праграмы “Падрыхтоўка да школы”), сайт гімназіі, стэнды для бацькоў, якія даюць інфармацыю пра дасягненні навучэнцаў.

Узровень матэрыяльна-тэхнічнай базы таксама мае вялікае значэнне. Любы настаўнік разам з навучэнцамі мае магчымасць выкарыстоўваць у вучэбнай дзейнасці камп’ютар, тэлевізійную тэхніку, медыяпраектар, інтэрактыўную дошку, множыльную тэхніку, інтэрнэт. Прыцягвае бацькоў і адкрытасць адукацыйнага працэсу.

— Лілія Іванаўна, на ваш погляд, якім павінна быць дзіця, падрыхтаванае да школы? Вы адзначылі, што пры гімназіі былі адкрыты падрыхтоўчыя курсы. Дзеці, якія наведвалі такія курсы, карыстаюцца прывілеямі пры залічэнні?

— Пры гімназіі з лютага (па суботах) працавала школа для шасцігадовых дзяцей. Дашкольнікі займаліся па вучэбнай праграме развіццёвых заняткаў па падрыхтоўцы да навучання ў школе “Азбука школьнага жыцця”. Мэта праграмы — развіццё дзіцяці і прафілактыка магчымых цяжкасцей пры адаптацыі да школьнага навучання. Заняткі праводзілі педагогі, якія працавалі ў 1-х класах, бо яны блізкія да гэтай узроставай групы, добра ведаюць псіхалагічныя асаблівасці дзяцей гэтага ўзросту. З мая да работы падключыліся педагогі, якія працавалі ў 4-х класах, тыя, якія будуць набіраць 1-я класы. Задача настаўнікаў — стварыць станоўчую матывацыю да школы, пашырыць падрыхтоўку рукі дзіцяці да пісьма, развіваючы дробныя мышцы пальцаў кісці, вакамера і г.д. Што тычыцца прывілеяў пры залічэнні ў 1 клас, то спярша залічваюцца дзеці, якія пражываюць у мікрараёне, а потым дзеці, якія прайшлі навучанне на падрыхтоўчых курсах пры гімназіі.

Вызначэнне падрыхтаванасці дзіцяці да школы ўключае ў сябе вялікую колькасць паказчыкаў, ад сукупнасці якіх і залежыць вынік. На наш погляд гатоўнасць да школы вызначаецца трыма ўзаемазвязанымі кампанентамі: фізічная гатоўнасць, г.зн. стан здароўя і фізічнае развіццё дзіцяці, інтэлектуальная і асобасная гатоўнасць. Дзіця павінна быць фізіялагічна развітым (павінна быць развіта дробная маторыка, каардынацыя рухаў), камунікабельным (умець узаемадзейнічаць з равеснікамі і дарослымі), валодаць пэўным комплексам ведаў і ўменняў. У дзіцяці павінна быць сфарміравана маўленне, развіта ўседлівасць (здольнасць на працягу пэўнага прамежку часу ўважліва слухаць дарослага і выконваць заданні, не адцягваючы ўвагу). Дзіця павінна ўмець кіраваць сваімі паводзінамі і сваім настроем. І яшчэ вельмі важна, каб да моманту паступлення ў школу ў яго былі развіты такія пазнавальныя працэсы, як увага, памяць, мысленне, уяўленне. А самае галоўнае для бацькоў — гэта развіваць у дзіцяці інтарэс да вучобы і настроіць яго на поспех!

— Ці маюць бацькі права выбару настаўніка для свайго дзіцяці?

— Так, у нашай установе бацькі маюць права выбару педагога. Гарадок у нас маленькі, інфармацыю пра педагога сабраць лёгка. Гэта стымулюе адукацыйны працэс у гімназіі. Кожны педагог імкнецца працаваць на выдатна (г.зн. навучэнцы ў класе павінны мець дастаткова высокі сярэдні бал, высокі ўзровень паступлення ў 5-я гімназічныя класы, вынікі на алімпіядах, творчых конкурсах). Бацькі, згодна з праграмай па пераемнасці дзіцячы сад — школа, ужо загадзя знаёмяцца з педагогамі на бацькоўскіх сходах (на пачатку навучальнага года). Пры падачы пакета дакументаў у заяве бацькі ўказваюць прозвішча педагога, да якога яны хочуць трапіць, і пры залічэнні гэта ўлічваецца.

Сёлета 1-я класы ў нас набіраюць настаўнікі пачатковых класаў Алена Уладзіміраўна Гурына, Таццяна Генадзьеўна Баравая, Святлана Іванаўна Капылова, Ірына Казіміраўна Варабей. Усе настаўнікі дастаткова вопытныя. Кожны з іх мае свой асабісты педагагічны почырк — адметны і пазнавальны. Т.Г.Баравая выкарыстоўвае ў сваёй рабоце элементы развіццёвага навучання, С.І.Капылова вялікі акцэнт робіць на развіцці лагічнага мыслення дзяцей, матэматычных здольнасцей, А.У.Гурына актыўна прымяняе інфармацыйныя тэхналогіі, інтэрактыўную дошку, І.К.Варабей развівае ў вучняў крэатыўнае, творчае мысленне.

— Ёсць меркаванне, што калі дзіця закончыла пачатковую школу пры гімназіі, то ў яго больш шансаў паступіць у яе: знаёмая абстаноўка, настаўнікі і г.д. Гэта сапраўды так?

— Усе дзеці, незалежна ад таго, якую пачатковую школу яны скончылі, знаходзяцца ў роўных умовах! Тым не менш мэтай правядзення ўступных іспытаў з’яўляецца выяўленне найбольш падрыхтаваных навучэнцаў. Вельмі многае залежыць ад сям’і. Калі ў сям’і былі створаны ўмовы для таго, каб навучэнец (чацвёртакласнік) закончыў навучальны год з дастаткова высокім сярэднім балам, прапрацаваў усе кантрольныя работы са зборніка экзаменацыйных матэрыялаў, наведваў усе кансультацыі па прадметах, заняткі ў псіхолага, — поспех забяспечаны!

Калі дзіця скончыла пачатковую школу пры гімназіі, то ў яго не больш шансаў паступіць у гімназію, чым у любога іншага, але знаёмая абстаноўка, настаўнікі і г.д. даюць магчымасць дзецям адчуваць сябе больш спакойна ў перыяд уступных іспытаў. Як гавораць: “Дома і сцены дапамагаюць”.

— Як вырашаецца праблема пераемнасці паміж пачатковай школай і дашкольнай установай? Якая работа праводзіцца, каб зрабіць адаптацыю першакласніка да школьных умоў лёгкай?

— У раёне працуе каардынацыйны савет па пытаннях пераемнасці дашкольнай і І ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Наш намеснік дырэктара Наталля Іванаўна Еўтуховіч уваходзіць у яго. Менавіта савет каардынуе работу ў гэтым напрамку. Наша ўстанова супрацоўнічае з дашкольным цэнтрам развіцця дзіцяці і яслямі-садам № 3. Мэта гэтага супрацоўніцтва — рэалізацыя адзінай лініі развіцця дзяцей на этапах дашкольнай і пачатковай адукацыі, наданне педагагічнаму працэсу цэласнага паслядоўнага характару. Мерапрыемствы плануюцца па трох напрамках: з навучэнцамі, з педагогамі, з бацькамі. Праводзяцца сумесныя метадычныя аб’яднанні настаўнікаў пачатковых класаў і выхавальнікаў дзіцячых садоў, дзе адбываецца знаёмства з праграмамі дашкольнай адукацыі і І ступені агульнай сярэдняй. Арганізоўваюцца адкрытыя ўрокі для выхавальнікаў дашкольных устаноў у кастрычніку кожнага года ў гімназіі, а выхавальнікі ў красавіку — маі праводзяць заняткі для настаўнікаў пачатковых класаў у дзіцячых садах. У пачатку верасня першакласнікі прыходзяць да дзяцей падрыхтоўчых груп і расказваюць ім пра гімназію. Педагогі, якія працуюць у 4-х класах, запрашаюцца на бацькоўскія сходы ў дзіцячыя сады. Дзякуючы гэтаму і адаптацыя першакласнікаў праходзіць без асаблівых цяжкасцей.

— Лілія Іванаўна, а што ў планах на новы навучальны год?

— Спадзяёмся, што да нас у 1 клас прыйдуць падрыхтаваныя, развітыя, творчыя дзеці, з якімі мы смела можам пачаць рэалізоўваць новыя і працягваць пачатыя праекты. Сярод іх —інавацыйны праект “Укараненне методыкі рашэння тэкставых задач як сродку сістэматызацыі зместу матэматычнай адукацыі ў кантэксце рэальнай матэматыкі (на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі)”, інфармацыйна-педагагічны праект “Выкарыстанне воблачных тэхналогій ва ўдасканаленні інфармацыйнага канекту ва ўстанове адукацыі”. Звычайна ў праектную дзейнасць уключаюцца ўсе класныя калектывы гімназіі. Тэматыка праектаў на новы навучальны год разнастайная: “Твае веды — інвестыцыі ў будучыню”, “Выбар прафесіі — выбар будучыні”, “Расці з газетай” і інш. Наша задача — падрыхтаваць паспяховага, канкурэнтаздольнага, запатрабаванага на рынку працы выпускніка з актуальнымі на сённяшні дзень кампетэнцыямі, здольнага адаптавацца ў сучасным імклівым свеце. Думаю, у нас гэта атрымаецца!

— Дзякуй за размову.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.