Ці зменіцца ў бліжэйшы час парадыгма адукацыі?

- 16:39Апошнія запісы, Рознае, Суразмоўца

Сёння інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі вельмі актыўна ўкараняюцца ў адукацыйны працэс. І ўжо, мабыць, няма ніводнага настаўніка, які б не паспрабаваў на сваіх уроках сучасныя сродкі навучання. Як арганізаваць вучэбны працэс з выкарыстаннем ІКТ? Як спраектаваць такі ўрок? З чаго ён складаецца і што ў ім важна прадугледзець? Як вызначыць выніковасць урока з выкарыстаннем ІКТ? Аб гэтым мы гутарым з начальнікам упраўлення інфармацыйных адукацыйных тэхналогій адукацыйнага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі Ірынай Мікалаеўнай ВАСІЛЬЕВАЙ.

— Ірына Мікалаеўна, ці не перанасычаны сучасныя ўрокі сродкамі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій?
— Цяжка сказаць. У нас няма практыкі актыўнага наведвання ўрокаў ва ўстановах адукацыі. Я магу меркаваць толькі пра тыя ўрокі, якія мы наведваем у межах інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі навучання з выкарыстаннем персанальных камп’ютарных прылад. На этапе эксперыментальнай работы да нас далучаліся медыкі з Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якія адсочвалі хранаметраж і ўстанаўлівалі яго адпаведнасць нормам СанПіНаў, вызначалі стамляльнасць дзяцей, замервалі вільготнасць паветра і шэраг іншых параметраў. І медыкі прыйшлі да высновы, што пры правільнай арганізацыі, пры дакладным захаванні санітарных норм ніякай перагрузкі альбо перанасычанасці заняткаў сродкамі ІКТ няма ні ў педагогаў, ні ў дзяцей. Таму я думаю, што ўсё залежыць ад таго, з якой мэтай педагог выкарыстоўвае сучасныя сродкі навучання, як ён распараджаецца імі, колькі часу па рабоце з гэтымі рэсурсамі ён плануе задзейнічаць у вучэбным працэсе. Выкарыстанне ІКТ — гэта не самамэта. Сродкі ІКТ павінны выкарыстоўвацца для фарміравання ўменняў навучэнцаў па рабоце з інфармацыяй, для адбору і аналізу інфармацыйных рэсурсаў і інш. Школьнікі вучацца выказваць свае меркаванні, працаваць разам у камандзе, не проста спажываць гатовую інфармацыю, але і ствараць на яе аснове штосьці новае пад кіраўніцтвам настаўніка.

— На ваш погляд, што такое сучасны ўрок з выкарыстаннем ІКТ?
— Улічваючы непрапрацаванасць гэтага пытання ў плане методыкі выкладання, пэўных спецыфічных асаблівасцей такога ўрока, на занятках з педагогамі мы вядзём гаворку пра тое, як у традыцыйны ўрок уключыць сучасныя сродкі інфармацыйных тэхналогій. Таму, на маю думку, урок з выкарыстаннем ІКТ — гэта перш за ўсё метадычна граматна выбудаваны ўрок з рацыянальным выкарыстаннем сучасных тэхнічных сродкаў навучання для дасягнення адукацыйнага выніку, абазначанага ў вучэбнай праграме.

— Якія ўмовы павінны выконвацца для прымянення ці адмовы ад прымянення ІКТ на ўроку?
— Калі карыстацца самым прымітыўным аналізам вучэбных заняткаў, то першы аспект, безумоўна, гэта захаванне норм СанПіНаў. Мы гаворым пра тое, што ў адпаведнасці з рэгламентам трэба праводзіць не больш за адны заняткі ў дзень у адным класе ў пачатковай школе. І калі ў адным і тым жа класе вядуць урокі розныя спецыялісты, напрыклад, настаўнік замежнай мовы і настаўнік музыкі, то ім трэба ўзгадняць свае дзеянні, і намесніку дырэктара метадычна правільна складаць расклад, бо ў адваротным выпадку мы можам мець адмоўны эфект — якімі б ні былі цікавымі заняткі з выкарыстаннем ІКТ, але калі іх замнога, то яны стамляюць.
Другі момант — мэтазгоднасць выкарыстання сродкаў ІКТ. Калі, напрыклад, я — настаўнік, маю вопыт работы ў школе і бачу, што той ці іншы ўрок можна правесці з тым жа самым вынікам без выкарыстання, напрыклад, праектара ці інтэрактыўнай дошкі, то, адпаведна, выбар гэтага тэхнічнага сродку навучання зусім неапраўданы. Вельмі часта педагогі робяць так: у падручніку ёсць тэкст практыкавання, яны пераносяць яго ў лічбавую форму, праецыруюць на экран, і навучэнцы працуюць з выявай на экране. Тады ўзнікае пытанне: навошта патрэбны вучэбны дапаможнік? Такім чынам, сродкі ІКТ павінны выкарыстоўвацца там, дзе яны сапраўды неабходны, дзе ёсць патрэба дадаткова візуалізаваць пэўны матэрыял альбо паказаць якую-небудзь мадэль на канкрэтным прыкладзе. Напрыклад, калі вывучаецца склад слова, дзецям можна на экране наглядна прадэманстраваць, што адбываецца, калі злучаюцца часткі слова, як паводзяць сябе на стыку марфем пэўныя галосныя або зычныя. Калі я дасягаю эфекту хутчэй: яркі, наглядны матэрыял добра ўспрымаецца і запамінаецца дзецьмі на больш працяглы час, тады мае сэнс выкарыстанне ІКТ.

— Якія фактары настаўнік павінен улічваць пры праектаванні ўрока?
— Пад праектаваннем урока з выкарыстаннем ІКТ маецца на ўвазе аналіз вучэбнага працэсу і выпрацоўка на аснове такога аналізу патрабаванняў да тэхнічнага і праграмнага забеспячэння, якое будзе выкарыстоўвацца падчас урока. У першую чаргу настаўнік павінен ацаніць сваю асабістую гатоўнасць да выкарыстання сучаснай тэхнікі на ўроку, бо калі ён няўпэўнена валодае камп’ютарам, то феерычнага выкарыстання не атрымаецца. Педагог самастойна павінен умець вырашаць праблемы, якія могуць узнікнуць з тэхнікай. Немагчыма ва ўстановах адукацыі да кожнага настаўніка прыставіць тэхнічнага спецыяліста. Настаўнік павінен ведаць элементарныя праграмы, якія дазволяць яму дабіцца максімальнага выніку (паказаць прэзентацыю, запусціць мультфільм).
Пры прадумванні асновы будучага ўрока трэба ўлічыць такія фактары, як колькасны склад вучэбнай групы, гігіенічныя патрабаванні да работы навучэнцаў за камп’ютарам, узровень падрыхтоўкі класа. Важна ўлічыць, ці з’яўляецца клас аднародным ці рознаўзроўневым. Калі клас неаднародны па здольнасці да засваення матэрыялу, то звычайна выдзяляюць тры падгрупы: моцныя, сярэднія, слабыя. Пры падрыхтоўцы да ўрока трэба асобна прадумаць вучэбныя задачы для навучэнцаў кожнай з падгруп.
Важна таксама ўлічваць і гатоўнасць дзяцей да работы з тэхнічнымі прыладамі. Калі настаўнік выкарыстоўвае сучасную тэхніку ў дэманстрацыйным рэжыме — гэта адно, калі ён плануе, што навучэнцы самі будуць працаваць за камп’ютарамі, то, адпаведна, у дзяцей павінны быць сфарміраваны пэўныя ўменні. Уяўленне пра тое, што дзеці з трохгадовага ўзросту ўсё ведаюць, інтуітыўна ўсё разумеюць і іх не трэба нічому вучыць, памылковае. Вучэбныя праграмы, якія ствараюцца для асваення пэўнага прадметнага зместу, маю ць сваю спецыфіку, і гэтай спецыфіцы дзяцей таксама трэба вучыць, каб яны разумелі, дзе кнопкі кіравання, што значаць паняцці “рабочы стол”, “алгарытм дзеянняў” і г.д. Ад таго, наколькі навучэнцы добра ведаюць прыёмы работы з камп’ютарнымі праграмамі, з мышшу і клавіятурай, залежыць тэмп і ў выніку поспех урока. Праграма ўступае ў дыялог з кожным навучэнцам, прычым інтэлектуальны ўзровень гэтага дыялогу задаецца настаўнікам і праграмай, а тэмп і сэнсавыя акцэнты — навучэнцам.
І, безумоўна, настаўнік павінен прааналізаваць вучэбны матэрыял і зразумець, на якім этапе ўрока максімальна будзе дасягнуты эфект ад выкарыстання сродкаў ІКТ. Калі ён хоча інтэнсіфікаваць працэс навучання — у вельмі сціслай кампактнай форме правесці вусны лік, тады ён можа запусціць праграму-трэнажор, якая задае тэмп работы, і з дзецьмі хутка адпрацоўваецца тое ці іншае ўменне. Калі педагог хоча праверыць дамашняе заданне ў франтальным рэжыме, то дэманструе правільна выкананае дамашняе заданне і потым арганізуе ў класе самаправерку альбо ўзаемаправерку.
Вельмі часта нашы педагогі думаюць, што калі яны маюць першасныя навыкі работы з камп’ютарам, то ўжо з’яўляюцца прасунутымі карыстальнікамі і могуць карыстацца інтэрнэтам, сацыяльнымі сеткамі, арганізаваць работу з імі і вучняў у класе. І калі мы пачынаем працаваць з педагогамі ў аўдыторыі, то бачым, што гэты напрамак работы пакідае жадаць лепшага. Адна з задач настаўніка, калі ён жадае, каб вучні папрацавалі ў сетцы, — гэта абмежаванне іх пераходаў па разнастайных сайтах. Педагог можа сфарміраваць свой карыстальніцкі пошук на пэўны запыт і прапанаваць навучэнцам шукаць патрэбную інфармацыю ва ўжо адабраных спасылках і матэрыялах, тым самым думаючы пра бяспеку дзіцяці ў сетцы.

— Ірына Мікалаеўна, раскажыце, калі ласка, пра асноўныя падыходы да арганізацыі франтальнай і групавой форм работы на ўроку з камп’ютарнай падтрымкай.
— Для рэалізацыі франтальнай формы навучання на ўроку можна выкарыстоўваць як адзін камп’ютар ці ноўтбук настаўніка, так і ўсе камп’ютары ў камп’ютарным класе або асабістыя камп’ютары навучэнцаў. Пры выкарыстанні толькі аднаго настаўніцкага камп’ютара гаворка ідзе аб арганізацыі ўрока дэманстрацыйнага тыпу, на якім камп’ютар выкарыстоўваецца ў якасці электроннай дошкі.
Гэты варыянт камп’ютарнай падтрымкі дазваляе камфортна суправаджаць наглядным матэрыялам урок тлумачэння новага матэрыялу, а таксама ўрок паўтарэння і замацавання раней вывучанага. Пры гэтым настаўніцкі камп’ютар можа выкарыстоўвацца не толькі ў рэжыме дэманстрацыі, але і ў рэжыме “выкліку” да яго навучэнцаў для выканання каманд, прадугледжаных электронным сродкам навучання. У якасці праграмнага забеспячэння такога ўрока мэтазгодна выкарыстоўваць матэрыялы гатовых прадметна арыентаваных ЭСН па рускай мове, літаратурным чытанні, матэматыцы, якія змяшчаюць вялікі аб’ём фота-, відэа-, аўдыяматэрыялаў, інтэрактыўных трэнажораў і практыкаванняў, ілюстрацый і інш., а таксама прэзентацый, створаных настаўнікам.
Скарыстацца адным персанальным камп’ютарам і праектарам у класе мэтазгодна ў тым выпадку, калі не прадугледжана самастойная работа навучэнцаў альбо плануецца камп’ютарная дэманстрацыя для ілюстрацыі матэрыялу, які вывучаецца, ці прадстаўленне вынікаў праектнай ці даследчай дзейнасці.
Пры арганізацыі франтальнай работы з класам з выкарыстаннем усяго парка камп’ютараў выкарыстоўваецца тэхналогія перадачы інфармацыі па лакальнай сетцы. Пры гэтым змест экрана камп’ютара настаўніка трансліруецца на экраны камп’ютараў навучэнцаў. Пры такім камп’ютарным суправаджэнні ўрокаў вельмі важна выкарыстоўваць магчымасці праграмы кіравання класам, напрыклад, Classroom Management, з мэтай аказання метадычнай дапамогі ў асваенні вучэбнага матэрыялу, які прад’яўляецца камп’ютарам, ажыццяўлення своечасовага кантролю за дзеяннямі навучэнцаў, арганізацыі сеткавага ўзаемадзеяння школьнікаў.
Для групавой формы навучання з камп’ютарнай падтрымкай урока варта выкарыстоўваць камп’ютары навучэнцаў, падключаныя да камп’ютара настаўніка, які можа выконваць ролю сервера. Навучэнцы класа ў такім выпадку размяркоўваюцца па групах, якім прадастаўляецца доступ да разнастайных інфармацыйных рэсурсаў. Такі варыянт камп’ютарнай падтрымкі дазваляе камфортна суправаджаць наглядным матэрыялам творчыя групы навучэнцаў і эфектыўна выкарыстоўваць навучанне па метадзе праектаў, арганізаваць індывідуальнае навучанне, навучанне ў малых групах. Пры гэтым работа за камп’ютарам у групе павінна рэгулявацца настаўнікам такім чынам, каб ад зін навучэнец выконваў сваю работу на камп’ютары не больш за 7—10 хвілін, а навучэнцы групы ў гэты час выконвалі “бескамп’ютарную” частку работы.
Правядзенне ўрока з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій патрабуе ад настаўніка вялізнай падрыхтоўчай работы, займае многа часу, але ўсе выдаткі акупляюцца вынікамі — эфектыўнасцю навучання, стварэннем матывацыі да вучобы.

— Як ацаніць эфектыўнасць выкарыстання ІКТ на ўроку?
— Канструяванне ўрока з выкарыстаннем новых інфармацыйных тэхналогій патрабуе захавання вядомых дыдактычных прынцыпаў і навукова-метадычных палажэнняў, якія напаўняюцца новым зместам пры выкарыстанні ІКТ. Для таго, каб выкарыстанне электронных адукацыйных рэсурсаў сапраўды павышала эфектыўнасць адукацыйнага працэсу, акрамя традыцыйных метадычных патрабаванняў, неабходна прытрымлівацца і шэрага спецыфічных правіл, якія адносяцца менавіта да электроннага прадукту.
Сярод крытэрыяў метадычнай ацэнкі ўрока з прымяненнем ІКТ можна назваць, па-першае, метадычнае забеспячэнне і мэтазгоднасць выкарыстання сродкаў ІКТ у працэсе ўрока (служаць актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, садзейнічаюць вырашэнню дыдактычных задач урока і дасягненню мэты ўрока); па-другое, захаванне асноўных дыдактычных прынцыпаў навучання: сістэмнасць і паслядоўнасць, даступнасць, праблемнасць, нагляднасць і г.д. Па-трэцяе, тып методыкі выкарыстання ІКТ на этапах урока: ЭАР выкарыстоўваецца як крыніца дадатковай інфармацыі, прымяняецца як адаптаваная альбо аўтарская методыка выкарыстання сродкаў ІКТ.
Работа і паводзіны навучэнцаў на ўроку таксама з’яўляюцца важнымі складнікамі комплекснага аналізу ўрока з прымяненнем ІКТ. Пры ацэнцы неабходна вызначыць, як выкарыстанне камп’ютарнай тэхнікі адлюстроўваецца на актыўнасці навучэнцаў, іх працаздольнасці на розных этапах урока, як рэалізуецца самастойная дзейнасць, ці ёсць магчымасць рэалізацыі асобасна арыентаванага падыходу да навучання.
Асаблівая ўвага на ўроку з прымяненнем ІКТ павінна ўдзяляцца здароўезберагальным тэхналогіям. Пры аналізе неабходна ўлічваць захаванне як тэхнічных, санітарна-гігіенічных, так і эрганамічных патрабаванняў да ўрока. Правядзенне фізкультхвілінак, зарадкі для вачэй на такіх уроках з’яўляецца абавязковым.
Уплыў выкарыстання ІКТ на выніковасць навучання непасрэдна звязаны з ацэнкай ступені навучання школьніка (чаму і ў якой ступені навучыліся), выхавальнага (што і ў якой ступені садзейнічала выхаванню навучэнцаў падчас урока), развіццёвага (што і ў якой ступені садзейнічала іх развіццю) уздзеянняў праведзенага ўрока. Неабходна прааналізаваць і тое, як выкарыстанне тэхнікі садзейнічала эфектыўнаму замацаванню матэрыялу і аператыўнаму кантролю ведаў навучэнцаў і, як вынік, павышэнню якасці адукацыі.
Дадатковыя крытэрыі ацэнкі ўрока — інтэрактыўнасць прапанаванага рэсурсу, ступень самастойнасці работы навучэнцаў пры рабоце з камп’ютарам, ступень самастойнасці педагога пры рабоце з ІКТ і г.д.

— Ірына Мікалаеўна, нядаўна ў Нацыянальным інстытуце адукацыі завяршыўся рэспубліканскі семінар “Праектаванне ўрока з камп’ютарнай падтрымкай на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Раскажыце пра яго, калі ласка.
— Так, сапраўды, нядаўна ў інстытуце завяршыўся вочна-дыстанцыйны семінар, які быў арганізаваны з мэтай навучыць педагогаў складаць дыдактычныя вучэбныя матэрыялы, выкарыстоўваючы сродкі ІКТ, навучыць убудоўваць гэтыя сродкі ў традыцыйны ўрок, дапамагчы настаўнікам знайсці месца ЭАР у агульнай структуры ўрока.
У першую чаргу мы абмяркоўвалі з настаўнікамі сродкі ІКТ, якія могуць быць выкарыстаны ў адукацыйным працэсе, — гэта тыпалогія электронных сродкаў навучання па метадычным прызначэнні, разглядаліся пытанні захавання санітарна-гігіенічных норм да арганізацыі ўрокаў, бяспекі работы ў сетцы інтэрнэт. Асаблівая ўвага была звернута на праектаванне ўрока з выкарыстаннем ІКТ. У інтэрактыўным рэжыме мы абмяркоўвалі, на якіх этапах больш за ўсё прадукцыйна выкарыстоўваць гэтыя тэхналогіі, якія сродкі прыцягваць для гэтага, якія вучэбныя матэрыялы педагог можа зрабіць сам (тэст, прэзентацыя, інтэрактыўныя крыжаванкі, сумесны плакат і г.д.). Гэта было ў вочнай частцы, а потым мы прапанавалі педагогам папрацаваць дыстанцыйна. І асноўная мэта гэтага аддаленага ўзаемадзеяння — больш глыбокае вывучэнне асноўных паняццяў: што такое ўрок з выкарыстаннем ІКТ, якія этапы могуць быць рэалізаваны з камп’ютарнай падтрымкай, якія віды вучэбных матэрыялаў можна выкарыстоўваць, якія віды дзейнасці можна арганізаваць з дапамогай камп’ютара ў навучэнцаў. Педагогі стваралі ўласныя дыдактычныя матэрыялы да ўрокаў з дапамогай сэрвісаў вэб 2.0, што дазволіла ім рэалізаваць свае задумкі і прадставіць матэрыял у нестандартнай форме, у выглядзе гульнявога задання, трэнажора, тэста і г.д.
А потым мы прапанавалі педагогам сканструяваць свае ўласныя вучэбныя заняткі альбо іх фрагмент, выкарыстоўваючы тыя практыкаванні, якія яны ўжо падрыхтавалі. Былі прааналізаваны ўдалыя і не зусім удалыя ўрокі розных педагогаў. Нам было важна даведацца: ці разумее настаўнік неабходнасць выкарыстання гэтых сродкаў навучання. Настаўнікі прапанавалі добрыя канспекты ўрокаў, і самае галоўнае, група, якая пачала працаваць у сетцы, згуртавалася, педагогі дапамагалі адно аднаму. А гэта яшчэ адна форма ўзаемадзеяння з навучэнцамі. Нам было важна паказаць педагогам, што калі яны абяруць для сябе сеткавую форму ўзаемадзеяння з дзецьмі, то павінны пастаянна быць на сувязі, своечасова рэагаваць на запыты, пытанні, цяжкасці, каб інтарэс дзіцяці не згас і не згубіўся. І мы настройваем настаўнікаў на тое, каб яны будавалі свае сеткавыя супольнасці, а не выкарыстоўвалі адкрытыя, тым самым абмяжоўвалі кола зносін унутры класа і падключалі туды бацькоў, педагогаў-прадметнікаў.

— Пры ўмелым выкарыстанні ІКТ ці зменіцца парадыгма адукацыі?
— Думаю, гаварыць пра гэта пакуль яшчэ рана. Сёння думаць трэба пра тое, што, жывучы ў інфармацыйным грамадстве, маючы мноства інфармацыйных патокаў, мы не можам не вучыць дзяцей жыць у гэтым грамадстве, працаваць з інфармацыяй, крытычна яе ацэньваць, супрацоўнічаць, не баяцца вылучаць пэўныя гіпотэзы, няхай нават памылковыя, — адным словам, вучыць дзяцей навыкам ХХІ стагоддзя.

— Вялікі дзякуй за размову!

 

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.