ЦВК не выключае правядзення экзітполаў

- 11:10Выбары 2015

Кіраўнік ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына не выключае правядзення экзітполаў на маючых адбыцца выбарах кіраўніка дзяржавы. Аб гэтым яна паведаміла ў час анлайн-трансляцыі інтэрнэт-тэлебачання “СБ. Беларусь сегодня”.

На пытанне аб тым, ці плануецца правядзенне экзітполаў на выбарах Прэзідэнта 11 кастрычніка, Лідзія Ярмошына адказала, што гэта цалкам магчыма. “Цэнтральная камісія не заказвае правядзенне экзітполаў, мы наогул у гэта не ўмешваемся. Любая структура, у тым ліку міжнародная, калі яна звернецца ў адпаведную камісію пры Акадэміі навук і атрымае пры гэтым акрэдытацыю, можа праводзіць у дзень выбараў экзітпол”, – растлумачыла яна.
Гаворачы аб акрэдытацыі журналістаў для работы ў інфармацыйным цэнтры “Выбары-2015” (будзе працаваць у Палацы Рэспублікі 10-12 кастрычніка), старшыня ЦВК нагадала, што для прадстаўнікоў беларускіх СМІ, якія хочуць прысутнічаць на мерапрыемствах, доступ у інфацэнтр будзе ажыццяўляцца па акрэдытацыйных пасведчаннях, выдадзеных Нацыянальным прэс-цэнтрам, а таксама дакументах, якія засведчваюць асобу. Для замежных журналістаў – па акрэдытацыйных пасведчаннях, выдадзеных МЗС, і пасведчанні асобы. Што датычыцца замежных наглядальнікаў, ім неабходна мець пры сабе пасведчанне, выдадзенае ЦВК, і пасведчанне асобы.
Лідзія Яромошына паведаміла, што цэнтральная выбарчая камісія Беларусі акрэдытавала больш як 90 міжнародных наглядальнікаў для маніторынгу прэзідэнцкіх выбараў.
“На гэты час у Цэнтральную камісію пададзены анкеты і ўжо акрэдытаваны больш як 90 міжнародных наглядальнікаў – прыкладна аднолькавая колькасць з боку СНД і АБСЕ. Кожная з місій абяцае яшчэ недзе па 400 кароткатэрміновых наглядальнікаў”, – адзначыла Лідзія Ярмошына. Яна таксама дадала, што заўтра ў яе запланавана сустрэча з кіраўніком місіі наглядальнікаў БДІПЧ АБСЕ французскім дыпламатам Жакам Форам.
Гаворачы аб краінах, прадстаўнікі якіх увойдуць у склад місіі АБСЕ, Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што гэта арганізацыя самастойна набірае наглядальнікаў і ёсць пэўная квота на кожную дзяржаву. “Мы прымем усіх, на каго будуць прадстаўлены анкеты”, – запэўніла яна.
Увогуле, паводле слоў старшыні ЦВК, наглядальнікаў на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі будзе больш, паколькі Цэнтрвыбаркам запрашае калег з іншых краін, і яны прыязджаюць у краіну самастойна. “Мы запрасілі Украіну, пакуль яна маўчыць. Але ў іх там мясцовыя выбары”, – нагадала Лідзія Ярмошына.
Грамадзяне Беларусі на выбарах могуць прагаласаваць толькі па месцы рэгістрацыі, паведаміла таксама ў час анлайн-трансляцыі інтэрнэт-тэлебачання “СБ. Беларусь сегодня” кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі.
“У нас няма ніякіх адмацавальных талонаў, грамадзяне галасуюць толькі па месцы рэгістрацыі – пастаяннай або часовай. Таму калі вас не будзе ў дзень выбараў у Мінску, усё ж такі трэба скарыстацца правам на датэрміновае галасаванне і пры гэтым прагаласаваць па месцы жыхарства”, – нагадала Лідзія Ярмошына.
Паводле яе слоў, немагчымасць галасавання ў іншым рэгіёне і дзень выбараў тлумачыцца тым, што ў краіне пакуль не распрацаваны электронная база і адзіны рэгістр выбаршчыкаў. “Адразу магу сказаць: у той жа Латвіі наогул няма ніякіх спісаў выбаршчыкаў. Там выбаршчык з пашпартам можа прагаласаваць на любым участку, пры гэтым у пашпарт ставіцца спецыяльны маленькі штамп. Вам гэта трэба, каб у вас пашпарт быў праштампаваны? У нас жа пашпарт да ста гадоў выдаецца, неяк мнагавата атрымаецца”, – заўважыла Лідзія Ярмошына.
Яна таксама дадала, што з пункту гледжання займаемай тэрыторыі Беларусь невялікая краіна, і пры жаданні выбаршчык можа нават у дзень выбараў дабрацца да свайго ўчастка для галасавання.
Кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына не лічыць магчымасць самастойнага фарміравання асабістых фінансавых фондаў кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта “барацьбой кашалькоў”. Аб гэтым яна таксама заявіла ў час анлайн-трансляцыі.
“Якая “барацьба кашалькоў”, калі максімальны фонд у нас на гэты момант ужо (з улікам росту долара) меншы за сто тысяч долараў? Каго можна на гэту суму купіць? Напэўна, толькі аўтамабіль кандыдата ў прэзідэнты, і тое не самы дарагі”, – заўважыла Лідзія Ярмошына.
Яна звярнула ўвагу, што, напрыклад, у тым жа Кыргызстане кандыдату ў прэзідэнты можна ствараць выбарчы фонд да $2,5 млн. “У нас сума дазволена ў межах 9 тыс. базавых велічынь (цяпер гэта Br1 млрд 620 млн), прычым ад юрыдычнай асобы можа паступіць не больш за 50 базавых велічынь (гэта значыць, максімум – Br9 млн), а ад фізічнай асобы – 20 базавых велічынь (Br3,6 млн). Гэта зроблена для таго, каб адна і тая ж асоба не скупіла ў корані кандыдата. Прычым сам кандыдат можа ў свой выбарчы фонд унесці ўсе грошы”, – нагадала старшыня ЦВК.
Паводле яе слоў, ідэя з фарміраваннем асабістага фінансавага фонду яшчэ сябе не зарэкамендавала з-за сваёй навізны. “І пакуль мы ўсе, на жаль, цудоўна разумеем, што па-ранейшаму пры фінансаванні выбараў выкарыстоўваюцца шэрыя схемы – грошы, не ўлічаныя ні ў якім фондзе”, – заўважыла яна.
Цяпер на асабістых рахунках патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі лічацца адносна невялікія сумы (не больш за Br13 млн), аднак, паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, гэта сітуацыя зменіцца пасля таго, як яны пройдуць рэгістрацыю ЦВК. “Цяпер проста людзі не рызыкуюць укладваць грошы. Пасля таго як іх зарэгіструюць (кандыдатамі. – Заўвага БелТА.), я думаю, сродкі пойдуць, і як мінімум тры з пяці кандыдатаў фонды сфарміруюць у максімальным памеры”, – лічыць яна.