Творчае лета

- 15:20Нам пішуць

Навучыць наладжваць зносіны з аднагодкамі, арганізоўваць вольны час найлепшым чынам дапамагае летні профільны аздараўленчы лагер. Менавіта такі лагер адкрыты з 4 чэрвеня ў сярэдняй школе № 4 Ваўкавыска. Сёлета яго ўдзельнікамі сталі 160 вучняў з 1—7 класаў. Работа ў лагеры арганізавана па праекце “Музычная вясёлка”. Для школы з музычна-мастацкім ухілам такі праект — проста знаходка. Дзякуючы умеламу падбору мерапрыемстваў таленавітыя дзеці маюць магчымасць не толькі адпачыць, але і праявіць свае здольнасці.

Арганізацыя работы штодзённых заняткаў па інтарэсах “Жывапіс і графіка”, “Умелыя ручкі”, “Камп’ютарная графіка”, “Майстрынка”, “Агульная фізічная падрыхтоўка”, “Эстрадныя спевы”, аб’яднанне па інтарэсах псіхалагічнага кірунку “Развіваемся гуляючы” дае шмат магчымасцей для кожнага дзіцяці. У лагер залічаны дзеці з праблемных сям’яў, з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Педагог-псіхолаг і сацыяльны педагог маюць магчымасць папрацаваць з такімі дзецьмі, аказаць дапамогу, скарэкціраваць работу выхавальнікаў з імі, дапамагчы сацыялізацыі дзяцей, якія маюць праблемы ў зносінах з аднагодкамі.

План марапрыемстваў насычаны рознымі тэматычнымі днямі: дзень казак, дзень дзяўчынак, дзень хлопчыкаў, дзень роднай зямлі, дзень цацкі і гульні, дзень рэкордаў, дзень экалогіі, дзень міру і памяці і г.д.
Усе атрады наведвалі розныя імпрэзы ва ўстановах дадатковай адукацыі: у Доме тэхнічнай творчасці, у эколага-біялагічным цэнтры; наведвалі кінатэатр, прымалі артыстаў з Дома культуры з конкурснай праграмай “Фіксікі запрашаюць”.

Першы тыдзень запомніўся творчым настроем: прэзентацыя лагера, адкрыццё змены, конкурс талентаў, выстава захапленняў “Мая калекцыя”. Дзеці паказалі акцёрскія, вакальныя, мастацкія, танцавальныя здольнасці, а таксама бліжэй пазнаёміліся адно з адным у атрадных калектывах.

Дзеці з задавальненнем кожны дзень спяшаюцца ў лагер, значыць, работа арганізавана з душой і з улікам дзіцячых інтарэсаў.

Алена ДАМБРОЎСКАЯ,
педагог-арганізатар летняга профільнага аздараўленчага лагера “Непаседы”
сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска.