Творчасць ва ўсім: чаму дзіцячы сад № 68 Брэста — адна з адметных дашкольных устаноў горада

- 12:29Образование

Дзіцячы сад № 68 Брэста — адна з адметных дашкольных устаноў горада, якая абавязана сваім высокім іміджам творчаму калектыву педагогаў на чале з загадчыцай Ганнай Ахрымук. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Будуючы работу, мы зыходзім з таго, што толькі сумеснымі намаганнямі выхавальнікаў, бацькоў і сацыяльных партнёраў зможам дасягнуць станоўчых вынікаў, — гаворыць Ганна Віктараўна. — У бягучым навучальным годзе педкалектыў працуе над развіццём у малышоў пазнавальнай цікавасці, матэматычных і інтэлектуальных здольнасцей з дапамогай сучасных тэхналогій (праектнай дзейнасці), а таксама мастацка-маўленчых навыкаў і камунікатыўнай функцыі маўлення праз мастацкае слова. Паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы дапамагаюць высокакваліфікаваныя кад­ры, з якіх 62% маюць вышэйшую адукацыю. Многія педагогі шчыруюць ва ўстанове больш за 10 гадоў.

Шмат часу ўдзяляецца прадметна-развіццёваму асяроддзю, якое дазваляе паспяхова спраўляцца з рознымі адукацыйнымі задачамі. У групах абсталяваны цэнтры актыўнасці: сюжэтна-ролевых гульняў “Супермаркет” і “Салон прыгажосці”, мастацкай творчасці “Я — мастак”, канструявання і руху “Горад будучыні”, фізічнага развіцця, мастацка-тэатральнай дзейнасці “Мы — артысты”, экалагічны і сенсаматорны цэнтры. 

Асаблівая ўвага — адаптыўнаму адукацыйнаму асяроддзю ў спецыяльных групах. Ва ўстанове назапашаны эфектыўны вопыт работы з іх выхаванцамі. За доўгі час педагогі сабралі багаты наглядны дыдактычны матэрыял, распрацавалі і актыўна выкарыстоўваюць для пашырэння пазнавальных магчымасцей дзяцей розныя вучэбныя дапаможнікі.

У сваёй шматгадовай дзейнасці выхавальніца спецыяльнай групы Іна Міхайлаўна Лацэвіч аддае перавагу кінезіялагічным практыкаванням, якія не толькі развіваюць маўленне, але і ўмацоўваюць дробную маторыку рук. У карэкцыйнай рабоце пе­дагог практыкуе пальчыкавы і пальчаткавы тэатр, тэатр ценяў, бібабо, тэатр медальёнаў, масак і марыянетак, а таксама тэатр на дэкаратыўным пано, лапатках, лыжках, магнітах і інш.

У тандэме з вопытнай калегай творча арганізоўвае заняткі настаўнік-дэфектолаг Вольга Фёдараўна Панотчык. Стымуля­ваць і актывізаваць дзіцячае маўленне і мысленне ў розных відах дзейнасці, павышаць ціка­васць да пісьма дапамагаюць аўтарскія шматфункцыянальныя дапаможнікі “Здагадайся, хто там?” і “Гукавы паравозік”.

Вольга Панотчык распрацоўвае дапаможнікі для дзяцей ва ўзросце ад 3 да 7 гадоў з цяжкімі парушэннямі маўлення. Такому ўзросту, як вядома, уласціва няўстойлівая ўвага. Настаўнік-дэфектолаг будуе работу з улікам індывідуальных і ўзроставых асаб­лівасцей выхаванцаў, актыўна ўкараняе здароўезберагальныя тэхнікі і су-джок тэрапію, якая падчас фізкультхвілінак добра актывізуе псіхічныя працэсы.

Вольга Фёдараўна звяртаецца таксама да прыёмаў біяэнергапластыкі. Дзякуючы ім, актывізуецца натуральнае размеркаванне біяэнергіі ў арганізме. Такім чынам ствараюцца перадумовы для развіцця рухаў і дробнай маторыкі, адвольных паводзін, увагі, памяці і іншых псіхічных працэсаў, неабходных для далейшай паўнацэннай вучэбнай дзейнасці.

Па словах Ганны Ахрымук, адаптыўная прастора адыгрывае важную ролю не толькі ў маўленчым і асобасным развіцці дзяцей з АПФР, але і ў іх сацыялізацыі, на што накіравана і работа тэатральна-музычнай студыі “Кенгуру” пад кіраўніцтвам крэатыўных педагогаў — маладой выхавальніцы Веранікі Аляксандраўны Бурвіной і яе старэйшай калегі музычнага кіраўніка Жанны Сяргееўны Дзенісюк, аднолькава захопленых тэатрам. Студыя ўзнікла дзякуючы праекту па ўзаемадзеянні з бацькамі ў развіцці маўленчых і творчых здольнасцей дашкольнікаў сродкамі тэатральна-гульнявой дзейнасці. Вялікая падрыхтоўчая работа згуртоўвае ўсіх у развучванні тэкстаў, вырабе рэквізітаў, касцюмаў і дэкарацый.

“Кенгуру” — гэта сімбіёз музыкі, тэатра, выяўленчага мастацтва і дызайну. Тут кожны можа праявіць сябе. Вераніка Аляксанд­раўна піша сцэнарыі, якія арыгінальна ўва­сабляе разам з Жаннай Сяргееўнай. На іх рахунку шмат цікавых пастановак, у тым ліку з дарослымі, паводле вядомых казак (“Брэменскія музыканты”, “Золушка”, “Кот у ботах”, “Дурное мышаня”), фальклорных абрадаў і свят, батлейкі “Цуд для Машы”. Іх гледачамі з’яўляюцца не толькі бацькі, але і выхаванцы гарадскога СПЦ.

Ва ўстанове выдатна разумеюць, што забяспечыць высокую якасць адука­цыйнага працэсу немагчыма без высока­прафесійнага калектыву актыўных і неабыякавых педагогаў. У рабоце з імі выкарыстоўваюцца розныя формы павышэння кампетэнтнасці. Так, сталі традыцыйнымі тэматычныя тыдні прафмайстэрства (“Экалагічны калейдаскоп”, “Маўленчая мазаіка”, “Творчасць ва ўсім”), майстар-класы, творчыя майстэрні, узаеманаведванні заняткаў, якія вылучаюцца нефармальным падыходам. Падчас іх правядзення вопытныя педагогі сістэматызуюць эфектыўны вопыт, адточваюць прафесійныя ўменні і навыкі, а маладыя набываюць карысныя веды і атрымліваюць адказы на розныя пытанні.

Вынікам праекта па развіцці станоўчых асобасных якасцей выхаванцаў сярэдніх і старшых груп шляхам тэатральна-гульнявой дзейнасці стала пастаноўка “Пад покрывам”, па матывах сюжэта якой створаны мультфільм.

Акрамя таго, праводзяцца выставы-прэзентацыі “Я ўмею так” і семінар “Мае поспехі”. У рамках школы пачынаючага выхавальніка ладзяцца круглы стол “Праблемы. Пошукі. Знаходкі” і педгасцёўня “З чаго па­чаць?”. Гэта добра матывуе выхавальнікаў без профільнай адукацыі да перападрыхтоўкі па спецыяльнасці “Педагогіка дзяцінства”, дапамагае замацаваць маладыя кадры і стварыць умовы для іх самарэалізацыі. Так, Вераніка Бурвіна ў рамках конкурсу “Бяспечнае дзяцінства” распрацавала шматфунк­цыянальны дапаможнік “Куфэрак для ўсіх”, які могуць выкарыстоўваць педагогі і бацькі для развіцця ў дзяцей пазнавальнай ціка­васці да навакольнай рэчаіснасці. Дапаможнік атрымаў высокую ацэнку калег. 

Актыўна працуе ва ўстанове творчая група “Увасабленне”, куды ўваходзяць адміністрацыя, маладыя і вопытныя педагогі. Вынікам іх работы з’яўляюцца шматлікія творчыя знаходкі і ідэі, якія знайшлі адлюстраванне ў розных конкурсах і выставах.

Мы актыўна ўкараняем у педагагічную практыку сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, — расказвае Ганна Ахрымук. — Вынікам праекта па развіцці станоўчых асобасных якасцей выхаванцаў сярэдніх і старшых груп шляхам тэатральна-гульнявой дзейнасці стала пастаноўка “Пад покрывам”, па матывах сюжэта якой выхавальніца Наталля Юр’еўна Сацінава разам з дзецьмі стварыла цікавы мультфільм.

У безумоўным прыярытэце — здароўе­зберажэнне. Сістэма фізкультурна-аздараўленчай работы ўключае розныя мерапрыемствы. Малады кіраўнік фізвыхавання Аліна Аляксандраўна Пінчук умее зацікавіць дзяцей фізічнымі практыкаваннямі з трэнажорамі, дарожкамі здароўя і фітболамі, а таксама фітнесам. У спартыўных святах актыўна ўдзельнічаюць мамы і таты, алімпійскія чэмпіёны. 

Цеснае ўзаемадзеянне з бацькамі выхаванцаў дазваляе аператыўна выра­шаць розныя пытанні, — адзначае Ганна Ахрымук. — Вялікай папулярнасцю карыстаецца акаўнт дзіцячага сада ў Instagram, які на­лічвае 222 падпісчыкі. Да ўвагі мам і татаў — гадавы план работы ўстановы, свежыя навіны і падзеі, фотасправаздачы конкурсаў і спектакляў, рэкамендацыі і парады спе­цыялістаў.

Дзякуючы праекту па добраўпарадкаванні тэрыторыі “Вырошчваем і ствараем будучыню разам”, у якім былі задзейнічаны бацькі і ААТ “Палессежылбуд”, удалося істотна ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы, якая здалёк прыцягвае ўвагу пышнымі кветнікамі і дагледжанымі газонамі, ландшафтнымі кампазіцыямі і малымі архітэктурнымі формамі, гульнявымі і фотазонамі, акуратнымі дарожкамі і спартыўнымі пляцоўкамі.

Ганна Ахрымук можа бясконца пера­лічваць не толькі перспектывы развіцця дзіцячага сада, але і дасягненні педагогаў і выхаванцаў у розных конкурсах і праектах: “Энергія і асяроддзе пражывання”, “Энергамарафон”, “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”, “Наш горад Брэст”, “Фарбы Брэста”, “Больш цудоўнай стане Брэстчына мая”, “Сонца ў кожным” і інш. Вучэбна-метадычныя распрацоўкі і аўтарскія дапаможнікі выхавальнікаў адзначаны на рэспуб­ліканскім узроўні. 

Педагогі ўстановы працуюць натхнёна, мэтанакіравана і вынікова. І спыняцца на дасягнутым яны не збіраюцца, кіруючыся ў рабоце словамі Канстанціна Станіслаўскага: “Цяжкае трэба зрабіць звыклым, ­звыклае — лёгкім, лёгкае — простым”. А дапамагаюць у гэтым неабыякавасць і творчасць ва ўсім.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ