Творчы падыход да вывучэння беларускіх традыцый

- 16:59Нам пішуць

Новы год авеяны казкай і чараўніцтвам. Хоць свята аб’яднана адной падзеяй, у кожнай краіне маюцца традыцыі і звычаі яго правядзення. Свае асаблівасці святкавання Новага года ёсць і на Беларусі.

Навучэнцы 6-7 класаў гімназіі № 3 горада Віцебска зацікавіліся вывучэннем навагодніх традыцый на беларускай зямлі. Да правядзення класных навагодніх гасціных яны прадставілі створаныя сваімі рукамі навагоднія паштоўкі, а таксама зрабілі паведамленні, у якіх расказалі аб беларускіх традыцыях святкавання Новага года.

Зялёная ўпрыгожаная ёлка — галоўны сімвал навагодняга свята. Яна сімвалізуе жыццё, здароўе, шчасце. Зацікавіўшыся беларускімі трацыямі, на ўроках працоўнага навучання пад кіраўніцтвам настаўніка Сяргея Леанідавіча Зайцава навучэнцы 7-8 класаў рабілі ўнікальныя ёлкі з кавалачкаў дрэва. Творчыя работы вучняў 8 класа Данііла Зайцава, Кліма Сямашкі на гарадскім конкурсе “Калядная казка” атрымалі дыплом першай ступені.

Ужо пяць гадоў у гімназіі працуе этнаграфічная экспазіцыя “Прыдзвінскі край”, дзе прадстаўлены прывезеныя з экспедыцый рэчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прадметы беларускага побыту, нацыянальныя касцюмы з Віцебскай вобласці, прадметы матэрыяльнай культуры.

А напярэдадні Новага года ў гімназіі была праведзена выстаўка творчых работ навучэнцаў 6—9 класаў пад назвай “Навагоднія святы”. Гледачам спадабаліся творчыя работы вучаніц 9 класа Валерыі Ржанавай “Калядны калейдаскоп”, “Навагодняя Казка”, Лізаветы Панцюховай “Навагоднія цуды”, Софіі Андрушкінай “Каляда”. Гэтыя работы, з выкарыстаннем традыцыйных беларускіх навагодніх персанажаў, былі зроблены ў тэхніцы “батык” пад кіраўніцтвам настаўніцы Алены Фёдараўны Зайцавай. Наведвальнікам выстаўкі было цікава паглядзець на прадстаўленыя прыгожыя навагоднія паштоўкі, саламяныя цацкі, а таксама ёлачкі, зробленыя рукамі вучаніц 6 класа Дар’і Мятліцкай, Дар’і Атрахімовіч, вучаніцы 7 класа Анастасіі Гаўрыкавай, вучаніцы 8 класа Валерыі Купцовай.

Icнye добрая навагодняя традыцыя — уручаць родным і блізкім святочныя падарункі. Навучэнцы 7 класаў на ўроках працоўнага навучання ў снежні рабілі святочныя сувеніры. Так, дзяўчынкі стваралі з тканіны навагоднія падарункі ў выглядзе сімвала новага года — парасяці, а хлопчыкі рабілі сімвал Новага года ў выглядзе выпілаваных з дрэва вырабаў. Асаблівая ўвага — майстар-класам, якія праводзіліся навучэнцамі 8 класаў па стварэнні сімвалаў новага года і навагодніх кампазіцый.

Няхай жа традыцыі беларускага народа назаўсёды застаюцца з намі як часцінка роднай культуры, гісторыі! А сучаснае, чароўнае свята Новага года хай кожнаму дапаможа забыць усе нягоды, праблемы і ўзяць з сабой толькі светлае, радаснае і добрае!

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота аўтара.