Творчы сінтэз

- 10:00Адукацыйныя праекты

Рэспубліканская культурна-­асветніцкая акцыя “Грані творчасці”, арганізаваная Міністэрствам адукацыі і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, даехала да Прыдняпроўскага краю. Унікальная экспазіцыя зараз прадстаўлена ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова. 

На трох выставачных пляцоўках універсітэта прэзентуюцца больш за дзве сотні твораў студэнтаў з 24 устаноў вышэйшай адукацыі пад агульнай тэмай-дэвізам “Магутнае слова, ты, роднае слова!”. Творчыя работы студэнцтва краіны паказаны ў намінацыях “Летэрынг”, “Каляровая графіка. Рэхарыфма”, “Фотаканцэпт”, “Візуальны сэт”. Праз мастацкае асэнсаванне маладыя людзі паказалі сваё бачанне вядомых вершаў і цытат беларускіх класікаў. Кожны твор выставы быццам своеасаблівы сінтэз паэтычнага слова, традыцый беларускай культуры, жывапісу, графікі, фатаграфіі, які дазваляе наглядна азнаёміцца з візуалізацыямі эстэтычных уражанняў і мастацкімі эксперыментамі сучаснай моладзі.

— Такія праекты, як “Грані творчасці”, маюць асаблівую значнасць. Яны дапамагаюць маладым людзям спазнаць сябе, раскрыць уласныя творчыя здольнасці, іх грані. Гэта значная прыступка ў развіцці асобы. Акрамя таго, праект яшчэ і дзейсная форма выхаваўчай работы, бо далучэнне да культуры і творчасці спрыяе фарміраванню ў моладзі патрыятычных, грамадзянскіх якасцей. На сённяшні дзень гэта вельмі важна, — лічыць прарэктар па выхаваўчай рабоце МДУ імя А.А.Куляшова У.В.Ясеў. 

Асаблівасць правядзення выставы “Грані творчасці” ў МДУ імя А.А.Куляшова — арганізацыя культурнага валанцёрства.

У магілёўскім універсітэце акцыя “Грані творчасці” будзе працаваць на працягу месяца. За гэты час у навучальнай установе арганізуюць шэраг суправаджаючых тэматычных мерапрыемстваў, кожнае з якіх па-свойму адметнае.

— Гэта будуць разнастайныя інтэр­актыўнасці, галоўная мэта якіх — далучэнне студэнтаў да беларускай мовы і нацыянальнай культуры. Мы імкнёмся папулярыза­ваць народную спадчыну сярод нашай моладзі, а таксама азнаёміць з беларускімі традыцыямі, мовай і культурай замежных студэнтаў. Усе мерапрыемствы бу­дуць інтэр­актыўнымі, для таго каб маладыя людзі маглі не проста прайсці па выставе і паслухаць выкладчыка, а і цалкам уключыцца ў пэўныя адукацыйныя ці культурныя працэ­сы. З такім падыходам работа будзе адла­джана пачынаючы з моманту адкрыцця выставы, — паведаміла педагог дадатковай адукацыі ўніверсітэта Л.В.Набокава.

І сапраўды. Нават адкрыццё-прэзентацыя выставы праходзіла ў фармаце інтэр­актыўнай вандроўкі. Для мола­дзі прадугледзелі пазнавальныя віктарыны, конкурсы, арганізавалі работу пляцоўкі са старадаўнімі прадметамі побыту беларусаў. Усё гэта дазволіла студэнтам акунуцца ў свет беларускай культуры.

Арыгінальнасцю адрозніваюцца і іншыя мерапрыемствы, праведзеныя ва ўніверсітэце ў рамках культурна-асветніцкай акцыі. У навучальнай установе стварылі беларускамоўную прастору, дзе можна знаёміцца з беларускімі словамі, якія рэдка выкарыстоўваюцца або забыты. Для студэнтаў будуць праходзіць сустрэчы з мясцовымі паэтамі і пісьменнікамі.

Значна, што кожны факультэт універсітэта на перыяд работы выставы вызначыў свае сацыякультурныя задачы, якія студэнты зараз актыўна рэалізоўваюць. Напрыклад, факультэт педагогікі і псіхалогіі дзяцінства займаецца стварэннем тэатралізаваных пастановак па матывах беларускіх народных казак. Факультэт фізічнага выхавання абмяркоўвае і аналізуе твор­часць магілёўскіх паэтаў. Гісторыка-філалагічны факультэт, дзе функцыянуе літаратурнае аб’яднанне “Натхненне”, ладзіць літаратурныя вечарыны. Не менш цікавыя праекты ажыццяўляюць і на астатніх факультэтах УВА.

Асаблівасць правядзення выставы “Грані творчасці” ў МДУ імя А.А.Куляшова — арганізацыя культурнага валанцёрства. Шматлікія студэнты, якія вырашылі стаць валанцёрамі, распаўсюджваюць карысную інфармацыю пра выставу, выступаюць у ролі фатографаў, праводзяць экскурсіі на экспазіцыйных пляцоўках.

— Маладыя людзі з ліку валанцёраў вельмі актыўныя і ініцыятыўныя. Так, валанцёр Ангеліна Самахвалава з факультэта замежных моў правяла экскурсію на англійскай мове для нашых кітайскіх студэнтаў. Дар’я Жукоўская з гісторыка-філалагічнага факультэта з нагляднымі прыкладамі раскажа ў сваёй вучэбнай групе пра народныя беларускія святы. Наогул, культурныя валанцёры аказваюць усе­баковую дапамогу па арганізацыі ўсіх запланаваных мерапрыемстваў, — адзначыла Л.В.Набокава.

За час экспазіцыі выставы ў МДУ імя А.А.Куляшова яе пабачаць усе мясцовыя студэнты. Запрашаюць да сябе ў госці куляшоўцы і маладых людзей з іншых рэгіянальных УВА. У магілёўскім універсітэце ўпэўнены: экспазіцыю “Грані творчасці” трэба наведаць як мага большай колькасці моладзі, бо яе творы — адлюстраванне мінулага праз сучаснасць. Гэтая яркая, непаўторная творчасць дазволіць моладзі вярнуцца да родных вытокаў і такім чынам зберагчы беларускую мову і культуру.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.