У эліце сусветнага праграмавання

- 12:32Вышэйшая школа

Каманда факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ выступіць у фінале чэмпіянату свету па праграмаванні сярод студэнтаў. Такое права хлопцы атрымалі ў паўфінале спаборніцтва, які адбыўся ў мінулыя выхадныя.

Каманда BelarusianSU 3 — студэнты 4 курса Яфім Клімашэўскі, Антон Палюховіч, другакурснік Аляксей Філіновіч і трэнер старшы выкладчык кафедры вылічальнай матэматыкі ФПМІ Аляксей Толсцікаў.

International Collegiate Programming Contest (ІСРС) — гэта найбуйнейшае ў свеце студэнцкае каманднае спаборніцтва па праграмаванні. Штогод на розных яго этапах (кваліфікацыя, чвэрць- і паўфіналы) у фінальны тур спрабуюць прабіцца дзясяткі тысяч маладых праграмістаў з усяго свету.

Ад іншых алімпіяд па інфарматыцы ІСРС адрозніваецца павышанай колькасцю задач, на якія адводзіцца параўнальна мала часу, а ў распараджэнні каманды з трох чалавек усяго адзін камп’ютар. У такіх умовах вялікае значэнне маюць не толькі праграмісцкія здольнасці, але і зладжаная камандная работа.

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй спаборніцтвы сезона 2020/2021 праводзіліся па спецыяльным рэгламенце. Кваліфікацыйны адбор і чвэрцьфіналы былі арганізаваны ў дыстанцыйным рэжыме, а паўфінал праходзіў у два этапы: анлайн і афлайн.

Па выніках анлайн-тура, які ладзіўся у снежні, з краін Паўночна-Еўразійскага рэгіёна (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Казахстан, Кіргізія, Латвія, Літва, Расія і Узбекістан) з 300 студэнцкіх каманд на вочныя спаборніцтвы былі запрошаны 50 самых моцных. Сярод іх — тры каманды БДУ і адна каманда БДУІР. 

І вось зараз, у вочным туры, Паўночная Еўразія выбірала 12 самых лепшых каманд, якія прадставяць рэгіён на сусветным узроўні. Барацьба за выхад у фінал чэмпіянату свету па праграмаванні вялася адначасова ў Мінску, Рызе, Санкт-Пецярбургу і Тбілісі (зноў жа з мэтай бяспекі вочныя спаборніцтвы былі арганізаваны для асобных каманд у іх краінах).

International Collegiate Programming Contest (ІСРС) з’яўляецца найбуйнейшым міжнародным спаборніцтвам маладзёжнай эліты сусветнага праграмавання. Штогод на розных этапах (кваліфікацыя, чвэрць- і паўфіналы, фінал) у ім прымаюць удзел прадстаўнікі больш як 3000 універсітэтаў з больш чым 100 краін. Спаборніцтва спрыяе творчасці, каманднай рабоце і інавацыям у стварэнні новых праграмных прадуктаў, а таксама дазваляе студэнтам праверыць сябе ў даволі жорсткіх умовах.

Беларускія каманды ўдзельнічаюць у гэтым прэстыжным чэмпіянаце з 1995 года. У скарбонцы БДУ ўжо ёсць “золата” (2004 г., Чэхія), “бронза” (2008 г., Канада) і два “серабра” (2012 г., Польшча і 2013 г., Расія). Пры гэтым каманда БДУ з’яўляецца пастаяннай удзельніцай фінальных спаборніцтваў, уваходзячы ў топ найлепшых маладых праграмістаў свету.

— У сувязі з асаблівымі ўмовамі правядзення спаборніцтваў заданні сёлета былі больш складанымі, чым звычайна, — адзначыў старшыня аргкамітэта рэгіянальных спаборніцтваў ІСРС дацэнт кафедры вылічальнай матэматыкі ФПМІ Павел Мандрык. — Зрэшты, гэта можна зразумець: у вочным туры спаборнічалі не ўсе каманды паўфіналу, а найлепшыя. Пра складанасць заданняў сведчыць той факт, што нават пераможцы змаглі рашыць 7 задач з 11, а большасць каманд выканала 3—4 задачы (каманда БДУ, якая з бронзавым медалём прайшла ў фінал, адолела 6 задач).

Умовы турніру даволі простыя: за 5 гадзін камандам неабходна рашыць як мага больш задач (паколькі гэта адбор на сусветны фінал, яны прадстаўлены на англійскай мове). Каманды пішуць рашэнні на пэўных мовах праграмавання і дасылаюць іх на сервер для тэсціравання. Калі праграма выдае памылку, то каманда атрымлівае адпаведнае паведамленне і можа адправіць выпраўленую версію. Задача лічыцца рэшанай, калі праграма пацвярджае правільныя адказы на ўсіх тэстах. У адрозненне ад іншых алімпіяд, частковыя рашэнні не ўлічваюцца. Пры роўнай колькасці рэшаных задач перамагае каманда, якая затраціла найменш часу.

Трэба сказаць, што ўсе беларускія каманды паказалі на спаборніцтвах добрыя вынікі, размясціўшыся ў першай палове турнірнай табліцы. А самае высокае месца заваявала каманда BelarusianSU 3 факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Бронзавыя медалі паўфіналу (а па сутнасці гэта фінал Паўночна-Еўразійскага рэгіёна) атрымалі студэнты 4 курса Яфім Клімашэўскі, Антон Палюховіч і другакурснік Аляксей Філіновіч.

Рыхтавалі студэнтаў да спаборніцтваў вельмі вопытныя трэнеры — загадчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі ФПМІ прафесар Уладзімір Котаў і старшы выкладчык кафедры вылічальнай матэматыкі ФПМІ Аляксей Толсцікаў, а таксама іншыя спецыялісты факультэта. Як заўважыў старшыня аргкамітэта рэгіянальных спаборніцтваў ІСРС Павел Мандрык, створана эфектыўная сістэма падрыхтоўкі, на працягу сезона студэнты ўдзельнічаюць у розных зборах, у тым ліку міжнародных. Тут, як у спорце, трэба бесперапынна трэніравацца і качаць інтэлектуальныя “мышцы”. 

Не даючы сабе адпачынку, каманда БДУ пачала ўжо рыхтавацца да фіналу чэмпіянату свету па праграмаванні сярод студэнтаў. За перамогу ў гэтым вельмі прэстыжным спаборніцтве будуць змагацца 100 каманд з усіх куткоў планеты. Месца, час і фармат правядзення фіналу пакуль не вызначаны. Паводле папярэдніх звестак, арганізатары плануюць правесці спаборніцтвы ў верасні 2021 года.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУ.