У госці да настаўніка інфарматыкі

- 10:23Нам пішуць

Сёння не паспрачаешся, што вакол нас IT-асяроддзе. І кожны хоча быць сучасным, адчуваць сябе ў свеце камфортна. Адукацыйную акцыю “Гадзіна коду” ў Любчанскай сярэдняй школе падтрымалі адразу, тым больш што яна мае шырокі ўзроставы дыяпазон.

Ужо па традыцыйнай схеме ў прадметным тыдні стараемся задзейнічаць усіх. Здзівіла, што самымі актыўнымі і зацікаўленымі сталі навучэнцы пачатковых класаў. Пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара ўзнікла акцябрацкая ініцыятыва “У госці да настаўніка інфарматыкі”. Што такое інфармацыя, якой яна бывае і навошта патрэбна — кола пытанняў у будучых ІТ-карыстальнікаў было вельмі шырокае. Прыгожая і яшчэ пакуль загадкавая прынцэса Інфарматыка раскрыла перад малодшымі школьнікамі шмат таямніц. Нават навучыла ствараць малюнкі ў графічным рэдактары Paint. Раней для пачаткоўцаў камп’ютар быў звязаны толькі з мультфільмамі і гульнямі. А сёння гэта магчымасць займацца творчасцю, дарыць радасць блізкім. Школьная ініцыятыва прадоўжылася дома. Упэўнена, не засталося ніводнай сям’і ў нашым пасёлку, якая б увечар не малявала ў Paint свой дом, сад, Любчанскі край…

Хто ведае, можа, менавіта сёння ў нашай установе нарадзіўся будучы праграміст, які заўтра скажа сваё важкае слова ў ІТ.

Марына ЛЯЎША,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце

Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.