У камандзе лепшых

- 19:07Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

У прафесійным партфоліа Алены Аляксандраўны Севасцьянавай — шэсць пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі.

Настаўніцкі шлях Алены Севасцьянавай доўжыцца амаль 30 гадоў. Старт віцяблянка адразу ўзяла высокі, з прыцэлам на доўгую дыстанцыю: школу скончыла з залатым медалём, біялагічны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава — з адзнакай. Студэнткай-пяцікурсніцай пачала працаваць: першыя ўрокі біялогіі правяла ў сярэдняй школе № 33 абласнога цэнтра. Потым перайшла ў гімназію № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава. 

— Гэта на самай справе была значная для мяне падзея, бо менавіта тут я стала паспяховым настаўнікам, — упэўнена мая суразмоўніца. —  Наша гімназія не фармальна па нумары першая: мы каманда лепшых. Педагогі з навучэнцамі з’яднаны агульным імкненнем да новых адкрыццяў, даследаванняў, дасягненняў. Задачы перад калектывам і непасрэдна перад кожным педагогам штораз ускладняюцца — але тым цікавей іх вырашаць. Прычым для работы нам ствараюць аптымальныя ўмовы: дапамагаюць, падтрымліваюць, заахвочваюць. 

Яе вучань Дзмітрый Волкаў два разы запар станавіўся ўладальнікам дыплома І ступені Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. У сёлетняй выпускніцы Ангеліны Грыц той жа вынік. Як з усмешкай прыгадвае настаўніца, на парозе лета яны з вучаніцай абмяркоўвалі і фасон сукенкі на выпускны вечар, і ўніверсітэт, дзе яна будзе вучыцца. Адназначна гэта будзе медыцынскі, а вось у Віцебску ці Мінску — канчатковы выбар дагэтуль не зроблены. Дарэчы, вынікамі цэнтралізаванага тэсціравання настаўніцу і па сумяшчальніцтве класнага кіраўніка парадаваў увесь яе выпускны профільны хіміка-біялагічны клас: сярэдні бал па прадмеце 84, ёсць і 100-бальнік — Іван Пляшкоў.

Пераможца заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі Дзмітрый Волкаў разам з яшчэ адной яркай прадстаўніцай навучэнскай супольнасці гімназіі Варварай Шчокатавай нядаўна паўдзельнічалі ў беларуска-расійскім праекце “Цягнік Памяці”. 

— Мы праводзім сумесныя заняткі, конкурсы, мерапрыемствы для малодшых вучняў, якія толькі выбралі хіміка-біялагічны профіль пасля 7 класа,  а таксама для старэйшых, хто ўжо мае пэўныя дасягненні, — расказвае педагог. — Іншымі словамі, наладжваем сяброўскія кантакты, у прыярытэце — камандная работа і прынцып “роўны навучае роўнага”. Ключавы момант тут — матывацыя, найлепшы прыклад — рэальнасць дасягнення мэты. Вось ён побач, наш Дзіма: не абстрактны герой, якога ніколі не сустракалі, а добры знаёмы, з кім можна параіцца, звярнуцца па дапамогу, і ён не адмовіць. Дзеці разумеюць, што для той жа перамогі на алімпіядзе трэба прыкласці велізарныя намаганні. Затое абрысы поспеху канкрэтызуюцца, перастаюць здавацца нечым недасягальным. У перыяд канікул вельмі шмат магчымасцей прадстаўляюць заняткі ў профільным лагеры на базе гімназіі. Зімой робім акцэнт на падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды, якраз перад яе трэцім этапам. Улетку на працягу месяца дзейнічае лагер “Эрудыт”, дзе збіраем усіх зацікаўленых вучняў з 7 па 10 клас. Хаця асноўны напрамак — хіміка-біялагічны, пералік профільных прадметаў звычайна больш шырокі: напрыклад, навучэнец можа выбраць дадаткова рускую ці англійскую мову. Асабіста для мяне лета — час педагагічнага пошуку, эксперыментаў, развіцця. У нас з вучнямі актыўная жыццёвая пазіцыя. Займаемся па праекце “Зялёная школа”, актыўна ўдзельнічаем у акцыях экалагічнай накіраванасці. У праграме лагера багата экскурсій. Літаральна днямі адправіліся на гарадскую звалку, наведалі прадпрыемства па прамысловай перапрацоўцы смецця. Увачавідкі пазнаёміліся са стадыя-­
мі складанага працэсу, пачынаючы ад завозу, калі прыбываюць кантэйнеры, да атрымання другаснай сыравіны. Пасля дзеці прызналіся: “Мы ведалі раней, што трэба асобна збіраць смецце, а цяпер пераканаліся, наколькі гэта неабходна”. Таксама мы наведвалі станцыю па ачыстцы вады, прытулак для бяздомных жывёл. Каго не кране ўбачыць шчанюкоў, у якіх вочы свецяцца надзеяй толькі ад таго, што іх пагладзіла цёплая далонь чалавека?! Нашы дзяўчаты выйшлі адтуль са слязамі. Калі кожны чалавек адчуе гэтыя эмоцыі, напэўна, у нас не будзе няшчасных жывёл. Я лічу, што значэнне экалагічнага выхавання, прыродаахоўнай асветы цяжка пераацаніць. Праз уласны жыццёвы вопыт веды хутчэй засвойваюцца: у навучэнца мяняюцца светапогляд і сістэма каштоўнасцей.
У сваю чаргу, дзеці  прыносяць гэта ў свае сем’і. Калі мы, настаўнікі, сёння ўсе разам пастараемся — заўтра грамадства будзе зусім па-іншаму адносіцца да экалагічных праблем і больш эфектыўна з імі спраўляцца.

Калі бярэш профільны клас, уздыхаеш: пачынаем ісці ўгару, цяжка. Але заўсёды цяжка, калі падымаешся ўверх — лёгка толькі ляцець уніз. І такія думкі падштурхоўваюць адважвацца на новы пад’ём.

Алена Севасцьянава падкрэслівае, што немагчыма вывучаць прыроду па-за прыродай. Прыемна паглядзець на кветкі, паслухаць шэпт ветру ў лістоце і птушыныя галасы. Па словах настаўніцы, біёлаг адчувае асалоду ад прыгажосці навакольнага свету, але ўспрыманне ў яго крыху іншае: ён адразу вызначае, якое гэта суквецце, якая птушка спявае. Навучэнцам гімназіі вельмі пашанцавала, бо ўстанова знаходзіцца не проста ў гістарычным адміністрацыйным і культурным цэнтры Віцебска, а ў зялёнай зоне — побач парк імя Фрунзэ, рака Віцьба. Тут можна назіраць шыкоўную біялагічную разнастайнасць у рэжыме рэальнага часу. На тэрыторыі ўстановы дзеці клапатліва даглядаюць ра­зарый і дэндрарый з унікальнымі аб’ектамі біялагічных даследаванняў, сярод якіх два рэліктавыя гінкга білоба. 

— Увогуле біялогія — адна з самых складаных навук, — разважае Алена Аляксандраўна. — Жыццё бясконца разнастайнае ў сваіх праявах, жывыя арганізмы непаўторныя. Тыя прыкладна
2 з паловай мільёны відаў, якія існуюць на нашай планеце, далёка не вывучаны. Таму мы вучым не думкам, а думаць. Усё запом­ніць нельга, затое з часам у дзяцей фарміруецца біялагічнае чуццё. Не ведаючы дакладнага адказу на пытанне, яны здольныя выбудаваць яго самастойна дзякуючы падмурку ведаў, навыкам лагічнага мыслення, вопыту рашэння заданняў. Як у ходзе даследаванняў, так і пры падрыхтоўцы да алімпіяд мы ўзнімаем каласальны пласт тэорыі. Выкарыстоўваем сучасныя воблачныя тэхналогіі, стварылі вялікую базу электроннай літаратуры. Там даступныя падручнікі вядучых універсітэтаў Беларусі і Расіі, дапаможнікі па вузкіх напрамках, уключаючы эмбрыялогію, генетыку. Да таго ж на гэтай інтэрактыўнай пляцоўцы размешчаны заданні алімпіяд мінулых гадоў і дзеці выкладваюць свае рашэнні. Мы кантактуем, абмяркоўваем, па меры неабходнасці звяртаемся да розных крыніц інфармацыі. Аднак у несумненным прыярытэце ў нас практыка. Нават сама алімпіяда складаецца з двух тураў: тэарэтычнага і практычнага, на якім можа быць прапанавана ўсё што заўгодна — ад кветкі да косткі, і трэба прыняць рашэнне, адказаць на пытанне. 

У падрыхтоўцы навучэнцаў дапамагаюць Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі і вышэйшыя навучальныя ўстановы рэгіёна. Біёлагі найбольш цесна супрацоўнічаюць з ВДУ імя ­П.М.Машэрава,  Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам, Віцебскай дзяржаўнай акадэміяй ветэрынарнай медыцыны. Старшакласнікаў прымаюць тут як сваіх: яны знаёмы з выкладчыкамі, займаюцца ў лабараторыях, былі “студэнтамі на дзень”.  

Дырэктар гімназіі Ларыса Ляўковіч: “Хіміка-біялагічны профіль — асаблівасць нашай установы адукацыі на працягу шэрага гадоў. Маладыя людзі абсалютна ўсвядомлена робяць свой прафесійны выбар і далей па жыцці яго не мяняюць, дасягаючы значных вышынь. Безумоўна, у аснове поспехаў вучняў — вялікая праца нашых педагогаў. Ля вытокаў гімназічных традыцый стаяць заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь Святлана Генрыхаўна Сухадолава і настаўнік-метадыст Ала Аляксееўна Мараліна. На змену ім прыйшлі дастойныя пераемнікі, сярод якіх Алена Аляксандраўна Севасцьянава”.

–Нельга забываць, што нашы вучні — дзе­ці, — адзначае настаўніца. — Пачытаеш вучэбную праграму: навучэнец павінен ведаць, умець… Так, але ён дзіця, якое хвалюецца, стамляецца, часам капрызіць, і нам трэба разумець адно аднаго. Калі працуеш са школьнікамі, праводзіш ра­зам з імі шмат часу, то адносіны становяцца вельмі блізкімі. Для мяне нармальна, калі ў 23 гадзіны прыходзіць паведамленне: у кагосьці з вучняў раптоўна ўзнікла ідэя або, нарэшце, атрымалася рашэнне, і ён спяшаецца гэтым падзяліцца. Ці, наадварот, прыходзіць кароткае “Выбачайце, я зараз не магу прачытаць” з прымацаваным фота: на падручніку па анатоміі спіць кацяня. У нас эксперыментальная праграма і ў профільным класе больш га­дзін, а эксперымент дазволіў складаць аўтарскія праграмы. Плюс дадатковыя гадзіны, рэсурсны цэнтр, куды ходзяць на заняткі навучэнцы з усяго Кастрычніцкага раёна. Многа групавой, індывідуальнай работы — мне гэта цікава. Заўсёды, калі ідзеш на ўрок, разумееш, што ты ў адказе за будучыню дзяцей. Наколькі паспяхова яна складзецца, залежыць ад тваёй падрыхтаванасці, правільнай арганізацыі работы, умення працаваць з усімі і з кожным, улічваючы іх індывідуальныя асаблівасці. Выбіраючы хіміка-біялагічны профіль, навучэнцы пераважна нацэльваюцца на паступленне ў медыцынскія ўніверсітэты. Спачатку вучні ў будучай прафесіі, як правіла, бачаць толькі частку вяршыні айсберга. Але бліжэй да выпуску большасць мае выразнае ўяўленне пра работу ў сістэме аховы здароўя на розных узроўнях. Сітуацыя з кавідам наглядна паказала, што кожнаму медыку трэба быць гатовым аказваць дапамогу хворым, рызыкуючы ўласным здароўем і жыццём. Многія бацькі нашых навучэнцаў — урачы. Мы часта запрашаем іх у гімназію, бо такія зносіны надзвычай каштоўныя. Адна з маці ўзначальвае дыягнастычную лабараторыю: калі быў пік пандэміі, яны працавалі практычна круглыя суткі. Дзеці пытаюцца: “Не страшна ў “чырвонай зоне”? А ў адказ: “Для гэтага я і вучылася, каб у крытычны момант аказацца патрэбнай людзям”. Другі прыклад: пасля таго як з маім сёлетнім выпускным хіміка-біялагічным класам мы наведалі буйную сучасную паліклініку на вуліцы Маргелава, паглядзелі новае абсталяванне, некаторыя вучні задумаліся: магчыма, іх больш прываблівае дыягностыка? І нам расказалі, дзе можна атрымаць такія спецыяльнасці. Цэлае вымалёўваецца з такіх вось драбніц. Аднак мы не арыентуем вучняў выключна на медыцынскія УВА, вывучэнне біялогіі адкрывае мноства шляхоў — ад ветэрынарнай медыцыны да сельскай гаспадаркі. Пра сваіх цяперашніх выпускнікоў з гордасцю магу сказаць, што моладзь вырасла цудоўная, перспектыўная. 

Таццяна БОНДАРАВА. 
Фота аўтара.