У Капыльскім дзяржаўным каледжы навучэнцы асвойваюць 2-3 прафесіі, развіваюцца ў спорце, творчасці, рамястве

- 11:28Абитуриент, Образование

Капыльскі дзяржаўны каледж — гэта своеасаблівы адукацыйны шматграннік, дзе можна атрымаць некалькі прафесій, развіць свае творчыя або спартыўныя здольнасці, навыкі камунікацыі, адкрыць у сабе прадпрымальніцкі або рамесніцкі дар, набыць упэўненасць у сваіх сілах. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Магчымасці і перспектывы

— Сёння ў каледжы рэалізуюцца адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі па 14 спецыяльнасцях. Сярод іх — “Аперацыйная дзейнасць у лагістыцы”, “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі (педагагічная дзейнасць)”, “Эксплуатацыя, рамонт і абс­лугоўванне аўтамабіляў”, “Эксплуатацыя і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі” , “Мантаж і эксплуатацыя элект­раабсталявання”, “Зварачныя работы”, “Ганд­лёвае абслугоўванне”, “Выраб швейных вырабаў”, “Аказанне цырульніцкіх і касметычных паслуг”, “Абслугоўванне і выраб прадукцыі ў грамадскім харчаванні”, “Ганд­лёвае
абслугоўванне”, — знаёміць з адукацыйнымі напрамкамі дырэктар установы адукацыі Анатоль Пяткевіч. — Пералік спецыяльнасцей фарміруем з улікам патрэб заказчыкаў кадраў і трэндаў рынку працы.

Кожны год у каледж паступаюць каля 200 чалавек. Большасць з іх атрымліваюць адукацыю на ўзроўні ПТА. Так, паступіўшы пасля 9 класаў, за тры гады навучання юнакі звычайна становяцца электраманцёрамі па рамонце і абслугоўванні элект­раабсталявання, вадзіцелямі аўтамабіля катэгорыі С, слесарамі па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, трактарыстамі-машыністамі сельскагаспадарчай вытворчасці, электрагазазваршчыкамі. А дзяўчаты часта выбіраюць прафесіі прадаўца, кухара, швачкі, цырульніка. Прычым усе, за выключэннем навучэнцаў з АПФР, асвойва­юць адначасова 2—3 прафесіі: швачкі і цырульніка; прадаўца і кухара; трактарыста-машыніста, вадзіцеля катэгорыі С і электрагазазваршчыка. Гэта дазваляе ім у будучыні пашырыць гарызонты для самарэалізацыі і пас­пяховага працаўладкавання. А вось навучэнцы з асаблівасцямі развіцця за 1 год і 4 месяцы могуць асвоіць толькі прафесію слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання або швачкі.

На ўзроўні ССА ёсць магчымасць пасля 9 і 11 класаў вывучыцца на аперацыйнага лагіста. Новаўвядзеннем гэтага года стаў набор выпускнікоў школ з базавай адукацыяй на спецыяльнасць “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі (педагагічная дзейнасць)”. Пасля 3 гадоў і 10 месяцаў вучобы тэхнікі-механікі могуць працаваць майстрамі вытворчага навучання і працягнуць атрымліваць адукацыю ў скарочаныя тэрміны ў БДАТУ або БарДУ па спецыяльнас­ці “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці”.

— Навінкай наступнага года стане ўвядзенне кваліфікацыі “электраманцёр ахоўна-пажарнай сігналізацыі”. Яе змо­гуць атрымліваць тыя, хто на ўзроўні ПТА бу­дзе асвойваць інтэграваныя прафесіі элект­раманцёра і вадзіцеля катэгорыі С. Запыт на спецыялістаў ахоўных сістэм паступіў ад Дэпартамента аховы МУС, — расказвае пра новаўвядзенне намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Кудзелка. — З перапынкам у год-два ідзе набор на будаўнічыя спецыяльнасці. Апошнія гады прафесіі тынкоўшчыка, маляра, плітачніка мы інтэг­руем з прафесіяй электрагазазваршчыка. Так, стаўшы спецыялістамі шырокага профілю і ўладкаваўшыся працаваць на прадпрыемс­твы будаўнічай сферы, нашы выпускнікі ў любы сезон без працы не застаюцца.

Навучанне — працэс займальны

12 гадоў у каледжы функцыянуе адзі­ны на Міншчыне цэнтр кампетэнцый у сферы энергетыкі па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання”. У вучэбна-вытворчых майстэрнях цэнт­ра, якія аснашчаны сучаснай тэхнікай, перадавымі сродкамі навучання, акрамя выхаванцаў каледжа, у рамках сеткавага ўзае­мадзеяння вучацца будучыя электрыкі з усяго цэнтральнага рэгіёна. Таксама на базе цэнтра кампетэнцый на працягу 5 месяцаў праходзяць перападрыхтоўку прадстаўнікі іншых прафесій, якія хочуць стаць электраманцёрамі, навучыцца раманта­ваць і абслугоўваць электраабсталяванне.

Сярод наглядных сродкаў навучання — кабельныя корабы, сістэма крапяжу, сістэма электраправодкі ў электраўстаноўках і шчытах кіравання, сістэма маланкааховы, клемныя заціскі, металічныя ліставыя латкі, сістэма для пракладкі трас, жорсткія гладкія і гнуткія арміраваныя трубы, прамысловыя раздымы і інш.

Рэалізуючы ў каледжы эксперыментальны праект па распрацоўцы і апрабацыі электронных адукацыйных рэсурсаў для навучання на ўзроўні ПТА і ССА, педагогі ўладкавалі IT-лабараторыю. У ёй будучыя слесары, швачкі, электрыкі вучацца за інтэр­актыўнымі партамі, якія замяняюць ім падручнікі, практычныя сшыткі і іншыя сродкі навучання. За імі моладзь выконвае лабараторны практыкум, праходзіць анлайн-тэсціраванне. Кожная парта падключана да інтэрнэту і мае доступ да электронных вучэбных комплексаў. Сёлета ў IT-лабараторыі з’явіўся і 3D-прынтар, на якім юнакі і дзяўчаты вучацца друкаваць розныя дэталі і вузлы з пластыку для сельгастэхнікі і іншых агрэгатаў.

Усе ЭАР, па якіх ажыццяўляецца навучанне спецыяльнасцям “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці” і “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”, — распрацоўкі выкладчыкаў каледжа. Да работы па стварэнні ўласных ЭАР далучыліся выкладчыкі ўсіх вучэбных дысцыплін. Яны актыўна ствараюць калекцыю аўтарскіх тэкстаграфічных, мультымедыйных і інтэр­актыўных сродкаў навучання, якія зручна выкарыстоўваць на інтэрактыўнай дошцы, пры індывідуальнай рабоце на камп’ютарах, за інтэрактыўнымі партамі. Пла­нуецца, што ў наступным годзе створаныя мультымедыйныя метадычныя комплексы з’явяцца на платформе eior.by.

Акрамя атрымання прафесійных навыкаў і кампетэнцый, у навучэнцаў каледжа ёсць магчымасць раскрыць у сабе прадпрымальніцкі патэнцыял, авалодаць фінансавай дасведчанасцю і атрымаць практычны вопыт у бізнес-кампаніі “Эргана”, якая вось ужо 10 гадоў аб’ядноўвае вучнёўскую моладзь у пошуку новых бізнес-ідэй, з году ў год пашыраючы спектр сваёй дзейнасці.

У бізнес-кампаніі “Эргана” юныя бізнесмены займаюцца пчалярствам, вырабляюць і рамантуюць швейныя вырабы, малыя архітэктурныя металаканструкцыі, вырошчваюць расаду. А яшчэ вырабляюць пешаходную і абліцовачную плітку, бардзюры, аказваюць цырульніцкія паслугі, рэалізуюць інавацыйныя праекты.

З 2013 года ў каледжы дзейнічае цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва Капыльс­кага раёна, які садзейнічае ў атрыманні фінансавай дапамогі, інфармацыйных і кансультацыйных паслуг тым, хто вырашыў паспрабаваць сябе ў бізнесе ці ўжо з’яўляецца суб’ектам малога прадпрымальніцтва. Таксама ў каледжы 7 гадоў працуе стартап-школа для комплекснага навучання прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў. Тут іх вучаць ператвараць бізнес-ідэю ў бізнес-праект, а пасля — у дзеючае прадпрыемства.

Атрымаўшы ў 2017 годзе ў бязвыплатнае карыстанне зямельны ўчастак плошчай 4 га з невялікім вадаёмам, педагогі і навучэнцы рэалізавалі на ім уласны бізнес-праект экалагічнай накіраванасці — уладкавалі на беразе вадаёма сядзібу “Мядовая заімка”. Сядзіба з экалагічнай сцежкай, лазняй, міні-заапаркам, хаткай для апітэрапіі і невялікім пчальніком, экамузеем, зонай адпачынку для дзяцей і дарослых стала месцам правядзення сямейнага вольнага часу, школьных экскурсій, карпаратыўных сустрэч не толькі для жыхароў Капыльшчыны, але і для гасцей з суседніх раёнаў.

Выхаванне і творчасць

Выхаваўчай рабоце ў каледжы ўдзяляецца асаблівая ўвага. Правесці вольны час цікава і з карысцю юнакі і дзяўчаты мо­гуць, займаючыся ў любой з 8 спартыўных секцый або працуючы па адным з дзесяці напрамкаў бізнес-кампаній. А ў верасні гэтага года ў каледжы з’явіўся ваенна-патрыя­тычны клуб “Рэзерв”, куды запісаліся 16 юнакоў і 4 дзяўчыны.

У каледжы працуюць 73 педагогі. З іх 25 майстроў вытворчага навучання. Пяць педагогаў, у тым ліку дырэктар, узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”.

— Нашы сацыяльныя парт­нёры па ваен­на-патрыятычным кірунку — РАУС, РАНС. Супрацоўнікі РАНС правялі майс­тар-клас па разгортванні пажарных рукавоў, а супрацоўнікі Дэпартамента аховы прадэманстравалі затрыманне з сабакам умоўнага праціўніка, — удакладняе Наталля Уладзіміраўна. — Не сакрэт, што сярод навучэнцаў кале­джаў — значная частка моладзі, у дачыненні да якой праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, бо падлеткі ўжо здзейс­нілі нейкія правапарушэнні. Такая катэгорыя навучэнцаў патрабуе асаблівага падыходу. Таму мы трэці год рэалізуем інавацыйны праект па выхаванні ў вучняў прававой культуры і атрыманні багажу юрыдычных ведаў, што ра­зам з самарэалізацыяй у творчасці, спорце, прадпрымальніцтве, валанцёрскай дзейнасці становіцца прафілактыкай далейшых супрацьпраўных паводзін. Мы праводзім круглыя сталы, тэматычныя гульні, штомесячныя дні прававой дапамогі, дыялогавыя пляцоўкі, квізы, квесты, экскурсіі. У ход ідуць папулярныя сацсеткі TikTok і Instagram. Іх актыўна выкарыстоўва­юць актывісты маладзёжнага атрада аховы правапарадку і прафілактычнага атрада “Наркапост”, выкладваючы відэаролікі, праводзячы акцыі, конкурсы і г.д.

У інтэрнаце каледжа восьмы год працуе маладзёжны цэнтр “Сёмае неба”, інтэрнэт-кафэ з бясплатным бесправадным доступам да інтэрнэту. Таксама ёсць дзве трэнажорныя залы. У цэнтры вольнага часу кожны знаходзіць сабе занятак па душы. Асаблівай папулярнасцю ў навучэнцаў карыстаюцца дыска-зала, атракцыён “Вір­туальная рэальнасць”, ролікі з 3D-аніма­цыяй, а таксама гульні ў настольны хакей і на прыстаўцы Х-bох. Такі рэлакс дае навучэнцам магчымасць пражываць і вылі­ваць эмоцыі, а яшчэ вучыцца кіраваць сваімі паводзінамі. Падчас вучобы падлеткі набываюць не толькі некалькі прафесій, але і ўпэўненасць у сабе.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара