У Міры ўсё мірна

- 12:49Родная земля

Слова “мір” ужо каторы месяц не сыходзіць з першых палос газет і часопісаў, займае цэнтральнае месца ў выпусках навін на радыё і тэлебачанні. Пра важнасць міру рэгулярна гаворыцца на самым высокім дзяржаўным узроўні. Чаму нават дрэнны мір лепш, чым добрая вайна? Разгорнуты адказ на гэтае пытанне могуць даць настаўнікі і вучні Карэліцкага раёна.

Мірныя людзі

Пра тое, што мы, беларусы, — мірныя людзі, сведчаць не толькі словы дзяржаўнага гімна, але і шматвяковая гісторыя нашай зямлі. З даўніх часоў прадстаўнікі розных народаў і веравызнанняў, якія па аб’ектыўных, далёка не мірных, прычынах вымушаны былі пакінуць бацькоўскі край, знаходзілі на прасторах ад Нёмана да Дняпра, ад Прыпяці да Заходняй Дзвіны душэўны спакой. Край гасцінных, талерантных, памяркоўных людзей прымаў кожнага як самага дарагога госця. На жаль, намеры ў гасцей былі не заўсёды мірнымі, таму Беларусь часта станавілася арэнай баявых дзеянняў. Канечне, ідэальных людзей, як і ідэальных рыс характару, не бывае, аднак хто-хто, а мы, беларусы, дакладна ведаем, што быць талерантным, любіць мір — не так ужо і дрэнна. Ды і знакаміты тыпова беларускі выраз “абы не было вайны” мае куды больш станоўчы, чым адмоўны характар.
Калі беларусы — мірныя людзі, то павінны быць і самыя мірныя беларусы. І жывуць яны ў Карэліцкім раёне, у прыватнасці, знакамітым гарадскім пасёлку з кароткай, але гучнай назвай — Мір. З яе паходжаннем звязана некалькі легенд. Адна з іх адносіцца да канца XIV стагоддзя, калі з крыжакамі было падпісана мірнае пагадненне. Другая легенда звязана з ракой Міранкай, якая віецца каля сцен старадаўняга замка. Па словах настаўніка гісторыі сярэдняй школы Міра Валерыя Іванавіча Бранта, рэчка, у сваю чаргу, атрымала назву падчас другой хвалі рассялення славян, калі на карэліцкай зямлі апынуліся людзі з тэрыторыі сучаснай Славеніі. Пацвярджае гэтую думку славенская рака Мірна, якую ў гэтым краі пачалі называць больш ласкава — Міранка. Яшчэ адна версія звязана з татарамі, якія жывуць у мястэчку з часоў Вітаўта. На іх мове слова “эмір” азначае “князь”. Магчыма, з часам адбылася трансфармацыя слова, першая літара адпала, і атрымаўся “мір”. Усе гэтыя версіі гістарычна апраўданыя, аднак самай рамантычнай і прыгожай з’яўляецца наступная.
— Здаўна людзі жылі тут вельмі дружна, усё было мірна, талакой працавалі. За ўсю шматвяковую гісторыю мястэчка паміж яго жыхарамі не зафіксавана ніводнага канфлікту, праяў варожасці. А жылі тут беларусы, татары, яўрэі, рускія, палякі, былі касцёл, царква, мячэць, комплекс ешыбота. Вядомы цікавыя факты пра мірнае суседства жыхароў Міра. Напрыклад, князь Святаполк-Мірскі быў праваслаўным, а яго ўпраўляючы Пусевіч — католік. Аднак гэта не перашкаджала князю быць пасаджоным бацькам на вяселлі ў Пусевіча. Пусевіч заўсёды віншаваў князя з Вялікаднем, на каталіцкі Вялікдзень і князь з’яўляўся з падарункамі, — расказвае Валерый Іванавіч.

Памяць пра мір

Галоўная адметнасць Міра — гэта не толькі міралюбівы характар яго жыхароў, але і славуты замак. Здаецца, гісторыя старажытнага мястэчка прыхавалася за старадаўнімі вежамі. Але гэта не так. Яе подых можна адчуць і на звілістых вулачках, па якіх не толькі праязджалі шыкоўныя княжацкія карэты, але і грукацелі сваімі гусеніцамі варожыя танкі. Так што мірскія вулачкі помняць не толькі мір, але і вайну. Помняць пра гэта і экспанаты школьнага музея. Шматлікія дакументы, фотаздымкі, прадметы розных эпох і войнаў даюць экскурсантам цудоўную магчымасць не толькі даведацца пра подзвіг землякоў, але і задумацца над каштоўнасцю міру. Хочаш міру — рыхтуйся да вайны, а хочаш даведацца пра каштоўнасць міру — вывучай гісторыю вайны. Гэтым і займаецца больш за 50 гадоў калектыў сярэдняй школы Міра, з таго часу, калі па ініцыятыве настаўнікаў-ветэранаў у 1964 годзе была створана музейная экспазіцыя.
— Праца па зборы экспанатаў пачалася пад кіраўніцтвам Канстанціна Іванавіча Слабухі і Анатоля Канстанцінавіча Цобкала. Разам з вучнямі яны абышлі ваколіцы Міра, шукалі экспанаты для будучага музея на месцах баёў, у лесе, на берагах азёр, на падстрэшшы хат мясцовых жыхароў. Актыўнай пошукавай работай, зборам экспанатаў разам з вучнямі займаліся і былыя кіраўнікі музея Яўгенія Сцяпанаўна Валасевіч, Данута Міхайлаўна Місюк, Святлана Мікалаеўна Галавач. Маштабная рэканструкцыя музея адбылася ў 2012 годзе. Сённяшнія раздзелы экспазіцыі народнага музея расказваюць пра старажытную гісторыю пасёлка, ранейшы побыт яго жыхароў — прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, падзеі вайны 1812 года, Першай сусветнай вайны, пра міжваенны перыяд, падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Асобны стэнд прысвечаны першаму кіраўніку ўстановы Ганне Іванаўне Сташэўскай, — расказвае дырэктар школы Таццяна Ільінічна Шаплыка.
Каб экскурсанты змаглі здзейсніць завочнае музейнае падарожжа ў часе, кіраўнік музея разам з юнымі памочнікамі распрацаваў для гасцей інтэрактыўныя экскурсіі. Наведвальнікам, напрыклад, прапаноўваецца абмакнуць у старадаўнюю чарніліцу старое гусінае пяро і паказаць аднакласнікам сваё майстэрства чыстапісання або пагуляць у салдацікі эпохі напалеонаўскіх войнаў, разглядзець копію карты бою пад Мірам, выдадзенай у 1912 годзе. Музей з’яўляецца своеасаблівым месцам міжпрадметных сувязей, у прыватнасці, гісторыі і геаграфіі. Узяць той жа план бою 1812 года. Акрамя вывучэння гістарычных падзей, вучням прапаноўваецца сарыентавацца па ёй на мясцовасці, вызначыць, дзе рэчка, дзе поле, дзе лес, паведаміць, якімі ўмоўнымі знакамі абазначаны тыя ці іншыя аб’екты.
З 2008 года школа з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па музейнай педагогіцы. За гэты час у музеі назапашаны багаты матэрыял па гісторыі краю, які дапамагае рабіць экскурсіі больш цікавымі. Асноўная форма збору матэрыялу — работа над праектамі (“Людзі і вайна. Партызаны”, “Нашы прадзеды”, “Сцяг свабоды”, “Настаўнікі-франтавікі”, “Халакост”, “Імёны на мануменце”). Вынік афармлення праектаў — стварэнне прэзентацый, якія, дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям, робяць традыцыйныя экскурсіі сучаснымі і больш цікавымі для “камп’ютарызаванай” моладзі. Асноўная тэматыка праектаў — Вялікая Айчынная вайна, подзвіг землякоў, тых, хто вызваляў Мір і падарыў яго жыхарам мірнае жыццё.
— Вядома, што смерць мільёнаў — гэта статыстыка, а смерць аднаго чалавека — трагедыя, асабліва калі гэты чалавек — твой родны, зямляк. Калі знаёмлю экскурсантаў з праектам “Настаўнікі-франтавікі”, расказваю пра біяграфію, баявы шлях нашых калег, то дзеці глядзяць на чорна-белыя фотапартрэты, слухаюць мой аповед літаральна разявіўшы рот. І сапраўды, прайсці праз такую бойню, не зламацца, быць сапраўдным інтэлігентам, воінам, майстрам… Раней не гаварылі пра сіндром афганцаў, в’етнамцаў, у людзей была мэта вучыць і выхоўваць маладое пакаленне. Менавіта ветэраны і стварылі наш музей. Сярод іх — Анатоль Канстанцінавіч Цобкала. У яго адрас можна сказаць шмат эпітэтаў, але самы галоўны — гэта бязмежная павага калег і любоў вучняў. А яшчэ за педагагічную працу ён атрымаў ордэн Леніна, што з’яўляецца рэдкай з’явай. Усе героі праекта — выдатнікі адукацыі, заслужаныя настаўнікі, — расказвае Валерый Іванавіч.
Кожны год — новы праект, а новы праект — праца даўжынёй у некалькі гадоў. Менавіта так можна ахарактарызаваць прынцып работы рэсурснага цэнтра па музейнай педагогіцы. Цяпер мірскія настаўнікі пачынаюць работу над віртуальным праектам, у якім будуць прадстаўлены сотні фотаздымкаў з беларускіх, нямецкіх, амерыканскіх архіваў з выявай Міра ў розныя перыяды гісторыі. Яшчэ адзін маштабны праект — “Імёны на мануменце”. Яго рэалізацыя пачалася адразу пасля стварэння музея, аднак новы імпульс набыла пасля рэканструкцыі, калі былі падняты старыя архівы.
— Многія настаўнікі-краязнаўцы сутыкаюцца з праблемай увекавечання памяці салдат і афіцэраў, а канкрэтна — з неадпаведнасцю звестак у розных крыніцах, проста ляпамі. Узяць для прыкладу мемарыяльную пліту на брацкай магіле ў цэнтры пасёлка. Пры замене старой пліты на новую былі дапушчаны недакладнасці. Мы вырашылі выправіць гэтую недарэчнасць і рэалізаваць адпаведны праект. Яго мы будзем абараняць на раённай карэліцкай канферэнцыі і міжнароднай, у Маскве. У нашым музеі захоўваюцца фотаздымкі 20 салдат, якія пахаваны на цэнтральный плошчы пасёлка. Усе іх імёны і прозвішчы, месцы нараджэння мы ўдакладнялі ў родзічаў. А нядаўна на нас выйшлі настаўнікі сярэдняй школы № 29 Данецка і папрасілі прыслаць фота аднаго з салдат, які пахаваны ў брацкай магіле. Яшчэ адна гістарычная недакладнасць — гэта агульнапрынятая дата вызвалення Міра. На самай справе, ён быў вызвалены не 7, а 2 ліпеня. Растлумачыць недакладнасць можна тым, што праз пасёлак вельмі хутка праходзілі розныя воінскія часці, а штабы не паспявалі маніторыць інфармацыю, — дзеліцца кіраўнік музея.

“Віцязі” міру

Па словах Валерыя Іванавіча, пошукавая работа не павінна весціся толькі напярэдадні чырвоных дзён календара. Яны павінны быць арыенцірам, часам для падвядзення прамежкавых вынікаў працы і зыходным пунктам для далейшага развіцця. Такой знакавай датай для Лукскай сярэдняй школы стала 23 лютага. У Дзень абаронцаў Айчыны тут быў адкрыты пакой баявой славы або своеасаблівы штаб школьнага ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь”.
— Ідэя стварэння клуба ўзнікла ў 2001 годзе напярэдадні абласнога злёту ваенна-патрыятычных клубаў. Заняткі клуба праходзяць адзін раз на тыдзень і доўжацца дзве гадзіны. Іх наведваюць навучэнцы 5—11 класаў, прычым як хлопчыкі, так і дзяўчынкі. Мы займаемся страявой, агнявой, фізічнай падрыхтоўкай, праводзім спартыўныя гульні. Дзякуючы дырэктару школы Сяргею Яўгенавічу Міхалкевічу, пад заняткі клуба было выдзелена асобнае памяшканне. У якасці нагляднага матэрыялу выкарыстоўваліся не толькі плакаты, але і ваенная форма, шаўроны, пагоны. З цягам часу месца для іх захоўвання стала ўжо недастаткова — трэба было пашырацца. Ідэю стварэння пакоя баявой славы выказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Ірына Валер’еўна Асташэвіч. 23 лютага прайшло яго ўрачыстае адкрыццё, — расказвае настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” Уладзімір Уладзіміравіч Матусевіч.
Над стварэннем музейнага пакоя працавалі настаўнікі і вучні. Нехта дапамагаў з афармленнем, нехта прыносіў прадметы, звязаныя з вайной. Наведвальнікі экспазіцыі могуць азнаёміцца не толькі з нагруднымі знакамі, кукардамі і шаўронамі — ёсць шмат цікавых эксклюзіўных экспанатаў. А пачыналася калекцыя са старой гімнасцёркі бацькі Уладзіміра Уладзіміравіча. У Некрашэвіцкай школе, дзе вучыўся настаўнік, часта праводзіліся школьныя маскарады. У 4 класе бацькоўская гімнасцёрка зрабіла Валодзю радавым, у 5 класе — партызанам, у 6 — пагранічнікам, і так амаль кожны год. Побач за шкляной вітрынай шафы — дзве гімнасцёркі ўзору 1943 года, тыя самыя, якія ўжо ўпрыгожваліся пагонамі. Сярод найбольш эксклюзіўных і рэдкіх экспанатаў — парадная форма старшага лейтэнанта, якая выкарыстоўвалася з 1955 па 1958 год, калі міністрам абароны СССР быў Георгій Канстанцінавіч Жукаў. Ёсць марская, неўстаўная дэмбельская форма, якую падарылі выпускнікі школы, знакамітая “афганка”. Захоўваецца багатая калекцыя галаўных армейскіх убораў. Побач з пагонамі, значкамі, медалямі — партсігар часоў Вялікай Айчыннай вайны, знойдзены на полі каля вёскі Далматаўшчына. Частка экспанатаў адносіцца і да перыяду Першай сусветнай вайны. Гэта кукарда з параднай каскі нямецкага афіцэра, салдацкі аловак у гільзе ад патрона, мельхіёравая куля, жэтон і бляха з рэменя рускага салдата, а таксама металічны футляр для кішэннай Бібліі.
Цэнтральнае месца экспазіцыі займае аповед пра баявы шлях 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, якая ў гады вайны была дывізіяй і вызваляла Карэліцкі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Камандзір дывізіі Ян Янавіч Фогель быў цяжка паранены, неўзабаве памёр і пахаваны ў Дзятлаве. Месца, дзе ён быў паранены, мясцовыя жыхары сімвалічна называюць полем Фогеля. Тут каля абеліска часта праводзяцца ваенна-патрыятычныя мерапрыемствы. Даглядаюць юныя “віцязі” і магілу падпрапаршчыка Георгія Ушмарынава, які загінуў пры вынасе параненых у верасні 1915 года, і магілы іншых салдат і афіцэраў — удзельнікаў розных войн. Дзеля ўшанавання памяці пра герояў Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Уладзіміравіч стварыў фільм “Мы помнім”, які пры жаданні можна паглядзець на старонцы настаўніка ў “Аднакласніках”.
Што значыць, калі за справу бярэцца чалавек зацікаўлены, прафесіянал! Да 2001 года гаворка аб паступленні выпускнікоў ва ўстановы вышэйшай адукацыі ваеннага профілю ў Лукскай сярэдняй школе нават не вялася. Аднак пасля стварэння клуба “Віцязь” сітуацыя нібыта па ўзмаху чарадзейнай палачкі змянілася. Уладзімір Уладзіміравіч падвёў да стэнда, прысвечанага гісторыі клуба, і пачаў пералічваць: “Залатая медалістка, залаты медаліст, залатая медалістка, залаты медаліст…” Як не складана здагадацца, усё гэта выпускнікі Лукскай сярэдняй школы, якія вырашылі звязаць сваё жыццё з ваеннай справай. Прычына такога выбару даволі простая — армейская рамантыка. Форма, якая дысцыплінуе, робіць падцягнутым, адказным, прымушае рабіць толькі добрыя ўчынкі, адным словам, абараняць гонар мундзіра; рэгулярны ўдзел у абласных і рэспубліканскіх “Зарніцах”; частыя экскурсіі ў вайсковыя часці, заняткі на спецыяльных трэнажорах. Абавязкова трэба ўзгадаць і 2008 год, калі падчас рэспубліканскай “Зарніцы” лукскія “віцязі” жылі разам з ротай ганаровай варты. “Хіба мы не можам гэтак жа элегантна і спрытна абыходзіцца са зброяй, паказваць падобныя, хаця б самыя простыя элементы на пляцы? Канечне, можам!” — вырашылі “віцязі”. І ўжо ў 2009 годзе падчас урачыстага мітынгу на 9 Мая перад вяскоўцамі яны паказалі сапраўднае шоу на пляцы. Урачыста, ярка, прыгожа! Яшчэ б! Нельга не адзначыць і новую парадную форму, з набыццём якой дапамагло кіраўніцтва СВК “Лукі-Агра”. Падчас нашай сустрэчы Уладзімір Уладзіміравіч выказаў цікавую ідэю — праводзіць падобны парад з удзелам ваенна-патрыятычных клубаў на рэспубліканскім узроўні.

Мірная расліна

Народны музей сярэдняй школы Міра, музейны пакой баявой славы ў Лукскай сярэдняй школе… Усяго ва ўстановах адукацыі Карэліцкага раёна дзейнічае 14 музеяў. Ёсць сярод іх і народныя. Адзін з іх знаходзіцца ў Красненскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе. Спачатку гэта быў проста музейны куток, потым яго экспазіцыя пашырылася, і ў 1999 годзе гэта стаў паўнацэнны музей. У 2008 годзе ў асобным пакоі была адкрыта і этнаграфічная экспазіцыя, цэнтральнае месца якой займаюць прылады працы па тэме ткацтва і вытворчасці лёну. Такі акцэнт зроблены невыпадкова. Па-першае, без лёну раней як без вады — і ні туды і ні сюды. Гэтая расліна была сімвалам мірнага, але няпростага, поўнага клопатаў і цяжкай працы сялянскага жыцця. Па-другое, да нядаўняга часу мясцовае СВК “Маяк-Заполле” было перадавіком у вытворчасці лёну. Паступова аб’ёмы вырошчвання расліны сталі змяншацца, і кросны, прасніцы, ільночасалкі пачалі сумаваць без працы на вясковых падворках. У школьным музеі гэтыя прылады набылі новае жыццё. Цяпер кожны ахвочы можа і лён патрапаць, і патрымаць доўгую незвычайную льняную касу. А вось для захавання мясцовых сакрэтаў апрацоўкі лёну настаўніца беларускай мовы і літаратуры Зоя Васільеўна Вайтовіч рыхтуе грунтоўную даследчую работу.
— Музейныя матэрыялы расказваюць не толькі пра льновытворчасць, але і пра багатае мінулае Запольскага краю. Менавіта так мы называем сваю малую радзіму, бо Заполле — суседняя вёска з даўняй гісторыяй. Асноўная частка матэрыялаў першага раздзела — на польскай мове, бо пэўны час наш край знаходзіўся ў складзе Польшчы. Цэнтральны стэнд прысвечаны гісторыі Запольскай і Востухаўскай школ, на базе якіх у 1992 годзе і была створана Красненская сярэдняя школа. Тут прадстаўлены фотаматэрыялы нават 64-гадовай даўніны, фотапартрэты настаўнікаў, вучняў, — расказвае дырэктар школы Наталля Уладзіміраўна Бурак.
Старыя фотаздымкі настаўнікаў — экспанаты, канечне, каштоўныя, аднак не менш каштоўнымі з’яўляюцца і прадметы ваеннага часу. На жаль, іх калекцыя пасля правядзення аперацыі “Арсенал” значна скарацілася. Асабліва каштоўным, па словах кіраўніка музея Іны Георгіеўны Савоська, быў рэдкі чатырохгранны нямецкі штык. Цікавымі з’яўляюцца перыядычныя сатырычныя выданні “Раздавім фашысцкую гадзіну” і “Партызанская дубінка”, нумар газеты “Праўда” за 10 мая 1945 года. Дапамагае праводзіць інтэрактыўныя экскурсіі макет партызанскага лагера. Як і мірскія калегі, красненскія педагогі даследуюць тэму Вялікай Айчыннай вайны ў асноўным падчас работы над праектамі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца вывучэнню біяграфіі і баявога шляху педагогаў — ураджэнцаў Запольскага краю, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Актыўна гэтую тэму распрацоўваў настаўнік гісторыі Сямён Сямёнавіч Печанко. У 2009 годзе пад яго кіраўніцтвам вучнямі была напісана адпаведная даследчая работа, якая ў Мінску на міжнароднай канферэнцыі атрымала дыплом І ступені.

Імкненне да міру

70-годдзе Вялікай Перамогі, ваенныя падзеі ў суседзяў, хісткае перамір’е… Пра важнасць міру ўсё часцей гаворыцца ў нашым грамадстве. На жаль, гісторыя сведчыць, што “мір” — паняцце такое ж непастаяннае, як і сакавіцкае надвор’е. Сонца, снег, дождж, раптоўныя парывы ветру. Сакавіцкае надвор’е непастаяннае, а вось імкненне да міру, яно адвечнае, яно тыпова беларускае.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.