У нас канікулы? Ідзём у школу!

- 17:43Нам пішуць

Калі ў вучняў сярэдняй школы № 7 Навагрудка спытаць, дзе цікава і карысна правесці час канікул, то, напэўна, адкажуць: “У школьным лагеры”.

У першы дзень вясновых канікул чарговы раз гасцінна расчыніў дзверы школьны аздараўленчы лагер “Галактыка радасці”. На цэлы тыдзень вучні ператварыліся ў касманаўтаў, а настаўнікі — у кіраўнікоў касмічнага палёту.

“Галактыка радасці” мае свае законы, традыцыі, парадкі. Маленькія касманаўты “даследуюць” Галактыку і робяць “адкрыцці”, іншымі словамі, запальваюць зоркі. А калі зоркі запальваюцца, значыць, гэта некаму трэба!

На працягу змены заўсёды цікава падарожнічаць па планеце самакіравання, птушак, па сусвеце дружбы, па планеце інтэлектуалаў, ветлівасці, здароўя, фантазіі і гумару… Такія тэматычныя дні даюць магчымасць кожнаму праявіць сябе, раскрыць здольнасці.

Лідарам, арганізатарам і натхняльнікам усіх дзіцячых ідэй стаў навучэнец 8 “А” класа Ілья Кулеш. Самыя ўдалыя мерапрыемствы за гэтую змену — канцэртная праграма “Вясна ў Галактыцы”, КВЗ “Беражы здароўе замалада”, справаздачны канцэрт “Сузор’е знакаў Задыяка”. А самым яркім і незабыўным стаў конкурс “Містар і міс лагера — 2018”. Перамагла самая дружная і крэатыўная пара — Яўген Кур’ян і Міраслава Іванова.

На працягу змены дзеці пабывалі ў кінатэатры, гарадской бібліятэцы. Сустрэліся з супрацоўнікамі РАНС, пабылі ў ролі выратавальнікаў, праз гульню вучыліся знаходзіць правільнае выйсце з небяспечных жыццёвых сітуацый.

У апошні дзень для хлопчыкаў і дзяўчынак была арганізавана сапраўдная фотасесія, салодкі стол, дыскатэка.
Чацвёртая, апошняя, чвэрць навучальнага года праляціць хутка, а там доўгачаканыя летнія канікулы — час для цікавых гульняў і новых знаёмстваў. І мы абавязкова зноў сустрэнемся ў “Галактыцы радасці”!

Таццяна ГАЎРЫЛКА,
дырэктар школьнага лагера сярэдняй школы № 7 Навагрудка,
Таццяна ЕРМАКОВА,
намеснік дырэктара лагера.