У ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай пачнуць рыхтаваць спецыялістаў па эканамічнай бяспецы

- 10:20Абитуриент, Образование

Сёлетніх абітурыентаў Полацкі ўніверсітэт запрашае на новую спецыяльнасць “Эканамічная бяспека”, пасля заканчэння якой ім будзе прысвоена кваліфікацыя “эканаміст”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 — Мы плануем набраць на гэтую спецыяльнасць 30 чалавек. Наша мэта — падрыхтаваць спецыяліста, які будзе запатрабаваны на рынку працы не толькі сёння, але і ў далёкай перспектыве, — падкрэсліла загадчыца кафедры ўліку, фінансаў, лагістыкі і менеджменту фінансава-эканамічнага факультэта Алена Малей. — Наш эканаміст зможа займаць любую эканамічную пасаду практычна на ўсіх прадпрыемствах. Бо адметнасць нашай новай спецыяльнасці — міждысцыплінарнасць. Для тых, хто выбера такую прафесію, мы падрыхтавалі істотны блок эканоміка-аналітычных дысцыплін, кіраўнічых, юрыдычных, ІТ і шэраг прадметаў па эканамічнай бяспецы. Да таго ж нашы студэнты на 3 курсе маюць магчымасць атрымаць і другую спецыяльнасць, напрыклад, юрыдычную.

Усім вядома, што эканамічная бяспека — важны аспект паспяховага функцыянавання дзяржавы. У самым першым прыбліжэнні — гэта абарона фінансавых, матэрыяльных і эканамічных інтарэсаў краіны, прадпрыемства і асобы. За планаванне і арганізацыю эканамічнай бяспекі на ўзроўні дзяржавы адказвае Прэзідэнт, розныя міністэрствы і ведамствы, а кантрольную функцыю ажыццяўляюць Камітэт дзяржаўнага кантролю і Міністэрства ўнутраных спраў.

Для падтрымання эканамічнай бяспекі на кожным узроўні неабходны таленавітыя прафесіяналы з пэўным наборам кампетэнцый. Такія спецыялісты павінны ўмець прадухіляць незаконныя дзеянні, аналізаваць даныя, прымаць рашэнні, кіраваць рызыкамі, эфектыўна выкарыстоўваць рэсурсы і распазнаваць пагрозы.

Эксперт у сферы эканамічнай бяспекі — не проста эканаміст, а спецыяліст з глыбокімі ведамі аб эканамічных працэсах, фінансавых інструментах, міжнародных адносінах і заканадаўстве.

— Мы актыўна супрацоўнічаем з прадпрыемствамі і арганізацыямі. Гэта дазволіць студэнтам атрымаць працоўны вопыт у сферы эканамічнай бяспекі яшчэ на стадыі навучання і лепш зразумець спецыфіку прафесіі. Нашы дзяржорганы вельмі зацікаўлены ў такіх спецыялістах, асабліва Камітэт фінансавых расследаванняў, і лепшых яны абяцаюць узяць да сябе на работу. Мы лічым, што попыт на спецыялістаў па эканамічнай бяспецы з комплекснай эканамічнай, прававой і кіраўнічай падрыхтоўкай будзе пастаянна расці, — паведаміла Алена Барысаўна.

Па яе словах, каб паступіць на “Эканамічную бяспеку” неабходна прадаставіць сертыфікаты ЦЭ/ЦТ па трох прадметах: матэматыцы, замежнай і беларускай (рускай) мовах.

— Я параіла б выбіраць такую прафесію скурпулёзным дзецям з аналітычнымі здольнасцямі, — дадала А.Б.Малей. — Такая спецыяльнасць ёсць і ў іншых УВА краіны, але адметнасць нашага ўніверсітэта ў арыентаванасці на заказчыкаў кадраў і ўзаемадзеянні з прадпрыемствамі і арганізацыямі. Да таго ж мы дапамагаем студэнтам развіць 5 самых важных для работадаўцаў soft skills: навыкі эфектыўных зносін, крытычнае мысленне, здольнасць працаваць у камандзе, прымяненне лічбавых тэхналогій, уменне расстаўляць прыярытэты і кіраваць часам.

У мінулым годзе ў ПДУ былі адкрыты новыя спецыяльнасці “Графічны дызайн і мультымедыядызайн” і “Бізнес-адміністрыраванне”.

Дарэчы, навучанне ў Полацкім універсітэце праходзіць з укараненнем інтэрактыўных метадаў і ІТ-тэхналогій. Гэта не толькі робіць працэс навучання больш захапляльным, але і рыхтуе студэнтаў да выкарыстання сучасных тэхналогій у прафесійнай дзейнасці. А таму можна смела заяўляць, што выпускнік “Эканамічнай бяспекі” ПДУ будзе ўнікальным прафесіяналам, здольным нейтралізаваць ці кардынальна змякчыць крызісныя ўздзеянні на сацыяльна-эканамічныя сістэмы як пэўнай кампаніі, рэгіёна, так і нацыянальнай эканомікі і дзяржавы ў цэлым.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота прадастаўлена ПДУ