У практычнай плыні

- 18:11Дырэктарскі клуб, Суразмоўца, Суразмоўца

Пра падрыхтоўку спецыялістаў па рабоце з моладдзю расказвае Алена ІГНАТОВІЧ, загадчыца кафедры маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, кандыдат педагагічных навук, дацэнт.

— Алена Стэфанаўна, як вядома, вашаму інстытуту належыць аўтарства падрыхтоўкі такога спецыяліста. Як стваралася гэтая мадэль?

— Для нашай мэты калектыў РІВШ падрыхтаваў адпаведны пакет дакументаў. Былі ўнесены змяненні ў нарматыўную прававую базу, уключаны і абгрунтаваны ключавыя кампетэнцыі, патрабаванні да падрыхтоўкі такога спецыяліста ў адпаведныя дзяржаўныя класіфікатары, якія былі прыняты Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. Быў распрацаваны вучэбны матэрыял. Падрыхтоўка пачалася ў 2009 го­дзе, і за гэты час мы падрыхтавалі шмат спецыялістаў. Сярод нашых выпускнікоў — дзяржаўныя служачыя органаў выканаўчай улады, супрацоўнікі цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання, сацыяльна-псіхалагічнай дапамогі моладзі, падтрымкі маладой сям’і, прафарыентацыі, цэнтраў адпачынку і аздараўлення моладзі, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, кіраўнікі і члены грамадскіх аб’яднанняў, органаў студэнцкага самакіравання, каардынатары маладзёжных праектаў. Усе яны маюць дыплом адпаведнага дзяржаўнага ўзору аб заканчэнні навучання. Перыяд падрыхтоўкі складае 2 гады. У нас­тупным годзе будзе сфарміравана 10-я вучэбная група. Сёння ўся фундаментальная база падрыхтоўкі, закладзеная ў тыя гады, застаецца. Мы беражом традыцыі. Але пры адкрыцці кожнай новай групы вучэбна-праграмная дакументацыя, непасрэдна вучэбныя праграмы, кантэнт дысцыплін пераглядаюцца зноў і зноў, уносяцца трэндавыя кірункі, новыя навуковыя дасягненні, якія пераве­дзены ў практычную плынь. Мы імкнёмся зрабіць падрыхтоўку інавацыйным, жывым арганізмам. 

— Напэўна, такі пасыл ідзе і ад самой моладзі?

— Станоўчую дынаміку адукацыйнага працэсу, сапраўды, фарміруюць і нашы слухачы. Кожны іх набор унікальны. Маладыя людзі прыязджаюць з усіх куточкаў краіны. Яны вязуць свае творчыя здабыткі па рабоце з моладдзю. Моладзь мае паспяховую практыку, а мы ў адказ дзелімся навуковымі даследаваннямі, інавацыйнымі прыёмамі, сучаснымі педагагічнымі тэхналогіямі. Нашы слухачы маюць свой вопыт, погляд, меркаванне ў рабоце з моладдзю, але будуюць сваю работу больш інтуітыўна, а не на аснове прафесійных ведаў. Таму наша асноўная задача — сістэматызаваць веды, якія яны ма­юць, абгрунтаваць вопыт, насыціць тэарэтычным кампанентам. Таксама мы падтрымліваем з нашымі выпускнікамі зваротную сувязь і маем інфармацыю аб тым, якія з прапанаваных тэхналогій, метадаў работы найбольш “прыжываюцца” на месцах і больш прымальныя для нашай моладзі, а якія трэба яшчэ лепш прапрацаваць і адаптаваць. Слухачы звяртаюцца да нас па параду, цікавяцца навінамі, расказваюць пра сваю работу, дзеляцца праблемамі. Дыялог адбудзецца, калі мы глядзім у вочы адно аднаму і шчырыя ў нашых агульных памкненнях. 

— Якія ключавыя дысцыпліны закладзены ў адукацыйную праграму?

— Па сутнасці, спецыяліст па рабоце з моладдзю павінен валодаць комплексам ведаў і кампетэнцый, неабходных для работы ў мала­дзёжным асяроддзі. Перш-наперш, гэта веданне нарматыўнай прававой базы, кадравага менеджменту, працоўнага заканадаўства і іншых фундаментальных дакументаў. Валоданне камунікатыўнымі здольнасцямі дазваляе спецыялісту выбудоўваць адносіны з кожным маладым чалавекам, выступаць пасрэднікам паміж ім і адміністрацыяй прадпрыемства альбо арганізацыі пры вырашэнні жыццёвых і бытавых пытанняў. Спецыялісту патрэбны таксама перагаворчыя, аратарскія навыкі, уменне наладжваць сацыякультурныя зносіны, міжасобасныя сувязі. У змесце навучання таксама прадстаўлены набор менеджарскіх і псіхолага-педагагічных дысцыплін, у ліку якіх — асновы Public Relations, псіхалогія кіравання, сацыяльна-педагагічнае суправаджэнне сям’і і шлюбу, кар’ерны рост маладога спецыяліста і псіхалогія працы, прафілактыка і карэкцыя дэвіянтных паводзін у мала­дзёжным асяроддзі, мала­дзёжныя субкультуры.

Спецыялісту патрэбны таксама перагаворчыя, аратарскія навыкі, уменне наладжваць сацыякультурныя зносіны, міжасобасныя сувязі.

Вядучая дысцыпліна — арганізацыя выхаваўчай работы з моладдзю, аб’ёмная па колькасці гадзін, і вядучая таму, што яна вельмі актуальная. Менавіта па гэтым напрамку нашы слухачы пішуць курсавую і дыпломную работы. Калі яны накіраваны да нас прадпрыемствамі і арганізацыямі, то тэматыку курсавога праектавання мы заўсёды просім абмеркаваць з іх кіраўніцтвам, каб гэты праект быў арыентаваны на канкрэтны калектыў і не меў абстрактных рыс. Трэба адзна­чыць, што методыкі адукацыйнай праграмы, якімі мы карыстаемся, стратэгічна прадуманы, каб навучанне для нашых калег было найбольш цікавым і змястоўным і яны маглі прымяніць атрыманыя веды адрасна. 

Адукацыйная праграма распрацавана не толькі з улікам класічных форм, хаця лекцыі, семінарскія, практычныя, лабараторныя заняткі прысутнічаюць. Выкарыстоўваем інтэрактыўныя, актыўныя формы. Шмат увагі ўдзя­ляем эрганоміцы адукацыйнай прасторы. Запрашаем на лекцыі навукоўцаў, практыкаў, якія з’яўляюцца экспертамі і дарадчыкамі ў гэтай галіне. Цікавым мерапрыемствам лічым марафон паспяховых практык, які штогод праходзіць пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. У гэтым годзе запрошаны калегі з краін СНД. Асноўная накірава­насць такога марафону — развіццё партнёрскіх адносін паміж спецыялістамі па рабоце з моладдзю, іх кансультацыйная падтрымка, папулярызацыя дзейнасці, абмен вопытам.

Ала КЛЮЙКО.