У сваім непаўторным стылі

- 9:25"Настаўніцкай газеце" — 75

Андрэй ЗАБЛОЦКІ, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама

“Настаўніцкая газета” сёння па праве лічыцца адным з аўтарытэтных выданняў рэспублікі. Наша прафесійная газета мае свой непаўторны стыль, адрозніваецца аб’ектыўнасцю і прафесіяналізмам у падачы матэрыялаў.

Сёлета “Настаўніцкай газеце” — 75! Усе гэтыя гады яна з’яўляецца своеасаблівай трыбунай беларускай педагагічнай супольнасці. Газета аб’ядноўвае ўсіх, хто знаходзіцца ў педагагічным пошуку, хоча, каб беларус­кая сістэма адукацыі адпавядала самым высокім су­светным стандартам.

Газетныя падшыўкі мінулых дзесяцігоддзяў — сапраўдны летапіс айчыннай адукацыі. Выданне заўсёды выгадна адрознівала разнастайнасць меркаванняў і падыходаў да найважнейшых, актуальных праблем у адукацыйнай сферы. “Настаўніцкая газета” заўсёды ішла ў нагу з часам, публікавала яркія, цікавыя артыкулы і галоўнае — нязменна заставалася запатрабаванай сярод педагогаў.

Прыемна, што і сёння наша галіновае выданне адкрыта для шырокай і кампетэнтнай дыскусіі аб шляхах развіцця сістэмы адукацыі, праблемах маральнага і патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Кіраўніцтва і журналісты газеты — сапраўдныя майстры сваёй справы, якія ўмеюць знайсці правільную інтанацыю для дыялогу з чытачом, цікава і аператыўна падаць актуальную інфармацыю. Сацыяльна значныя праекты, якія рэалізуюцца калектывам рэдакцыі, спрыяюць за­цвярджэнню высокай місіі прафесіі педагога, павышаюць яе прэстыж.

Нельга пераацаніць намаганні газеты і ў станаўленні адзінай беларускай адукацыйнай прасторы. Свое­асаблівым імпульсам у развіцці гэтага напрамку работы стаў праект “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”, дзякуючы якому на Магілёўшчыне, як і ў кожным рэгіёне, з’явіўся карэспандэнцкі пункт выдання. Наяў­насць карпункта адкрыла новыя перспектывы для супрацоўніцтва, паспрыяла больш шырокаму асвятленню арганізацыі адукацыйнага працэсу ў рэгіянальных навучальных установах, вопыту лепшых педагогаў.

Паважаны калектыў “Настаўніцкай газеты”! Педагагічная грамадскасць Магілёўшчыны высока цэніць вашу плённую творчую дзейнасць, якая садзейнічае ўсебаковаму развіццю сферы адукацыі. Жадаем вам новых дасягненняў, творчых поспехаў і прафесійнага даўгалецця.

Іна МЯДЗВЕДСКАЯ, дырэктар Мішнеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна

“Настаўніцкую газету” я ўпершыню ўзяла ў рукі, калі пачала выкладаць беларускую мову і літаратуру. Шчыра кажучы, з зайздрасцю разглядала фотаздымкі педагогаў і з захапленнем чытала іх артыкулы. Цяпер я вопытны педагог, які мае кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Дзялюся вопытам работы з іншымі педагогамі, у тым ліку і на старонках “Настаўніцкай газеты”. У гэтым годзе стала фіналістам рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2020”.

І ўсё ж па-ранейшаму “Настаўніцкую” чытаю з захапленнем. Гэта для мяне, у першую чаргу, магчымасць самаадукацыі, бо ў кожным нумары публікуюцца матэрыялы, якія знаёмяць з новымі формамі і метадамі работы, педагагічнымі тэхналогіямі, з разнастайнымі выхаваўчымі мерапрыемствамі, цікавымі праектамі і ідэямі. Вельмі падабаецца, калі калегі расказваюць пра новыя электронныя сродкі навучання, якія яны выкарыстоўваюць у сваёй педагагічнай дзейнасці.

Усе артыкулы, якія складаюць змест гэтага выдання асветнікаў нашай краіны, нібы пазлы. З іх, пры жаданні, можна скласці новую, адрозную ад іншых, форму работы, якая дапаможа зацікавіць дзяцей вучэбным прадметам, больш лёгка яго засвоіць і палюбіць вучобу.

Вельмі прыемна, што цяпер на старонках газеты я бачу знаёмыя твары настаўнікаў, бо ў рэальным жыцці значную частку педагагічнай супольнасці сустракаю на семінарах, канферэнцыях і фестывалях розных узроўняў.

З нагоды юбілею нашага педагагічнага выдання хачу пажадаць усяму творчаму калектыву “Настаўніцкай газеты” поспехаў у розных пачынаннях, каб і надалей на старонках друкаваліся цудоўныя тэксты і артыкулы, якія б чыталіся на адным дыханні і пакідалі творчы след у душы кожнага настаўніка: і маладога, і вопытнага. Цікавых ідэй вам, паважаная рэдакцыя, крэатыўнага падыходу, несумненнага поспеху, стабільнай дзейнасці, а самае галоўнае — моцнага здароўя.

Любоў ТАРАСЕНКА, пастаянны i зацiкаўлены чытач, загадчык Дрыбiнскага раённага вучэбна-метадычнага кабiнета

Калi б у мяне спыталi: “Настаўнiцкая газета… Якiя два словы, на ваш погляд, можна суаднесцi з гэтай назвай?”, я б адразу адказала: “Значная i патрэбная”.

Растлумачу сваё меркаванне. Газета значная для ўсёй педагагiчнай супольнасцi. А чаму патрэбная? Па-першае, “Настаўнiцкая газета” дае магчымасць прадставiць вопыт уласнай педагагічнай дзейнасці, вопыт канкрэтнага настаўніка або вопыт педагагічнага калектыву ўстановы адукацыi. Па-другое, дазваляе пазнаёміцца з вопытам работы калег для далейшага яго ўкаранення ў практыку сваёй работы з улікам спецыфікі канкрэтнага рэгiёна. Па-трэцяе, садзейнiчае стварэнню ўмоў для фармiравання настаўнiка як асобы i прафесiянала.

Ёсць шэраг пытанняў, над якiмi мы часта разважаем на пасяджэннях раённых метадычных аб’яднанняў, школы маладога настаўнiка, творчых груп. Напрыклад, што значыць “Настаўнiцкая газета” для кожнага з нас? Чым яна вабiць настаўнiкаў? Чаму мы чакаем кожны яе выпуск? Якiя новыя рубрыкi з’явiлiся? Якiя новыя тэхналогii выкарыстоўваюць у сваёй педагагiчнай дзейнасцi нашы калегi?

Ёсць i мае пытаннi, асабістыя, адказы на якiя я хачу агучыць.

Пра каго мы заўсёды памятаем, дзякуючы “Настаўнiцкай газеце”? З гордасцю чытаю пра настаўнiкаў, якiя шмат гадоў свайго жыцця прысвяцiлi навучанню i выхаванню падрастаючага пакалення. 

На што нас накiроўваюць матэрыялы газеты? Адказ на гэтае пытанне я знаходжу ў рубрыцы “Адукацыя ў асобах”: прафесiйны рост i самаўдасканаленне, самаразвiццё i самарэалiзацыя.

У якой рубрыцы мы маем магчымасць пазнаёмiцца з эфектыўным вопытам работы педагогаў розных абласцей, параўнаць са сваёй дзейнасцю i вызначыць мэты для далейшай? Гэта рубрыка “Адукацыйная прастора”, якую я заўсёды чытаю з захапленнем.

У чым я абсалютна ўпэўнена? Адказ на гэтае пытанне я кожны раз знаходжу ў рубрыцы “Падзеi. Факты. Людзi”: педагагiчная супольнасць Беларусi — гэта гордасць нашай рэспублiкi!

Настаўнiцкая газета! Якое гучнае спалучэнне слоў вось ужо на працягу 75 гадоў. Гучы i далей у кожным кутку нашай Радзiмы, усхваляй працу настаўнiка, паказвай яе значнасць i запатрабаванасць у грамадстве.

Паважаныя супрацоўнiкi гэтай цудоўнай газеты! Вялiкi дзякуй за ваш прафесiяналiзм, творчасць, новыя iдэi, за ўменне матываваць, захап­ляць, усхваляць. Здароўя, дабрабыту, далейшага росквiту, будзьце шчаслiвымi на зямлi пад белымі крыламi, у роднай Беларусi!

Людміла СТАРАСЦІНА, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі

Своеасаблівы маяк для педагогаў. Выданне, якое спрыяе творчаму росту, павышэнню кваліфікацыі настаўнікаў, якое падтрымлівае духоўныя, агульначалавечыя каштоўнасці ў нашым грамадстве. Так я ахарактарызавала б “Настаўніцкую газету”. І мяркую, што са мной пагодзіцца ўсё настаўніцтва Магілёўшчыны. Кожны педагог сапраўды можа назваць газету сваёй, бо на старонках выдання заўсёды можна знайсці аб’ектыўныя матэрыялы аб праблемах у сферы адукацыі і шляхах іх вырашэння.

Як уважлівы чытач, з упэўненасцю скажу, што артыкулы, якія публікуюцца ў “Настаўніцкай газеце”, адрозніваюцца актуальнасцю, шырынёй поглядаў, усебаковым асвятленнем самых важных і складаных пытанняў адукацыйнай галіны. Гартаючы старонкі газеты, можна азнаёміцца з дзейнасцю асветнікаў мінулага і інавацыйнай сістэмай адукацыі сучаснасці, даведацца шмат новага аб ветэранах педагагічнай працы і працоўных буднях сённяшніх настаўнікаў, вывучыць перадавы педагагічны вопыт.

Сёлета “Настаўніцкая газета” адзначае сваё 75-годдзе. У нашага галіновага выдання багатая гісторыя. Але газета застаецца цікавай, запатрабаванай, бо, негледзячы на паважаны ўзрост, захоўвае творчую ўспрымальнасць да ўсяго новага і перадавога. Напэўна таму галоўны капітал рэдакцыі — любоў і давер шырокай чытацкай аўдыторыі.

З юбілеем, “Настаўніцкая газета”! Шчыра жадаем вашаму калектыву творчага натхнення, плённай працы, росквіту і дабрабыту.

Таццяна ЖУКОЎСКАЯ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Цяцерынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Круглянскага раёна

За 75-гадовы перыяд існавання ў інфармацыйнай прасторы Беларусі  “Настаўніцкая газета” стала не толькі карысным, патрэбным, але і любімым выданнем для ўсіх нас, яе падпісчыкаў-педагогаў.

Матэрыялы, змешчаныя на старонках газеты, мы заўсёды ўважліва прачытваем, абмяркоўваем з калегамі найбольш цікавыя з нашага пункта гледжання моманты, прадумваем магчымыя шляхі ўкаранення вопыту калег ва ўласную практыку. У сувязі з гэтым мы ўдзячны калектыву “Настаўніцкай газеты” за ўмелае акумуляванне і прапаганду педагагічнага вопыту, а таксама за магчымасць, якая даецца нам, каб годна прадставіць сябе педагагічнай супольнасці.

На мой погляд, важным дасягненнем газеты з’яўляецца тое, што на яе старонках значная ўвага ўдзяляецца ўстановам адукацыі ”глыбінкі”. Такім чынам, усе чытачы маюць магчымасць упэўніцца, што адукацыйны працэс у вясковых школах пастаўлены не горш, чым у горадзе. Шчырыя словы ўдзячнасці вам за гэта!

Заўсёды радуюць пазітыўны настрой газеты, прапаганда новых ідэй і падыходаў. Таму найбольшую цікавасць і актуальнасць набываюць рубрыкі “Педагагічны вопыт”,  “Інклюзія”, “Фізічнае выхаванне”, “Якасць адукацыі”, “Адукацыя ў асобах”, “Адказвае Міністэрства адукацыі”.

На старонках газеты шануюцца традыцыі аб’ектыўнасці, увагі да педагога, якія былі закладзены не адным пакаленнем журналістаў. Таму газета і застаецца для свайго чытача не толькі кампетэнтнай крыніцай інфармацыі, але і чулым, уважлівым суразмоўцам. Хацелася б да слоў віншавання  з нагоды юбілею дадаць словы ўдзячнасці калектыву выдання за ўдумлівую і нераўнадушную працу, за праўдзівае адлюстраванне па­дзей, якія адбываюцца ў нацыянальнай адукацыі, у жыцці і працы беларускіх педагогаў. Дзякуем вам за тое, што натхняеце нас, настаўнікаў, на пазітыўныя змены ў адукацыі — праз прысутнасць на старонках выдання творчых людзей, інавацыйных ідэй, праз вер­насць беларускай мове, праз пашырэнне выхаду ў электронную інфармацыйную прастору.

Жадаю творчай камандзе “Настаўніцкай газеты” рэалізацыі намечаных планаў, прафесійных поспехаў, захавання добрых традыцый, удзячных чытачоў. Ідзіце наперад да новых рубрык, падпісчыкаў і юбілеяў!