Убачыць паэзію жыцця ў мастацкім слове

- 14:01Нам пішуць

У рамках святкавання 200-годдзя з дня нараджэння вялікага рускага пісьменніка І.С.Тургенева ў сярэдняй школе № 2 Камянца адбыліся тэматычныя мерапрыемствы і адкрытыя ўрокі, праведзеныя настаўнікамі рускай мовы і літаратуры Д.Г.Макаравай, В.А.Грыб, Л.В.Баранавай і Г.В.Парфянюк.

Педагогі расказвалі вучням пра жыццё і творчасць пісьменніка, знаёмілі з цікавымі і малавядомымі фактамі асабістага і творчага жыцця творцы. Дзеці па-новаму адкрылі для сябе вялікага майстра слова, паглыбіліся ў цікавы свет тургенеўскіх герояў, успомнілі вядомыя старонкі яго непаўторных твораў.

Вывучаючы раман “Бацькі і дзеці”, старшакласнікі адзначалі, што гэты твор непадуладны часу, а яго ідэі надзвычай актуальныя і сёння. Акрамя таго, раман валодае вялікім выхаваўчым патэнцыялам.

Падчас тэматычных мерапрыемстваў вучні падарожнічалі па старонках любімых тергенеўскіх апавяданняў і аповесцей, пераносіліся ў чароўны свет прыроды, адпраўляліся ў віртуальную экскурсію на малую радзіму пісьменніка, адказвалі на пытанніінтэрактыўнай віктарыны, адгадвалі загадкі, танцавалі, спявалі, чыталі ўрыўкі з аўтарскай прозы, глядзелі відэафрагменты паводле мастацкіх твораў.

Мерапрыемствы паказалі, што І.С.Тургенеў і сёння застаецца адным з любімых пісьменнікаў дзякуючы жывой праўдзе жыцця, адметным мастацкім вобразам, любові да чалавека, Радзімы, прыроды і мастацтва.

Варвара ГРЫБ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Камянца.