Упрыгожылі малую радзіму карыснымі справамі

- 16:03Нам пішуць

Выхаванне любові да роднай зямлі пачынаецца з любові да блізкіх, дома, вёскі, горада, прыроды роднага краю. Дзіцячае ўспрыманне і ўражанні асабліва яркія і запамінальныя, але прывіць патрыятычныя пачуцці дзецям даволі няпроста. Гэта звязана з уласцівасцямі дзіцячага ўзросту, недастатковым жыццёвым досведам. Яшчэ больш складана гэта зрабіць дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Тым не менш разуменне таго, што кожны чалавек жыве ў сваім родным куточку не сам па сабе, а з’яўляецца членам грамадства і жыхаром Беларусі, трэба закладваць з самага дзяцінства.

Педагогі Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Баранавіч вялікую ўвагу ўдзяляюць рабоце па фарміраванні ў дзяцей пачуцця ўласнага “я”, паважлівага стаўлення і любові да ўсяго, што акружае іх з самага дзяцінства, — малой радзімы. Гэтыя выхаваўчыя задачы вырашаюцца на працягу адукацыйнага працэсу: на пазаўрочных занятках і мерапрыемствах, падчас летняга аздараўлення. Як арганізаваць адпачынак не толькі з задавальненнем і карысцю для здароўя, але і для пашырэння кругагляду дзяцей, прывіцця павагі да іншых і родных мясцін? Адказ на гэтае пытанне педагогі шукалі ў сёлетнім аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем “Дружба”.

Падчас работы лагера была рэалізавана вялікая праграма мерапрыемстваў па спазнанні малой радзімы, якая ўключала знаёмства з прыродай роднага краю, сацыяльнымі аб’ектамі горада і экспазіцыяй краязнаўчага музея, акцыю да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, сацыяльна карысныя справы па навядзенні парадку каля помнікаў і памятных знакаў.

Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя прайшоў пад дэвізам “Наша прырода патрабуе беражлівага стаўлення”. Хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся на экскурсію ў гарадскі лесапарк мікрараёна Паўночны, каб азнаёміцца з раслінамі і палюбавацца прыгажосцю роднай прыроды. Акрамя таго, штодзень праводзіліся азнаямленчыя прагулкі па тэрыторыі цэнтра для знаёмства з расліннасцю, якой вельмі шмат у міні-садзе і агародзе. Дзеці з цікавасцю назіралі за прыкметамі прыроды і надвор’ем.

У Дзень падарожжаў хлопчыкі і дзяўчынкі накіраваліся ў аптэку і бібліятэку. У аптэцы азнаёміліся з работай правізара, вучыліся выклікаць спецыяліста, заказваць лекі, а ў бібліятэцы даведаліся аб правілах карыстання кнігамі і наведалі выстаўку музычных твораў і інструментаў.

Напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ў лагеры быў арганізаваны Дзень памяці. Гэтаму прысвяцілі акцыю “У вайны не дзіцячы твар”.

Разам з валанцёрамі працоўнага атрада “Рытм” з сярэдняй школы № 19 Баранавіч хлопчыкі і дзяўчынкі пабывалі каля помніка “Журботнай маці”, каб не толькі аддаць даніну памяці загінулым удзельнікам вайны і ўскласці кветкі, але і навесці парадак каля помніка. Захоўваць і аберагаць гістарычную спадчыну роднага краю абавязаны кожны! Трэба адзначыць, што працавалі хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікай ахвотай!

У апошні дзень лагернай змены ў госці былі запрошаны супрацоўнікі Баранавіцкага краязнаўчага музея, якія прэзентавалі ўнікальную кантактную выстаўку прадметаў побыту беларусаў. Дзеці паслухалі цікавыя аповеды супрацоўнікаў, дакрануліся да экспанатаў. Экспазіцыя краязнаўчага музея, прысвечаная побыту і заняткам жыхароў краю ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў дазволіла здзейсніць падарожжа на 100 гадоў назад.

Мерапрыемствы, прысвечаныя Году малой радзімы, аказаліся вельмі цікавыя і карысныя. Педагогі цэнтра будуць і надалей захоўваць і прымнажаць здабыткі роднага краю, упрыгожваць яго карыснымі справамі.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.