Урокі бяспекі

- 16:40Нам пішуць

Вучні 8—9 класаў сярэдняй школы № 3 Ашмян з мэтай прафарыентацыі і навучання асновам бяспекі жыццядзейнасці наведалі Цэнтр бяспекі МНС у Лідзе.

Навучэнцаў сустрэла малады супрацоўнік МНС і адначасова экскурсавод, якая пачала заняткі адразу ж з гардэроба, што аформлены ў выглядзе аўтобуса. Дзецям нагадалі правілы паводзінаў у грамадскім транспарце і на прыпыначных пунктах, расказалі аб мерах засцярогі ад махляроў-кішэннікаў, прычым усё ў даступнай і зразумелай форме.

У пакоі, які ўяўляў сабой вялікі горад з рознымі відамі транспарту, дарожнымі знакамі і святлафорамі, хлопчыкі і дзяўчынкі сутыкнуліся з надзвычайнымі сітуацыямі, з якіх трэба было выбрацца без пагрозы для жыцця.

Прагледзеўшы відэафільм пра бяспеку і арыентаванне ў лесе, экскурсавод правяла гульню “Адпраўляючыся ў лес, я бяру…”. Акрамя таго, прайшлі навучанне правільным паводзінам у адносінах да жывёл і насякомых.
Карыснымі былі заняткі аб аказанні першай медыцынскай дапамогі даросламу і дзіцяці, якія папярхнуліся. Навучэнцы змаглі павучыцца аказваць дапамогу на трэніровачных манекенах.

Асабліва цікавай была работа са сродкамі тушэння пажару. Здзіўленне выклікаў пакой, з якога можна патэлефанаваць у службы ратавання, абсталяваная кабінка з тэлефонамі. Навучэнцы адпрацоўвалі навыкі набору нумароў 101 ці 112 і размову з дыспетчарам па тэлефоне.

Апошні пакой аказаўся самым рэалістычным, бо імітаваў палаючую кватэру. Экскурсанты рухаліся па задымленым пакоі, арыентуючыся толькі па светлавым табло “выхад”.

Цэнтр бяспекі МНС цікавы тым, што для фарміравання навыкаў бяспечных паводзін выкарыстоўваюцца інавацыйныя тэхналогіі, сучаснае абсталяванне, віртуальнае паглыбленне ў асяроддзе, што імітуе надзвычайныя сітуацыі.

Поўныя эмоцый і захаплення, дзеці абяцалі вярнуцца ў Цэнтр МНС праз год, калі ўсталююць новыя трэнажоры і будзе праводзіцца квэст-гульня з выкарыстаннем акуляраў віртуальнай рэальнасці. Не выключана, што пасля наведвання цэнтра некаторыя падлеткі захочуць звязаць сваё жыццё з такой небяспечнай, але важнай і цікавай прафесіяй, як ратавальнік МНС.

Святлана ЛАБАЧЭЎСКАЯ,
класны кіраўнік 9 “Б” класа сярэдняй школы № 3 Ашмян.