“Усмешкі дзяцінства”

- 15:41Нам пішуць

Як выдатна, што хтосьці калісьці вырашыў дзецям радасць падарыць. Для гэтага ўсяго толькі трэба было пры школе летні лагер адкрыць. Так на базе Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы адкрыўся летні аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Усмешкі дзяцінства”.

Для кожнага дзіцяці лагер зазіхацеў сваёй гранню: хтосьці знайшоў новых сяброў, хтосьці адкрыў у сабе новыя творчыя здольнасці, хтосьці зразумеў, што працаваць — гэта цікава.

Выхаванцы бяруць актыўны ўдзел у шматлікіх спартыўных мерапрыемствах, спаборнічаюць, устанаўліваюць свае маленькія рэкорды, вывучаюць правілы дарожнага руху і бяспекі, удзельнічаюць ў конкурсах малюнкаў, знаёмяцца з народнымі звычаямі нашай краіны, “падарожнічаюць” па станцыях, шукаюць “скарбы”, “ператвараюцца” ў піратаў…

Яркія ўражанні засталіся ў дзяцей пасля экскурсіі ў парк “Гарні” Лідскага лясгаса. Наведалі спартыўную і дзіцячую пляцоўкі парку, убачылі фігуркі жывёл, башні, арэлі, горку для спуску, лабірынт з маленькіх туек, паглядзелі відэафільм аб прыродзе Беларусі, убачылі працэс сушкі і здабывання насення з шышак, даведаліся пра экзатычныя дрэвы. Цікавай і пазнавальнай была экскурсія ў Лідскі пагранічны атрад.

У дні здароўя і спорту праводзіліся эстафеты, якія вельмі спадабаліся дзецям. Незвычайнымі, займальнымі сталі гульні “Гарадкі” і “Класікі”. Дзень дзяцінства запомніўся тэатралізаваным прадстаўленнем з удзелам супрацоўніка Іўеўскай дзіцячай бібліятэкі.

У дзень падарожжа па малой радзіме ўвесь лагер выходзіў на экскурсію ў Іўеўскі музей нацыянальных культур. Дзеці даведаліся шмат цікавага пра гісторыю Іўеўшчыны, зладзілі гульні на музейнай пляцоўцы. З захапленнем узялі ўдзел у абласным конкурсе на лепшы флэшмоб “Малой радзіме прысвячаецца”, дзе сталі пераможцамі раённага этапу.

Алена ШКУТ,
дырэктар лагера “Усмешкі дзяцінства”;
Галіна УС,
старшы выхавальнік.