Усё далей пераможны май

- 10:28Нам пішуць

У гэтым годзе мы адсвяткавалі ўжо 73-ю гадавіну Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Усё далей падзеі тых грозных гадоў, усё менш застаецца жывых удзельнікаў вайны, хто змагаўся са зброяй у руках за свабоду нашага народа і ўсяго чалавецтва, тых, хто каваў гэтую Перамогу ў тыле. Бег часу спыніць нельга, на нашых вачах сыходзяць з жыцця апошнія франтавікі, пакаленне пераможцаў.

У рамках тэматычнага тыдня “Дзень Перамогі — свята ўсёй краіны!” у сярэдняй школе № 4 Клімавіч былі праведзены класныя і інфармацыйныя гадзіны “Нам патрэбен мір”, арганізаваны прагляды фільмаў, відэакліпаў, прэзентацый пра вайну, конкурсы малюнкаў “Вайна вачамі дзяцей” і чытальнікаў “Іх подзвіг будзе жыць у стагоддзях”. Школьнікі ўзялі ўдзел у рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Кветкі Вялікай Перамогі”. Удзельнікі акцыі віншавалі землякоў з надыходзячым святам і ўручалі паштоўкі-памяткі. Акрамя таго, навучэнцы наведалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і павіншавалі іх з Днём Перамогі, пажадаўшы моцнага здароўя, сіл і бадзёрасці. Яркім акордам напярэдадні Дня Перамогі стала літаратурна-музычная кампазіцыя “Мы памятаем! Мы ганарымся!”, падрыхтаваная педагогам-арганізатарам Людмілай Фёдараўнай Круцікавай.

Вучні нагадалі, якой была вайна для нашага народа, якой дарагой цаной дасталася Перамога. 1418 дзён і начэй грымелі баі. 1418 дзён і начэй вёў народ вызваленчую вайну. Доўгі i цяжкі быў шлях да Перамогі! Удзельнікі мерапрыемства чыталі вершы, выконвалі песні ваенных гадоў (“Кацюша”, “Жураўлі”), а таксама песні пра мір, родную і любімую Беларусь (“Мір патрэбны ўсім”, “Свету мір”, “Баявыя ордэны”, “Ветэранам мінулай вайны”, “Мая Беларусь” і інш.). Навучэнцы 11 класа паказалі займальную сцэнку “Шцірліц на ўроку”, а дзеці з 4 “А” класа нават запусцілі сваіх папяровых галубоў як сімвал міру на Зямлі.

9 Мая — дзень нашага гонару, велічы, мужнасці і адвагі. Мы ў вечным даўгу перад тымі, хто падарыў мір, вясну, жыццё. Пакуль будзем памятаць пра вайну — будзем жыць, будзе жыць наша Радзіма — Беларусь. І гэтае свята будзе самым светлым і радасным.

Марына НОВІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Клімавіч.