Відэа школьнай настаўніцы набрала ў TikTok 1,7 млн праглядаў, а ў Instagram — 2,2 млн

- 9:28Образование

Настаўніца працоўнага навучання Азяршчынскай сярэдняй школы № 1 Рэчыцкага раёна Дар’я Вітальеўна Старавойтава ўкараняе сучасныя тэндэнцыі ў адукацыйны працэс і вядзе тэматычны блог у сацыяльных сетках. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У сваім жыцці я больш за ўсё люб­лю дзяцей і творчасць, таму прафесію доўга шукаць не прыйшлося. Выбар быў відавочны. На жаль, я ўжо не малады спецыя­ліст, а хацелася б заўсёды заставацца ў гэтым статусе, — смяецца Дар’я Вітальеўна.

Педагог скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы”. Калі выбірала факультэт, падумала пра тое, што мастацка-графічны — адно з самых унікальных месцаў, дзе ёй будзе цікава атрымліваць веды і займацца творчасцю.

— Калі пачаць паглыбляцца ва ўсе плюсы і мінусы работы з дзецьмі, аднаго інтэрв’ю, вядома, не хопіць. Хіба што сцісла — з дзецьмі заўсёды будзеш пазна­ваць нешта новае, з імі перастанеш заўважаць ход часу і дакладна не засумуеш. Пра мінусы мне складана што-небудзь сказаць, стараюся ў сваёй рабоце бачыць толькі станоўчыя бакі, — дзеліцца настаўніца.

Методыка навучання, якую выкарыстоўвае Дар’я Вітальеўна, не новая. Педагог робіць упор на камп’ютарызацыю навучання і атрыманне эмацыянальных уражанняў на ўроку.

— Лічу, што такім чынам дзіця лепш запом­ніць матэрыял, чым калі падача той жа інфармацыі будзе суправаджацца сумным тлумачэннем. Я грунтоўна рыхтуюся да кожнага ўрока. Нават калі ў мяне паралельныя класы — вяду заняткі па розных сцэнарыях. Для мяне важна, каб інфармацыя была карыснай і патрэбнай у сучасным жыцці. Адсюль вынікае, што работа з інтэрнэтам здольна разнастаіць урок і зацікавіць вучняў. Напрыклад, можна вывучыць тэму “Дэкаратыўнае афармленне інтэр’ера” з дапамогай дадаткаў для работы дызайнера. У інтэрнэце ёсць мноства сайтаў, трэба толькі выбраць той, у якім бу­дзе зручней працаваць менавіта вам. У сетцы таксама ёсць зай­мальныя дадаткі, дзе даецца магчымасць самастойна сканструяваць 3D-ма­дэль адзення, а пазней зрабіць выкрайку вырабу. Або можна па­чаць з зусім простага — узяць QR-код (толькі не забывайце, што яго трэба яшчэ зрабіць) і раздрукаваць яго, раздаць дзецям, а далей яны па ім змогуць перайсці на вучэбнае відэа, — расказвае педагог.

Дар’я Вітальеўна выкарыс­тоўвае ўсе рэсурсы для адукацыі і пастаянна імкнецца вывучаць новыя тэхнікі і прыёмы ў рабоце з дзецьмі.

— Давайце спачатку разбяромся, чаму мне наогул прыйшла ідэя асвятляць сваё прафесійнае жыццё ў сетцы. Калі пачалася пандэмія, пачалі гаварыць пра пераход на дыстанцыйнае навучанне. У той момант я падумала, што будзе класна, калі змагу адпраў­ляць вучням відэаўрокі, якія сама ж і запішу. Паўстала пытанне, на якой інтэрнэт-платформе гэтым займацца. Асабіста распрацоў­ваць сайт не хацелася, але на той момант у мяне была старонка на YouTube. Гэта самы зручны спосаб выкладваць відэа. Плюс і ў тым, што гэта бясплатная платформа, няма абмежаванняў па колькасці відэа і зручны фармат для прагляду. Першыя ролікі змяшчалі рэцэпты, правілы вязання кручком і іншае. Паступова я плаўна перайшла ў Instagram і TikTok, — тлума­чыць настаўніца працоўнага навучання. 

Выхаванцы Дар’і Вітальеўны сочаць за яе блогам. Яны з задавальненнем удзельнічаюць у роліках разам з педагогам, пастаянна цікавяцца, ці будуць нешта здымаць, і часта прапануюць свае ідэі для REELS. У блогу настаўніцы ёсць адзін папулярны ролік, які набраў у TikTok 1,7 млн праглядаў, а ў Instagram — 2,2 млн.

— На відэа я паказала дзецям скрынку, якую прынесла ў пачатку ўрока, і сказала, што там ля­жыць фатаграфія самага любімага вучня. Далей прапанавала кожнаму па чарзе зазірнуць у яе. А сакрэт загадкавай скрынкі даволі просты:  там ляжала люстэрка, — расказвае педагог.

У асноўным настаўніца здымае па двух напрамках — вучэбным і забаўляльным.

— Вучэбны напрамак больш падыходзіць для педагагічнай працы. Калегі па цэху смела выкарыстоўваюць у сваёй рабоце прыёмы, якія я паказваю ў роліках. А што тычыцца забаўляльнага кантэнту, сачу за тэндэнцыямі і стараюся не адставаць ад дзяцей, — тлумачыць настаўніца.

У вольны час Дар’я Вітальеўна захапляецца мадэлінгам. Па магчымасці ўдзельнічае ў конкурсах прыгажосці.

— Я доўга марыла аб сцэне. І калі ўжо адбылася як педагог, вырашыла пайсці ў мадэльную студыю, раз у горадзе няма тэатральнай. Паспяхова прайшла кастынг. Так пачалося знаёмства з моднай індустрыяй. Потым я ўбачыла афішу: у нашым гора­дзе праводзіўся конкурс прыгажосці. Не магла адмовіць сабе ў задавальненні паў­дзельнічаць. У выніку да перамогі зусім крыху не хапіла. Але я не нервавалася, а прыняла гэта як каштоўны і станоўчы вопыт. Яшчэ былі паказы мод, здымкі ў рэкламе і работа педагогам у мадэльнай студыі, — дзеліцца Дар’я Ві­тальеўна. 

Цяпер вялікую частку часу настаўніца працоўнага навучання прысвячае рабоце над відэа для блога.

 — Я генерырую ідэі, агучваю ролікі і самастойна манцірую. Не магу сказаць, што ўсё гэта атрымліваецца на прафесійным узроўні, але ўсе мы з чагосьці пачынаем, — сціпла гаворыць педагог. 

Нядаўна на базе Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў прайшоў конкурс дзіцячага малюнка “Нам мір завешчана берагчы”, прымеркаваны да 78-й гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Вучаніца Дар’і Вітальеўны Кіра Доўгая намалявала простым алоўкам партрэт удзельніка вайны з элементамі пейзажу на фоне. З гэтай работай яна заняла 3-е месца на раённым этапе, чым вельмі ганарыцца педагог.

— Работа ў школе прадугледжвае не толькі актыў­насць на ўроках, але і ўдзел у конкурсах. Дарэчы, у нас дастаткова шмат перамог. Мы ўвахо­дзілі ў тройку лідараў у раённых этапах такіх конкурсаў, як “Выконвай закон дарог” і “Прырода і жывёльны свет Беларусі”. А ўдзе­л прымалі ва ўсерасійскім конкурсе “Народная цацка”, конкурсе дзіцячага малюнка ў рамках сацыяльнага праекта “Ход канём”, міжнародным конкурсе творчасці “Бераг мары”, рэспуб­ліканскім конкурсе дзіцячай творчасці “Пасланне ветэрану” і многіх іншых. Не буду пералічваць усе, але самым цікавым лічу конкурс 23rd ShinHan Postcard Art Contest, які праходзіў у Паўднё­вай Карэі, — удакладняе настаўніца.

Дар’я Вітальеўна лічыць: галоўнае, чаму павінен навучыць педагог, — не баяцца перашкод і ісці наперад да дасягнення сваёй мэты, паказваючы гэта на сваім прыкладзе.

Настасся ЧАРКАНАВА
Фота з архіва настаўніцы