Вось і лета прайшло…

- 14:52Нам пішуць

Цэлыя тры месяцы вольнага і бесклапотнага жыцця праляцелі непрыкметна, але ўспаміны аб летніках застануцца надоўга.

На працягу летніх канікул на базе Любчанскай сярэдняй школы працавалі два аздараўленчыя летнікі, спартыўны летнік, летнік працы і адпачынку, палатачны летнік.

У аздараўленчых адпачывалі малодшыя школьнікі. Дзеці “падарожнічалі” па станцыях, удзельнічалі ў конкурсах, гулялі на свежым паветры, спаборнічалі, ставілі свае маленькія рэкорды, вывучалі правілы дарожнага руху і бяспекі. Арганізаваны сустрэчы з цікавымі творчымі людзьмі, прадстаўнікамі розных прафесій. Асабліва запамінальнай стала сустрэча з работнікамі МНС: дзеці даведаліся шмат новага аб прафесіі пажарнага-ратавальніка і тэхнічных магчымасцях іх спецыялізаванага транспарту.

Не засталіся без увагі пажылыя людзі. Дзеці з задавальненнем аказвалі ім дапамогу ў зборы ўраджаю.Для кожнага дзіцяці летнік быў цікавы па-свойму: хтосьці знайшоў новых сяброў, хтосьці адкрыў у сабе новыя творчыя здольнасці, хтосьці навучыўся перамагаць і годна прымаць паражэнне ў спартыўных спаборніцтвах.

Старшакласнікі наведвалі летнік працы і адпачынку. У год малой радзімы ён працаваў па праекце “Тут Радзімы маёй пачатак”, мэтай якога было выхаваць пачуццё любові і павагі да малой радзімы і да роднай краіны.

Удзельнікі атрымалі новыя веды пра гісторыю малой радзімы, даведаліся пра таленавітых людзей роднага краю, звычаі і традыцыі; праз практычную грамадска карысную дзейнасць імкнуліся прынесці карысць школе, пасёлку.

Самым запамінальным стаў палатачны летнік: тут спасцігалі азы самастойнага жыцця. На працягу ўсёй змены адпачынак быў насычаны спартыўнымі гульнямі, спаборніцтвамі, інтэлектуальнымі настольнымі гульнямі. Дзецям падабаецца вырвацца са звыклага ладу жыцця і пажыць на прыродзе, забыўшыся пра інтэрнэт і камп’ютары. А начаваць у палатках — гэта таксама асаблівае пачуццё! Яшчэ была магчымасць парыбачыць, пакупацца і пазагараць. А вячэрняе вогнішча з печанай бульбай?.. Такое не забудзеш ніколі!

Дні, праведзеныя ў летніх прышкольных лагерах, узбагацяць незабыўнымі ўражаннямі і прыемнымі ўспамінамі на ўвесь навучальны год.

Святлана БУШМІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.