Восень у вышыванцы

- 10:57Нам пішуць

У рамках тыдня малой радзімы выхавальнікі ясляў-сада № 3 Глуска арганізавалі тэматычныя заняткі, гутаркі, гульні. Кожны дзень меў пэўную тэматыку.

Выхаванцы наведалі музей “Беларуская хатка” ў гімназіі, сустрэліся з аўтарам вершаў Любоўю Ляпко і мастаком Уладзімірам Кісялевічам, склалі радавод і выказванні пра родны край, малявалі сваю сям’ю… Завяршэннем тыдня стала “Восень у вышыванцы”, якую падрыхтавалі музычны кіраўнік Таісія Палякова, выхавальніца старшай групы Альбіна Ігнаценка і яе памочнік Алена Дарошка сумесна з дзецьмі і бацькамі.

Яшчэ на пачатку свята сапраўдны народны каларыт стварылі з густам аформленыя дэкарацыі: элементы ўтульнай беларускай хаткі — печ, гліняны посуд, прылады працы, засланыя вышытымі вырабамі ложак і стол. Але самае цікавае адбылося тады, калі на сцэну пачалі выходзіць апранутыя ў народныя строі выхаванцы. Загучала з вуснаў дзяцей мілагучнае роднае слова. Як сапраўдныя артысты яны выконвалі беларускія песні і вершы, жартавалі, танцавалі і развітваліся з восенню-чараўніцай. Адным з яркіх момантаў стала дэфіле нацыянальных касцюмаў, створаных бацькамі і педагогамі ўстановы.

Свята атрымалася па-народнаму вясёлае, па-сямейнаму цёплае і душэўнае. У другой палове дня ўсіх чакала фотамайстэрня “Натхненне”, тут можна было сфатаграфавацца ў вышыванцы.

Юлія ЧУБАН,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 3 Глуска.