Вусны тэст: вопыт настаўніцы матэматыкі Ніны Мынка

- 16:54Образование, Портфолио

Практыка тэставай формы кантролю ведаў навучэнцаў у цяперашні час даволі актуальная, асабліва ў святле ўвядзення новай формы ЦЭ.

Фота Наталлі Калядзіч выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Тэсты з’яўляюцца мабільным, аб’ектыўным і эфектыўным сродкам кантролю, таму мэтазгодна пачынаць прымя­няць іх як мага раней. На сайце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь змешчаны метадычныя рэкамендацыі па складанні і ацэньванні тэставых работ па ўсіх прадметах.

Форму вуснага тэста вельмі зручна выкарыстоўваць ужо на першых этапах урока матэматыкі для актывізацыі і матывацыі навучэнцаў. Выконваючы тэставыя заданні закрытага тыпу, навучэнцы павінны адзначыць нумары правільных адказаў. Аднак гэты момант на ўроку можна ўдасканаліць, сумясціўшы, як кажуць, карыснае з прыемным. Тэст структуруецца ў табліцу, дзе ў першым слупку змешчаны самі заданні, а ў астатніх — варыянты адказаў (іх можа быць тры, чатыры ці пяць). А вось правільным адказам будуць адпавядаць не нумары, а літары задуманага слова. Слова, вядома, таксама не павінна быць доўгім. Рашаючы заданні, навучэнцы атрымліваюць адпаведныя літары, з якіх у выніку складаецца правільнае слова. Выніковым словам можа быць які-небудзь матэматычны тэрмін; прозвішча вядомага чалавека, у якога ў гэты дзень знамянальная дата; прозвішча матэматыка, які ўнёс значны ўклад у вывучэнне пэўнай тэмы, і г.д. Дарэчы, менавіта тут можна выкарыстаць і патрыятычную тэму.

Заданні павінны быць пасільнымі, каб навучэнцы маглі справіцца з імі вусна і хутка. У адным тэсце можна праверыць розныя моманты засваення тэмы. Згодна з правіламі складання тэстаў, няправільныя адказы на кожнае пытанне таксама падбіраюцца “з розумам”, прадугадваючы магчымыя памылкі навучэнцаў.

Варта ўлічваць і такія моманты:

1) для навучэнцаў, якія, не рашаючы, спрабуюць адгадаць слова, літары няправільных адказаў пажадана падбіраць так, каб з іх таксама складаліся словы;

2) калі задуманае слова простае для дзяцей, то яны, вядома, не будуць ра­шаць тэст да канца, разгадаўшы слова па першых літарах. У гэтым выпадку можна зага­дзя памяняць парадак літар патрэбнага слова, а потым прапанаваць з атрыманых літар скласці слова.

Навучэнцы лічаць вусна, а ў сшытак запісваюць толькі літары. Настаўніку вельмі зручна: па-першае, дакладна працуюць усе навучэнцы, а па-другое, па словах, якія складаюцца, у сшытках адразу бачна, як у дзяцей ідзе работа, хто спраўляецца хутчэй, якія дапускаюцца памылкі. Гэтыя памылкі потым разбіраюцца, называюцца іх прычыны.

Калі адгаданае слова ўжо вядомае дзецям, то прапануюцца адпаведныя пытанні. Калі гэта, напрыклад, прозвішча матэматыка, то паведамляецца аб яго ўкладзе ў пэўны раздзел матэматыкі.

Тэст у выглядзе невялікай табліцы зручна дэманстраваць на інтэрактыўнай панэлі, а пасля атрымання выніковага слова можна там жа прадэманстраваць адпаведную цікавую інфармацыю (напрыклад, партрэт, візуалізацыю атрыманага тэрміна ці падзеі і г.д.) Пры неабходнасці начарціць такую таб­лічку на дошцы таксама не зойме шмат часу.

Прыклады вусных тэстаў

1. На адным з першых урокаў у 5 класе на этапе актуалізацыі ведаў можна прапана­ваць такі просты тэст.

Правільны адказ: КЛАСС. Заданні і пытанні: прыдумайце сказы з гэтым словам; якія значэнні можа мець гэтае слова? Што яно азначае ў біялогіі, у гісторыі? Што азначае слова “клас” у матэматыцы? Якія класы ў запісе натуральных лікаў вы ведаеце?

2. На абагульняючым уроку ў 9 класе (беларускамоўным) па тэме “Прагрэсіі”.

З атрыманых літар павінна сабрацца слова “наперад”, якое мае непасрэднае дачыненне да тэмы: progression — у перакладзе з лацінскай “рух наперад”.

3. У 8 класе на абагульняючым уроку па тэме “Тэарэма Піфагора” трэба знайсці х.

Правільны адказ: КОСМОС. Так Піфагор назваў зорны свет на мове яго Радзімы (Старажытнай Грэцыі). Азначае гэтае слова “парадак, дасканаласць”.

4. У 10 класе на адным з урокаў па тэме “Уласцівасці каранёў п-й ступені” можна прапанаваць такі вусны тэст.

Правільны адказ: ВЕРА. Гэта імя цудоўнай жанчыны, Героя Савецкага Саюза, вядомай беларускай партызанкі і падпольшчыцы Веры Харужай. Яе імем названы вуліцы і плошчы ў Мінску, Брэсце, Віцебску; ёй устаноўлены помнікі ў Мазыры і Пружанах; выпушчана паштовая марка.

Безумоўна, такія заданні можа прыдумаць любы настаўнік па любой тэме, толькі давядзецца патраціць на гэта крыху часу. Даваць іх можна і ў пачатку ўрока пры актуалізацыі ведаў, і на этапе рэфлексіі. Такім чынам, правяраючы засваенне ведаў па матэматыцы, настаўнік адначасова садзейнічае развіццю творчай актыўнасці і пашырэнню кругагляду навучэнцаў у розных галінах.

Ніна МЫНКА,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 20
Баранавіч Брэсцкай вобласці