Вялікае чыгуначнае падарожжа

- 16:24Нам пішуць

Другі год запар навучэнцы гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна здзяйсняюць краязнаўчую экспедыцыю. У мінулым годзе юныя гімназісты вывучылі помнікі гісторыі Гродзенскага і Мастоўскага раёнаў. Улетку 2018 года месцам працы экспедыцыі была выбрана паўднёвая частка нашай вобласці з арганізаваным начлегам і харчаваннем у Ваўкавыску ў рамках работы аздараўленчага 9-дзённага лагера з кругласутачным знаходжаннем “Юны краязнаўца”. Штодня пасля снедання калона юных краязнаўцаў накіроўвалася на вакзал Ваўкавыска, а адтуль на прыгарадным цягніку дабіралася да чарговага гістарычнага аб’екта. Вось таму наша падарожжа і атрымала назву “Вялікае чыгуначнае”.

У першы дзень работы лагера юныя краязнаўцы наведалі знакаміты Свята-Успенскі мужчынскі манастыр у Жыровічах. У Слоніме дзеці ўбачылі мясцовыя славутасці, сярод якіх пахаванне генерала Міхаіла Лявіцкага. Адпачываючы ў гарадскім парку Слоніма, размешчаным уздоўж ракі Шчары, вучні змаглі ўявіць, як выглядаў больш за 200 гадоў назад вядомы на ўсю Еўропу тэатр на вадзе, або плавальны тэатр Міхаіла Казіміра Агінскага.

Знаходзячыся ў Ваўкавыску, нельга было не наведаць ваенна-гістарычны музей П.І.Баграціёна, размешчаны ў будынку сядзібы, дзе ў чэрвені 1812 года знаходзіўся штаб расійскага палкаводца. На жаль, мала хто ведае, што музей валодае ўнікальнай і багатай, прысвечанай падзеям напалеонаўскіх войнаў экспазіцыяй, перададзенай калісьці артылерыйскім музеем Ленінграда. Потым дзяцей чакаў сюрпрыз: пад’ём на Шведскую гару (32 м) і зачаравальны від на Ваўкавыск.

З дапамогай чыгуначнага транспарту ўдзельнікі падарожжа наведалі памешчыцкія сядзібы ХІХ стагоддзя Ваўкавыскага раёна ў Тэаліне, Гнёзне, Росі. Сядзібныя комплексы ўключаюць палацы або сядзібныя дамы, гаспадарчыя і вытворчыя будынкі, храмы, капліцы, паркі, сады, водныя сістэмы. Кожная з пералічаных сядзіб непаўторная і ўнікальная. Так, у Тэаліне знаходзіцца адзіны захаваны ў Беларусі тэрасавы парк, у Росі — знакаміты дом садоўніка, вадзяны млын, вялікая пахавальня гаспадароў сядзібы Патоцкіх. У Гнёзне ўвазе вучняў была прадстаўлена сядзіба Тарасавічаў. Тут знаходзіцца гонар Гродзеншчыны — касцёл Святога Міхаіла, пабудаваны ў гатычным стылі і асвечаны ў далёкім 1524 годзе.

На восьмы дзень лагера вучні наведалі сядзібы Падароска, Красак, Ружан і Косава. Усе сядзібы ўразілі юных краязнаўцаў: падароская — гармоніяй з прыродай і выдатным экскурсаводам Андрэем Коласам, краскоўская — вытанчанасцю, ружанскую рэзідэнцыю Сапегаў нездарма называюць беларускім Версалем, а косаўскі палац падобны на замак казачнага караля.

Удзельнікі экспедыцыі прымалі актыўны ўдзел у распрацоўцы маршруту, падборы неабходнай інфармацыі, рабілі падчас падарожжа фотарэпартажы, бралі інтэрв’ю ў мясцовых жыхароў, аналізавалі ўбачанае і пачутае. На працягу 9 дзён навучэнцамі былі наведаны 9 сядзібных комплексаў, 5 праваслаўных і каталіцкіх храмаў, 2 помнікі прамысловай архітэктуры, 6 мемарыялаў воінам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, а таксама выканання інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане.

Наш лагер завяршыў сваю работу. Юныя краязнаўцы вярнуліся прыгарадным цягніком Баранавічы — Гродна дадому. Уражанні, атрыманыя ў ходзе вялікага чыгуначнага падарожжа, яшчэ надоўга застануцца ў іх памяці.

Дзяніс ТАРАСЮК,
настаўнік гісторыі гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна.