Выхоўваем любоў да роднага краю

- 15:27Нам пішуць

Педагогі Вялікаэйсмантаўскага ясляў-сада маюць на мэце навучыць выхаванцаў ганарыцца сваім аграгарадком.

Для выхаванцаў нашай дашкольнай установы малая радзіма — гэта аграгарадок Вялікія Эйсманты Бераставіцкага раёна. На мінулым тыдні група дашкольнікаў наведала музей КСУП “Варанецкі” “Зямля і людзі”, які быў адкрыты у 2017 годзе. Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з гісторыяй стварэння і развіцця сельскагаспадарчага прадпрыемства, даведаліся аб сваіх знакамітых земляках, кіраўніках гаспадаркі.

Экскурсію па музеі праводзіла выхавальнік дашкольнай адукацыі Алена Леўсік, якая нарадзілася і вырасла ў Вялікіх Эйсмантах і многія падзеі праходзілі на яе вачах. З заміраннем сэрца слухалі дзеці аповед свайго педагога пра Андрэя Максімавіча Варанецкага, які з 1953 па 1972 год працаваў старшынёй калгаса “Гвардыя”. Андрэй Максімавіч зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё гаспадаркі і яе сацыяльнай сферы. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга і многімі медалямі, а калгас “Гвардыя” ў 1967 годзе быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Цікава было даведацца, што А.М.Варанецкі быў дырэктарам школы ў Вялікіх Эйсмантах!

Уражаныя, затрымаліся дзеці каля стэнда, прысвечанага цяперашняму кіраўніку сельскагаспадарчага прадпрыемства Іосіфу Іосіфавічу Коласу, які ўзначаліў гаспадарку ў 2007 годзе. За сумленную і плённую працу Іосіф Іосіфавіч узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”, Падзячным пісьмом Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Яго імя занесена ў Кнігу Славы Гродзенскай вобласці. Захапленне ад экспанатаў было падмацавана праглядам дакументальнага фільма аб працоўным шляху І.І.Коласа. Менавіта дзякуючы яму кожны год папаўняецца матэрыяльна-тэхнічная база нашай дашкольнай установы.

Гуляючы з дзецьмі па галоўнай вуліцы аграгарадка, выхавальнікі звярталі ўвагу дашкольнікаў на прыгажосць будынкаў, гутарылі аб будаўніках, якія ствараюць такія выдатныя дамы…

Дзеці атрымалі ад экскурсіі безліч уражанняў. У выніку ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі паабяцалі заўсёды любіць свой родны аграгарадок Вялікія Эйсманты і ганарыцца тым, што жывуць у адным з выдатных куткоў нашай Радзімы.

Алена БУТКЕВІЧ,
загадчык Вялікаэйсмантаўскага ясляў-сада Бераставіцкага раёна.