Выкарыстанне прыёму «Музей у чамадане» на ўроках беларускай мовы: вопыт Гарбавіцкай школы

- 17:06Образование, Портфолио, Приложение

Менавіта ў школе пачынаецца фарміраванне якасцей творчай асобы, і задача настаўніка — не толькі даць вучням як мага больш глыбокія веды па прадмеце, але і развіць творчыя здольнасці кожнага дзіцяці.

На жаль, у сучасным адукацыйным працэсе існуе праблема развіцця творчых здольнасцей вучняў. Пашырэнне камп’ютарызацыі, тэставых форм кантролю ведаў абмяжоўваюць моўную практыку вучняў. Са свайго вопыту магу адзначыць, што немагчыма развіць творчыя здольнасці дзіцяці, калі яму нецікава і яно не бачыць патрэбы ў набыцці ведаў.

МАЙСТАР-КЛАС

Мэта: стварэнне ўмоў для развіцця педагагічнага майстэрства ўдзельнікаў майстар-класа шляхам абмену вопытам у хо­дзе прафесійнага ўзаемадзеяння.

Задачы:

  • азнаёміць удзельнікаў майстар-класа з прыёмам музейнай педагогікі “Музей у чамадане”;
  • абмеркаваць праз сумесную дзей­насць удзельнікаў майстар-класа магчымасці эфектыўнага выкарыстання прыёму “Музей у чамадане” на ўроках беларускай мовы для развіцця творчых здольнасцей вучняў;
  • стварыць спрыяльныя ўмовы для самарэалізацыі ўдзельнікаў і стымулявання іх творчага патэнцыялу.

Абсталяванне: камп’ютар, прэзентацыя, чамадан з музейнымі экспанатамі, раздатачны матэрыял (клей, каляровыя алоўкі, аркушы паперы А3).

Ход майстар-класа

  1. Арганізацыйны этап

Мэта этапу: псіхалагічная гатоўнасць удзельнікаў да заняткаў.

—  Добры дзень, паважаныя калегі! Я вельмі рада вас вітаць! Тэма нашага майстар-класа — “Музей у чамадане” на ўроках беларускай мовы. Крок да творчасці”.

Прыём “Букет”

— Шаноўныя калегі, сёння на вуліцы пахмурна. Сонца ўжо даўно нам не ўсміхалася. Я прапаную ўзняць настрой і ўпрыгожыць наш пакой кветкамі. Для гэтага мы з вамі складзём букет. Вы спытаеце: дзе мы возьмем зараз кветкі? А кветкамі бу­дзем мы з вамі. Я прапаную вам выбраць з прапанаваных кветак адну (назваць, якая вы кветка) і адным прыметнікам растлумачыць свой выбар. Напрыклад, я рамонак, бо сонечная! (Усе па чарзе выбіраюць кветку.)

 У нашым пакоі адразу стала цяплей і весялей, бо зацвілі кветкі, а на вашых тварах — усмешкі. А зараз з гэтым добрым настроем мы пачнём працаваць.

ІІ. Арыентацыйна-матывацыйны этап

Мэта этапу: гатоўнасць групы да атрымання новых ведаў, набыццё матывацыі.

Апытанне:

  1. Ці ведаеце вы такі прыём музейнай педагогікі, як “Музей у чамадане”?
  2. Як вы разумееце гэтае паняцце?
  3. Ці з’яўляецца, на вашу думку, гэты прыём эфектыўным для развіцця творчых здольнасцей вучняў на ўроках беларускай мовы?

— Мая галоўная задача — азнаёміць вас з прыёмам “Музей у чамадане” і даказаць эфектыўнасць яго выкарыстання для развіцця творчых здольнасцей вучняў на ўроках беларускай мовы.

ІІІ. Тэарэтычны этап

Мэта этапу: усведамленне ўдзельнікамі зместу прапанаванага матэрыялу, пазнавальная актыўнасць удзельнікаў.

“Музей у чамадане” — гэта міні-экскурсія (гісторыя аднаго экспаната, падзеі, прадмета). Гэты прыём можа прымяняцца ў двух варыянтах: “Музей у чамадане” з музея (калі прадметы якога-небудзь музея вывозяцца за яго межы) і “Музей у чамадане” для музея (калі рэдкія прадметы збіраюцца ў чамаданы для канкрэтнага музея, арганізацыі выстаў з наступным вяртаннем іх уладальнікам).

Экскурсіі ў вучэбны час уваходзяць у сістэму ўрокаў па тэмах вучэбных прадметаў. Яны садзейнічаюць пашырэнню культурнага кругагляду дзяцей, выхаванню ў іх патрыятызму, любові і павагі да працы, усебаковаму грамадзянскаму выхаванню асобы. “Музей у чамадане” дае магчы­масць, па-першае, хутка і мабільна разгарнуць выставу, прадставіць экспанат, маніпуляваць музейнымі прадметамі. Па-другое, экскурсію можна праводзіць у любым памяшканні і нават на адкрытых пляцоўках. Па-трэцяе, неабходная тэматычная экспазіцыя і экспанат размяшчаюцца ў чамадане, што з’яўляецца вельмі зручным для іх пераносу.

Дзякуючы “Музею ў чамадане”, ствараецца эфект таямнічасці, здзіўлення ад таго, што адбываецца; развіваецца дапытлі­васць; ствараецца атмасфера навучання з забавай.

У ходзе экскурсіі ў такім фармаце вучні могуць далучыцца да культурных і гістарычных традыцый сваёй малой радзімы, сутыкнуцца з мінулым праз жывое ўспрыманне музейнага экспаната. Да таго ж дзеці могуць стаць непасрэднымі ўдзельнікамі пэўных дзеянняў.

 “Музей у чамадане” — мой любімы прыём. Ён дае магчымасць мабільна разгарнуць выставу ў кабінеце. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Лексіка” (5 клас) або тэмы “Прыметнік” (6 клас) у чамадан кладу прадметы побыту (серп, бязмен, верацяно, чыгунны прас і інш). Вучні па чарзе дастаюць гэтыя прадметы, называюць іх па-беларуску і апісваюць (напрыклад, ужываючы толькі якасныя прыметнікі). Пры напісанні сачынення-апісання на тэму “Беларускі ручнік” або “Жаночы пояс-абярэг” кладу ў чамадан ручнікі або пояс. Пры напісанні сачынення па карціне ў чамадан можна пакласці карціну мастака-земляка.

IV.Практычны этап

Мэта этапу: выкананне ўдзельнікамі творчых заданняў.

— А зараз прапаную звярнуцца да практычнай часткі нашага майстар-класа і выканаць творчыя заданні, якія выкарыстоўваю на сваіх уроках.

У сучасным высокатэхналагічным свеце простыя рэчы, якімі карысталіся нашы продкі, становяцца дзівам, якое цяжка зразумець сучаснаму пакаленню. Калаўрот, кросны, маслабойка, лапці —  гэта рэчы, якія выйшлі з ужытку, убачыць іх можна толькі ў музеях ды дзе-нідзе на гарышчах старых хат. Таму сёння мой “Музей у чамадане” змяшчае выставу “Этнаграфічны куток ”.

ЗАДАННЕ 1. “ПАЗНАЙ ПРАДМЕТ ПА АПІСАННІ”

  1. Ганчарны выраб, гліняная пасудзіна для захоўвання малака і малочных прадуктаў. (Збан (гарлач).) Дэманстрацыя экспаната.
  2. Даўняя ручная рычажная вага. Металічны або драўляны стрыжань з пастаянным грузам (гірай) на адным канцы і кручком ці чашай для ўтрымання грузу на другім. На стрыжні шкала адліку і рухомая апора — абойма ці драцяная пятля. Карысталіся ім пераважна ў народным побыце. Часам ім называюць ручную спружынную вагу. (Бязмен.) Дэманстрацыя экспаната.
  3. Скругленая сельскагаспадарчая прылада, жніўны нож. Звычайна выкарыстоўваўся для ўборкі збожжавых культур. (Серп.) Дэманстрацыя экспаната.
  4. Прылада для ручнога прадзення лёну, воўны. У старажытныя часы гэта была драўляная крыху завостраная палачка, пазней — конусападобная палачка даўжынёй 20—30 см з завостраным верхам, патоўшчаным нізам, на які для павелічэння вагі надзявалі прасліца. (Верацяно.) Дэманстрацыя экспаната.
  5. Даўнейшы сялянскі абутак, сплецены з лыка, бяросты ці вяровак. (Лапці.) Дэманстрацыя экспаната.
  6. Пляскаты драўляны брусок з ручкай, якім перылі (пралі), мылі бялізну на рацэ. (Пранік.) Дэманстрацыя экспаната.

ЗАДАННЕ 2. “РЭШАТА”

— Для выканання наступнага задання прапаную разгадаць загадку: прылада для прасейвання мукі ці прасейвання зерня. (Рэшата (сіта).)

Гэтае рэшата незвычайнае: у ім знахо­дзяцца папяровыя шасцівугольнікі (гексы) трох відаў: 1 — назва прадмета, 2 — фота­здымак прадмета, 3 — прызначэнне прадмета. Але падзьмуў вецер і ўсё пераблытаў. Я прапаную стварыць кластар, які будзе складацца з гексаў (гексаганальнае навучанне).

*Цэнтральны гекс “Прадметы хатняга ўжытку”.

**Кожны экспанат апішыце з дапамогай двух прыметнікаў (1 якасны, 1 адносны).

ЗАДАННЕ 3. “ПАШПАРТ ЭТНАГРАФІЧНАГА ПРАДМЕТА”

Мэта: азнаёміць удзельнікаў з паш­партам этнаграфічнага прадмета.

  1. Назва прадмета.
  2. Для чаго прызначаны.
  3. Апісанне прадмета.
  4. Матэрыял, з якога ён вырабляецца.
  5. Прафесія майстра, які вырабляе гэты прадмет.
  6. Прыказка ці прымаўка, у якой сустракаецца назва гэтага прадмета.
  7. Фразеалагізм з гэтым прадметам (калі ёсць).
  8. Загадка пра гэты прадмет.
  9. Уласная рэклама прадмета.

 Складзіце пашпарт музейнага экспаната.

*Прапаную спачатку разгадаць загадку: брат брата рэжа — белая кроў лезе. (Жорны.) (У чамадане карцінка.)

Жорны

  1. Жорны.
  2. Мелюць зерне на муку.
  3. Два камяні на драўлянай падпоры.
  4. Дрэва, камяні, кавалкі чыгуну ці іншага металу.
  5. Сталяр і каменячос.
  6. Круці жорны пільна, то і тут будзе Вільня.
  7. Не знойдзены.
  8. Брат брата рэжа — белая кроў лезе.
  9. Жорны працавітыя. Добра круцяцца, зерне ў муку ператвараюць і гаспадара з гаспадыняю кормяць.

ЗАДАННЕ 4. “РЭКЛАМНАЕ АГЕНЦТВА”

— Узнавіце прапушчаныя словы ва ўрыўку з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”:

Кастусь у запечку стхарыўся,

Абуцца ў … прымудрыўся,

А ў … вушкі скураныя

Былі ўжо досыць пажылыя.

(Лапці, лапцях). Дэманстрацыя лапцей.

Уявіце, што вы працуеце ў магазіне і вам трэба прадаць лапці. Зрабіце такую рэкламу лапцей (3—5 сказаў), каб пакупнікі іх хутка раскупілі.

V. Падвядзенне вынікаў майстар-класа

Мэта этапу: асэнсаванне значнасці матэрыялу, прапанаванага настаўнікам.

— Паважаныя калегі! Давайце сумесна падвядзём вынікі.

Ці садзейнічае прымяненне прыёму “Музей у чамадане” развіццю творчых здольнас­цей вучняў на ўроках беларускай мовы? У чым гэта, на вашу думку, выяўляецца?

Давайце зробім гэта ў выглядзе кластара. У вас на сталах ляжаць каляровыя палоскі паперы. Напішыце на іх вашы меркаванні. (Складанне кластара.)

VІ.  Рэфлексіўны этап

Мэта этапу: усведамленне значнасці сумеснай дзейнасці.

Бяру з чамадана цвік.

— Што гэта? Як вы думаеце, паважаныя калегі, для чаго я прынесла яго?

Не ведаеце? А я хачу расказаць вам прытчу. Калі згубіцца цвік, згубіцца падкова, калі згубіцца падкова, упадзе конь, калі ўпадзе конь, загіне коннік, загіне коннік — згубіцца ліст, згубіцца ліст — будзе прайграна бойка, калі будзе прайграна бойка, будзе страчана дзяржава. Дзяржава будзе страчана з-за цвіка? З-за такой дробязі!

Так і ў нашай з вамі рабоце: важнай з’яўляецца кожная дробязь, бо менавіта яна можа дапамагчы раскрыць у нашых вучнях творчыя здольнасці і нарадзіць новага паэта або пісьменніка, мастака або журналіста ці проста добрага чалавека. Шукайце гэтыя дробязі, тварыце, і няхай ваша праца прыносіць вам толькі задавальненне!

“Кошык жаданняў”

— У маім чамадане яшчэ застаўся адзін чароўны прадмет — “кошык жаданняў”. Ён сапраўды здзяйсняе ўсе жаданні. (Удзельнікі дастаюць цукеркі з пажаданнямі.) Паважаныя калегі, вялікі дзякуй за плённую працу. Спадзяюся, што для вас яна была карыснай.

Святлана ЗЯЦЬКОВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Гарбавіцкай сярэдняй школы
Чавускага раёна Магілёўскай вобласці
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ