Як праходзіць ЦТ у рэзервовыя дні

- 10:55Вышэйшая школа

6, 8 і 10 ліпеня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце цэнтралізаванае тэсціраванне праходзяць абітурыенты, якія па ўважлівых прычынах не змаглі зрабіць гэта  ў асноўным патоку.

Сёлета да ўдзелу ў ЦТ у рэзервовыя дні дапушчаны 1081 чалавек (на 300 больш, чым у мінулым годзе). Кожны з іх прадставіў у камісію дакументы, што пацвярджалі ўважлівасць прычыны, па якой нельга было прайсці іспыты ў асноўныя дні.

Як паведаміў намеснік старшыні арганізацыйнай камісіі па правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання ў БДУ Вячаслаў Малафееў, асноўныя прычыны — гэта хваробы, вытворчая неабходнасць, здача дзяржаўных экзаменаў у каледжах. Таксама для прахо­джання ЦТ у рэзервовыя дні сёлета зарэгістравана больш як 70 спартсменаў — і гэта не ўдзельнікі Еўрапейскіх гульняў, а члены зборных краіны, якія спаборнічалі ў розных маладзёжных і юніёрскіх чэмпіянатах.

Яшчэ адна досыць вялікая група людзей, зарэгістраваных на рэзервовыя дні, — гэта грамадзяне Расіі і Казахстана, якія не маглі прыехаць раней з-за сваіх выпу­скных экзаменаў. Прычым некаторыя з іх будуць здаваць тры тэсты.

— У чэрвені неспадзяванка здарылася ў адным з пунктаў тэсціравання, — расказвае таксама Вячаслаў Міхайлавіч. — Калі абітурыенты падымаліся ў ліфце на па­трэбны паверх, той захрас. І ў выніку яны спазніліся на экзамен. Вядома, гэтых абітурыентаў зарэгістравалі для праходжання ЦТ у рэзервовы дзень.

У суботу тэсты ў БДУ здавалі 722 абітурыенты (летась — 781 чалавек за ўсе тры рэзервовыя дні). Для правядзення тэсціравання былі задзейнічаны 15 аўдыторый у двух карпусах.

У кожнага, хто здае ЦТ у рэзервовы дзень, свая жыццёвая сітуацыя. Так, у суботу адзін абітурыент з-за траўмы пазваночніка пісаў тэст стоячы, для яго было спецыяльна падрыхтавана рабочае месца. Два чалавекі таксама прыбылі на экзамен з сур’ёзнымі траўмамі апорна-рухальнага апарату.

Многія абітурыенты відавочна хвалююцца, бо ў іх ужо быў вопыт, калі не атрымалася прайсці іспыт. Напрыклад, Настасся планавала здаваць біялогію ў асноўны дзень у Салігорску. І нават прыехала на ЦТ, але ўжо ў корпусе адчула моцнае недамаганне. Урач, які дзяжурыў падчас тэсціравання, пацвер­дзіў, што дзяўчына па стане здароўя не можа здаваць экзамен. Медыцынская даведка стала падставай для рэгістрацыі на ЦТ у рэзервовы дзень. І вось у суботу Настасся прыехала ў БДУ.

“Сёлета ад удзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні адхілена 17 чалавек: 14 — за мабільныя тэлефоны і 3 — за шпаргалкі, — паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення Камітэта дзяржкантролю кіраўнік рабочай групы Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам уступнай кампаніі Павел Пінчук. — Увогуле, цэнтралізаванае тэсціраванне праходзіла ў штатным рэжыме, ніякіх пытанняў наконт яго арганізацыі не ўзнікала. Методыка адпрацавана і выдатна функцыянуе”.

Віктар з Мазыра здае ў рэзервовыя дні два тэсты — па гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі. У чэрвені, калі праходзіла ЦТ, ён трапіў у бальніцу, а цяпер прыехаў у БДУ, каб прайсці выпрабаванні і спраўдзіць сваю мару — паступіць на гістарычны факультэт. Побач з Віктарам — яго настаўніцы. Бачна, што хлопец яшчэ не да канца па­правіўся, таму жанчыны вельмі моц­на хвалююцца. А вось Віктар трымаецца малайцом. Ён рады, што нарэшце тут, у гэтай абітурыенцкай мітусні, і ўпэўнены, што цяпер дакладна ўсё будзе добра.

Дарэчы, адмову ў тым, каб прайсці ЦТ у рэзервовыя дні, атрымалі 13 абітурыентаў, якія спрабавалі зарэгістравацца ў БДУ, і літаральна некалькі чалавек — у рэгіёнах. Адмоўлена ім з-за адсутнасці дакументаў, што пацвярджаюць прычыну няяўкі на ЦТ у асноўныя дні.

Цэнтралізаванае тэсціраванне ў рэзервовыя дні ажыццяўляецца па той жа схеме, што і звычайнае ЦТ: тут дзейнічаюць такія ж строгія правілы для ўсіх удзель­нікаў працэсу. Аднак для адказных арганізатараў работы ў гэтыя дні відавочна больш.

— Сёння ў нашай кампаніі па правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання самы складаны дзень, — гаворыць Вячаслаў Малафееў. — Абітурыенты пішуць тэсты па ўсіх прадметах, акрамя іспанскай і кітайскай мовы. Рускую мову, напрыклад, здаюць каля 200 чалавек, а ёсць прадметы, на якія зарэгістраваны адзінкі. Адпаведна, узнікаюць тэхнічныя складанасці, звязаныя з арганізацыяй тэсціравання. Для таго каб не ставіць траіх арганізатараў ля аднаго абітурыента, з улікам працягласці выканання тэстаў аб’ядноўваем некаторыя прадметы ў адной аўдыторыі. Так, абітурыенты разам будуць пісаць гісторыю Беларусі (на рускай і беларускай мове), су­светную гісторыю, геаграфію. Натуральна, у аўдыторыю заносяцца асобныя камплекты тэстаў і бланкаў заданняў, праводзіцца асобная жараб’ёўка варыянтаў, адпаведна, будуць фарміравацца тры асобныя пратаколы ЦТ.

Пры гэтым Вячаслаў Міхайлавіч называе станоўчым тое, што вызначаны тры рэзервовыя дні (да 2017 года нават па ўважлівай прычыне можна было пераздаць толькі адзін тэст).

— І тое, што тэхналогія правядзення ЦТ не мяняецца, — гэта таксама вялікі плюс. Пераважная большасць абітурыентаў прахо­дзіць праз рэпетыцыйнае тэсціраванне і добра знаёма з усімі патрабаваннямі, — гаворыць Вячаслаў Малафееў. — Больш за тое, сёлета РІКВ прапанаваў абавязковую інструкцыю, якую адказны арганізатар зачытвае ў аўдыторыі. Гэта, магчыма, дадае некалькі мінут у агульны інструктаж, але з’яўляецца вельмі важным, асабліва для тых, хто ўпершыню сутыкаецца з тэсціраваннем.


Нагадаем, прыём дакументаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі пачнецца ў пятніцу, 12 ліпеня. Да гэтага часу РІКВ абяцае праверыць усе тэсты, якія абітурыенты выканаюць у рэзервовыя дні. Свае сертыфікаты “рэзервісты” змогуць атры­маць у пунктах рэгістрацыі ўжо 13 ліпеня.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.