Як сфарміраваць арфаграфічную пісьменнасць вучняў: эфектыўныя прыёмы работы з пяцікласнікамі

- 17:04Образование

Працэс пераходу навучэнцаў з пачатковай школы ў сярэднюю нярэдка з’яўляецца праблемным. Больш востра гэта адчуваецца на ўроках беларускай мовы, бо не сакрэт, што ў гарадскіх вучняў часта ўзнікаюць цяжкасці пры вывучэнні роднай мовы: у дзяцей няма адпаведнага асяроддзя ні ў бытавой сферы, ні, на жаль, у дзіцячым садку.

Бацькі набыва­юць мастацкую літаратуру звычайна на рускай мове, самі нярэдка дрэнна валодаючы роднай, выбіраюць гурткі, дзе вывучаюцца замежныя мовы, а не родная. Такім чынам атрымліваецца, што дзеці маюць магчымасць вывучаць беларускую мову толькі на занятках у школе. Таму настаўнікі і сутыкаюцца з такімі праблемамі, як дрэннае разуменне беларускіх слоў, няправільная пастаноўка націску, бедны лексічны запас. Усё гэта адбіваецца на пісьменнасці вучняў. Задача настаўніка беларускай мовы і літаратуры на другой ступені адукацыі — зрабіць так, каб дзеці не страчвалі цікавасці да вывучэння прадмета.

Як жа дасягнуць таго, каб урок стаў прадукцыйным у плане засваення бягучай тэмы, а таксама ў фарміраванні навыкаў правапісу? Вопыт работы ў школе пераканаў мяне ў тым, што такім прыёмам могуць з’яўляцца слоўнікавыя дыктанты, моўныя, арфаграфічныя хвілінкі, якія дазваляюць сістэматычна адпрацоўваць тэарэтычны і практычны матэрыял як папярэдніх урокаў, так і агульныя паняцці арфаграфіі, фанетыкі, лексікі, марфалогіі.

Навык бачыць арфаграмы і тлумачыць іх выпрацоўваецца ў школьнікаў у выніку сістэматычных трэніровак. Асноўным прыёмам гэтых трэніровак і з’яўляюцца слоўнікавыя дыктанты і арфаграфічныя хвілінкі, заданні якіх правяраюць наступныя ўменні:

— адрозніваць словы з арфаграмамі і без іх;

— знаходзіць аб’ект арфаграфічнага правіла;

— выконваць усе ўмовы праверкі.

Арфаграфічныя хвілінкі абуджаюць цікавасць і стымулююць мысленне вучняў, спрыяюць пашырэнню слоўнікавага запасу, садзейнічаюць развіццю ўвагі, памяці. Іх можна праводзіць у вуснай і пісьмовай форме, прыдумваць іншыя цікавыя формы іх правядзення.

Існуюць розныя віды слоўнікавых дыктантаў. Адны з іх найбольш распаўсюджаныя, напрыклад, папера­джальны, тлумачальны, каменціраваны, размеркавальны, выбарачны, тэматычны, лічбавы, сігнальны. Ра­дзей выкарыстоўваюцца дыктанты, на напісанне якіх патрэбна больш часу і найбольш падрыхтаваныя вучні: творчы, графічны, самадыктант, граматычны, свабодны, дыктант з абмежаваннямі (табу), дыктант з працягам.

Прыклады слоўнікавых дыктантаў для навучэнцаў 5 класа

Творчы слоўнікавы дыктант

Заданне: дадаць слова, каб утварылася слова­злучэнне, арфаграмы абазначыць.

Выйсці з … , рызысціся ў … , абыграць у … , абысці … , разыходзіцца па … , выйграць … , абысціся без … , заіскрыцца на … , заінелая … , сысці з … , узысці на … , заінтрыгаваць … .

Творчы слоўнікавы дыктант

Заданне: падабраць словы, якія падыходзяць па сэнсе і ў якіх ёсць зычныя гукі, вымаўленне якіх не супадае з напісаннем.

(Якія?) хмары выплакалі свае апошнія слёзы. Недзе апоўдні (што?) пачаў сыпаць так густа, што маладыя невысокія елачкі і (што?) пакрыліся снегам і нагадвалі белыя (што?). Падзьмула з поўначы здаровым (чым?). Вялікія сняжынкі (як?) апускаліся на зямлю. Раніцаю зацерушыў ціхі (які?) сняжок.

Словы для даведак: бяро(з, с)ка, бя(з, с)шумна, замара(с, з)кі, лё(х, г)кі, ні(с, з)кі, сне(г, х), стажок, халадок.

Слоўнікавы дыктант са змяненнем слоў

Заданне: падабраць да слоў аднакаранёвыя словы так, каб націскныя галосныя сталі не пад націскам.

Чэмпіён, геолаг, біёграф, метэор, тэорыя, кіёск, археолаг, рэгіён, патрыёт, біёлаг, географ.

Слоўнікавы дыктант-пераклад

Заданне: перакласці словы на беларускую мову, падкрэсліць спалучэнні галосных у запазычаных словах.

Неон, чемпион, теория, трио, реальный, официант, фиолетовый, проект, йод, диета, киоск, архео­лог.

Слоўнікавы дыктант для кемлівых

Заданне: запісаць словы паводле лексічнага значэння.

1. Сукупнасць вырабаў з тканіны, скуры, футра, якімі акрываюць цела. (Адзенне.)

2. Каштоўнасці, грашовыя накапленні. (Багацце.)

3. Час перад усходам сонца, калі пачынае віднець. (Світанне.)

4. Ранішняя ежа. (Снеданне.)

5. Дробнае сучча, галіны. (Галлё.)

6. Унутранае імкненне да чаго-небудзь. (Жаданне.)

7. Паездка на чым-небудзь або пешы паход звычайна далёка ад таго месца, дзе жывеш. (Падарожжа.)

8. Паласа зямлі ўздоўж берага. (Узбярэжжа.)

9. Прамежак часу ў сто гадоў. (Стагоддзе.)

10. Зярняты, прызначаныя для сяўбы. (Насенне.)

11. Старое, ірванае адзенне. (Рыззё.)

Арфаграфічныя хвілінкі

“Знаўца арфаэпіі”

Заданне: выпісаць словы ў алфавітным парадку, паставіць націск, растлумачыць правапіс.

Верашчака, метро, імперыя­лізм, гектар, інвентар, механізм, восень, секунда, Германія, веранда, апельсін, зелень, епіскап, дзеяч, недахоп.

“Карэктар”

Заданне: запісаць словы, выправіўшы ў іх памылкі.

Неяпаль, кліянтура, задзіак, фіалка, нацыанальнасць, віаланчэль, мельхіёр, энтузіазм, пацыэнт, географія, шпіён, мемарыальны, біатлон.

“Зрабі выбар”

Заданне: выбраць правільны варыянт напісання слоў.

Радыус — радыўс, пауза — паўза, фрау — фраў, да Усяслава — да Ўсяслава, страус — страўс, аўл — аул, беларуска-украінскі — беларуска-ўкраінскі, фаўна — фауна, аукцыён — аўкцыён, накаут — накаўт, пау­днёва-усходні — паўднёва-ўсходні.

“Знайдзі сябра”

Заданне: да слоў падабраць сінонімы з правапісам прыставак на зычны.

Акружыць (абступіць), слабы (абяссілены), зняверыцца (расчаравацца), схіл (адкос), рэха (адгалосак), тайнік (сховішча), загарэцца (успыхнуць), ашукаць (абхітрыць), раз’юшыцца (раззлавацца), сумны (бязрадасны).

Гульня — спадарожнік жыцця дзяцей. Псіхолагамі даказана, што дзеці сярэдняга ўзросту адчуваюць вялікую патрэбу ў гульні, яна садзейнічае развіццю волі, памяці, мыслення. Эфектыўным бачыцца сумяшчэнне правядзення арфаграфічных хвілінак з фізкульхвілінкамі, якое дыктуецца фізічнымі і псіхалагічнымі асаблівасцямі пяцікласнікаў.

Фізкультхвілінка “Злаві мяккі знак”

Заданне: калі ў слове ёсць мяккі знак, зрабіць воплеск рукамі над галавой, калі няма — перад сабой.

Смех, вазьмі, збіраць, пісьменнік, жыццё, песня, толькі, сырасць, насенне, коньмі, сядзьце, барабанчык, струменьчык, чац­вёрты.

Фізкультхвілінка для ўважлівых

Заданне: калі ў слове пішацца ы пасля прыстаўкі, трэба падняць правую руку, калі й — левую, калі і — дзве рукі.

Займеннік, праілюстра­ваць, падыграць, узыход, неістотны, заіскрыцца, дэзынфармацыя, міжінстытуцкі, спадылба, педінстытут, заінець, суперінтэлект, пайменны, сысці, зайграць.

Прыём “Тузін пытанняў”

Заданне: настаўнік задае класу 12 пытанняў, два першыя і апошняе на адцягненыя тэмы, астатнія — па тэме ўрока. Вучні рухаюцца па класе. Калі на пытанне настаўніка трэба адка­заць “ТАК”, ідуць да першага рада, калі адказ вучня “НЕ ВЕДАЮ” — да сярэдняга рада, калі “НЕ” — да трэцяга.

1. Зімой мне падабаецца снег, а летам дождж.

2. Снег я люблю таму, што ён дае магчымасць катацца на лыжах, на санках.

3. У слове снег пішацца мяккі знак, таму што першы гук мяк­кі. (Не.)

4. У слове мяккі мяккага знака няма, таму што паміж падоўжаных гукаў ён не пішацца. (Так.)

5. У слове патэльня мяккі знак не пішацца, таму што наступны гук мяккі. (Так.)

6. У слове касьба буду пісаць мяккі знак пасля мяккага зычнага перад цвёрдым. (Так.)

7. Слова цвёрды буду пісаць без мяккага знака, бо пры суседняй мяккасці мяккі знак не пішацца. (Так.)

8. На канцы слова печ напішу мяккі знак. (Не.)

9. У слове голуб на канцы не будзе мяккага знака, бо пасля губных зычных ён не пішацца. (Так.)

10. У слове мільён буду пі­саць раздзяляльны мяккі знак пасля мяккіх зычных перад ётавымі. (Так.)

11. У рускай і ў беларускай мовах ў слове семь мяккі знак пішацца. (Не.)

12. Я ўпэўнены, што добра засвоіў правіла “Правапіс мяккага знака”.

Гульня-эстафета з мячом на выбыванне

Заданне: змяніць словы так, каб літары е, ё аказаліся ў першым складзе перад націскам.

Цвёрды, лёгкі, след, далёка, светла, цёмна, вёска, паселішча, гнёзды, герой, дзесяць, легенда, весела, неба, сёмы, вёслы, вечар, звер, дзеці, кветка, кефір.

Чаму ў некаторых словах змяненне не адбываецца?

Гульня з мяккай цацкай “Перадай слова сябру”

Заданне: змяніць словы так, каб пасля звонкіх і глухіх зычных з’явіўся галосны.

Трубка, жолуд, адрэжце, на кладачцы, возчык, скарб, карп, аладка, рэдзька, даведка, клетка, хадзьба, барацьба, мёд, мяк­кі, дзядзька.

Работа над арфаграмай на другой ступені навучання лічу вельмі важнай, бо менавіта з 5 класа фарміруюцца ўменні бачыць арфаграму, называць яе, прымяняць вядомае правіла для напісання без памылак. Але толькі пры сістэматычнай рабоце, цікавым падборы трэніровачнага матэрыялу, пры апоры на розныя віды інтэлек­туальнай дзейнасці і памяці настаўнік можа дабіцца станоўчых вынікаў.

Дзіна ПОЛЕСАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 42 Віцебска імя Д.Ф.Райцава