Як у адным з найстарэйшых каледжаў Магілёўшчыны рыхтуюць будучых аграрыяў і будаўнікоў

- 9:00Абитуриент, Образование, Приложение

Крычаўскі дзяржаўны аграрна-будаўнічы каледж — адна з найстарэйшых устаноў краіны. За 135 гадоў з яго сцен выйшла каля 34 тысяч кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў. У іх ліку — таленавітыя інжынеры, вучоныя, кіраўнікі буйных прадпрыемстваў і нават журналісты. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Бесперапыннае развіццё

Каледж заснаваны ў 1888 го­дзе як рамесныя класы для вясковай моладзі па ўказе імператара Аляксандра III. Пасля быў пабудаваны двухпавярховы цагляны дом, дзе са студзеня 1905 года пачала функцыянаваць ужо рамесная школа. Яна мела два аддзяленні: слясарна-кавальскае і сталярна-такарнае, — на якіх вучыліся па чатыры гады.

У 1921 годзе рамесная школа была перайменавана ў Крычаўскія паказальныя майстэрні, яшчэ праз пару гадоў — у аб’яднаную прафесійна-тэхнічную школу, а затым — у школу трактарных брыгадзіраў. З 1936 года ўстанова пачала называцца Рэспубліканскай школай механізацыі сельскай гаспадаркі. Вучылася ў ёй каля 300 чалавек, якія асвойвалі не толькі сельгастэхніку, але і работу механіка і брыгадзіра трактарных брыгад.

У наступныя гады навучальная ўстанова яшчэ не раз мяняла назву. А ў сувязі з патрабаваннямі часу змяняўся і спіс прафесій, якія тут можна было атрымаць. У 2002 годзе ўстанова стала прафесійным аграрна-тэхнічным каледжам. У 2017-м да яго далучылі Слаўгарадскі прафесійны ліцэй, а сёлета ўстанову перайменавалі ў аграрна-будаўнічы каледж.

Дарэчы, з этапамі станаўлення і развіцця Крычаўскага каледжа можна азнаёміцца, зазірнуўшы ў гісторыка-краязнаўчы музей установы. Дзякуючы намаганням выкладчыцы гісторыі Беларусі Антаніны Фёдараўны Далецкай, тут сабраны рэдкія факты пра каледж і мноства незвычайных экспанатаў: ад дакументаў і фотаздымкаў да прадметаў, што вырабляліся ва ўстанове.

Больш за 20 гадоў Крычаўскі дзяржаўны аграрна-будаўнічы каледж узначальвае Барыс Белянкоў, заслужаны работнік адукацыі Беларусі.

— Прыйшоўшы на пасаду дырэктара ў 2000 го­дзе, я ледзь не з нуля спасцігаў азы педагогікі. Затое пасля шмат гадоў выкладаў спецыяльныя дысцыпліны, — расказаў Барыс Якаўлевіч. — Галоўнае ў калектыве — заслужыць давер і павагу як калег, так і навучэнцаў. А зрабіць гэта можна, толькі актыўна працуючы, каб падначаленыя ўбачылі, што кіраўнік імк­нецца стварыць для іх найлепшыя ўмовы. Самае каштоўнае — добры спецыяліст, бо толькі ён зможа пад­рыхтаваць добрыя маладыя кадры для вытворчасці.

Кадры для ўсёй краіны

Сёння каледж — вядучая навучальная ўстанова аграрнага і будаўнічага профілю, якая рыхтуе кадры як для Магілёўшчыны, так і для ўсёй краіны.

Зараз у каледжы вучыцца 307 чалавек па праграмах прафесійна-тэхнічнай адукацыі і 131 — па праграмах сярэдняй спецыяльнай адукацыі (97 — на дзённай і 34 — на завочнай форме навучання).

— Мы рыхтуем запатрабаваных спецыялістаў для сельс­кай гаспа­даркі і будаўніцтва. На ўзроўні ПТА прапаноўваем асвоіць прафесіі трактарыста-машыніста сельгасвытворчасці, слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, ва­дзіцеля аўтамабіля і пагрузчыка, сталяра, цесляра, бетоншчыка, муляра, электразваршчыка, маляра, тынкоўшчыка, абліцоўшчыка-плітачніка і электраманцёра па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання. А на ўзроўні ССА можна атры­маць кваліфікацыі ”тэхнік-механік” і ”тэхнік-будаўнік”. З 2016 года ў нас вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасці ”Арганізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці” з прысваеннем кваліфікацыі ”арганізатар вытворчасці”, — праінфармавала намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Іна Ула­дзіміраўна Раманенка.

Вынікі навучання можна на свае вочы ўбачыць прама ў каледжы: будынак установы, уве­дзены ў эксплуатацыю ў 1990 го­дзе, выглядае новабудоўляй.

— Мы рыхтуем будаўнікоў, таму дзіўна было б наймаць рабочых для рамонту. Адрамантаваныя пакоі інтэрната і тратуарная плітка ля вучэбнага корпуса — усё зроблена сваімі рукамі. Такая работа для нашых юнакоў — гэта і навучанне, і вытворчая практыка, і грамадска-карысная праца, — расказаў дырэктар установы Барыс Белянкоў.

Да таго ж каледж мае ўласную гаспадарку з плошчай раллі ў 190 гектараў. Навучэнцы рэгулярна ўдзельнічаюць у палявых работах, прычым на сваёй тэхніцы, бо каледжу належыць вялікі машынны парк. Гэта дазваляе не толькі поўнасцю забяспечваць бульбай і агароднінай сваю сталовую, але і многія навучальныя ўстановы Магілёўскай вобласці.

— У гэтым годзе, нягледзячы на засушлівае лета, мы адной бульбы накапалі 60 тон і зараз думаем, як яе хутчэй рэалізаваць, а заадно і зерне, якога ў нас больш за 200 тон. Дзякуючы ўласнай агародніне значна патанняецца харчаванне нашых навучэнцаў, — не без гордасці паведаміў Барыс Якаўлевіч.

Дарэчы, 91% навучэнцаў — юнакі, але і дзяўчат прывабліваюць, так бы мовіць, мужчынскія прафесіі. Адна з іх — Альбіна Сцефанюк, якая з дзяцінства захаплялася тэхнікай, бо і бацька, і старэйшыя браты — трактарыс­ты. Ёй, малой, вельмі хацелася разам з імі рамантаваць трактары.

— Яшчэ ў школе я атрымала вадзіцельскае пасведчанне на кіраванне трактарам. У каледж прыйшла, каб даведацца ўсё пра дэталі аўтамабіля, трактара і іх функцыянаванне. Пасля заканчэння каледжа мару ўладкавацца на адзін з буйных заводаў сталіцы, напрыклад МТЗ, — прызналася дзяўчына.

Пасля, магчыма, Альбіна адважыцца і на атрыманне вышэйшай адукацыі. Тым больш што пасля заканчэння Крычаўскага аграрна-будаўнічага каледжа можна паступіць на скарочаную форму навучання ў БНТУ, БДСГА, БРУ.

— Сёння, калі будзеш высокакваліфікаваным спецыялістам у аграпрамысловым комплексе альбо ў будаўнічай сферы, то, працуючы, заўсёды зможаш забяспечыць сваю сям’ю, — акцэнтаваў увагу дырэктар каледжа. — Мы разумеем: каб быў набор, каб абітурыенты ішлі да нас, неабходны прафесіі, запатрабаваныя эканомікай. Бо сучасныя абітурыенты арыентуюцца на будучыя магчымасці працаўладкавання.

У Крычаўскім каледжы не абыходзяць увагай і дарослых. Па праграмах дадатковай адукацыі адкрыта перападрыхтоўка супрацоўнікаў сельскагаспадарчых арганізацый, якія ажыццяўляюць вытворчасць і перапрацоўку сельгаспрадукцыі, па прафесіі трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці.

Адна вялікая сям’я

І гэта не гучныя словы: я асабіста адчула сямейную абстаноўку, завітаўшы ў каледж. Там кожны дарослы не толькі дапамагае ўчарашнім школьнікам спасцігаць азы рабочых прафесій, але і клапоціцца пра іх як пра родных дзяцей. Тут смачна кормяць у сталовай на 270 чалавек, у інтэрнаце гасцінічнага тыпу на 335 месцаў сочаць за парадкам, выхавальнікі падказваюць, як справіцца з праблемамі самастойнага жыцця. Кожны педагагічны работнік дакладна разумее, што на яго ўскладзена вялізная адказнасць за навучанне і выхаванне маладога пакалення беларусаў.

— Наш калектыў — адна вялікая сям’я, дзе кожны на сваім месцы заняты любімай справай. Гэта дазваляе рыхтаваць кваліфікаваных рабочых і спецыя­лістаў, якія здольны адаптавацца да зменлівых умоў рынку працы і прымяняць атрыманыя веды і навыкі ў прафесійнай дзейнасці, — адзначыла І.У.Раманенка.

Безумоўна, асноўная задача педкалектыву Крычаўскага каледжа — фарміраванне рознабакова развітой, творчай і маральна ўстойлівай асобы навучэнца. Прычым рыхтуюць будучыя кад­ры краіны як вопытныя, так і маладыя спецыялісты, трэць якіх — былыя выпускнікі каледжа.

— Сёння кожны чацвёрты супрацоўнік каледжа — наш былы выпускнік, які зараз працуе выкладчыкам альбо майстрам вытворчага навучання, тэхнічным работнікам, — дадаў Б.Я.Белянкоў.

Вось і выкладчык чарчэння, інжынернай графікі, інфармацыйных тэхналогій і прыкладной графікі Міхаіл Міхайлавіч Брыкаў — адзін з выпускнікоў кале­джа:

— Пасля 11 класа паступіў сюды на вадзіцеля, затым атрымаў кваліфікацыю тэхніка-механіка на ўзроўні ССА, скончыў БДСГА і вярнуўся ў каледж педагогам. Усе 11 гадоў мне вельмі падабаецца выкладаць, бо дзяліцца ведамі заўсёды прыемна, а ўсведамленне таго, што ты робіш карысную справу, акрыляе.

У сваю чаргу, Мікалай Мікалаевіч Машкетаў, выкладчык з 20-гадовым стажам, перакананы: самае галоўнае, каб навучэнцы сталі добрымі людзьмі і адказнымі спецыялістамі.

— Я выкладаю спецыяльныя дысцыпліны, напрыклад, ”Будова і эксплуатацыя аўтамабіляў”. Работа з моладдзю для мяне не толькі задавальненне, але і гонар, асабліва калі бачыш вынікі сваёй дзейнасці. Бо асноўная маса нашых навучэнцаў — з сельскай мясцовасці, кожны з іх імкнецца навучыцца працаваць на тэхніцы, каб у будучыні развіваць сельскую гаспадарку краіны, — сказаў выкладчык.

У будучыню — з аптымізмам

Рабочая атмасфера кале­джа спрыяе развіццю творчасці і ініцыятывы. Сёння ўстанова — уладальніца некалькіх дзясяткаў розных дыпломаў. Гэта і ня­дзіўна, бо Б.Я.Белянкоў шмат увагі ўдзя­ляе ўдзелу ў абласных і раённых конкурсах прафесійнага майстэрс­тва, тэхнічнай творчасці, на якіх прадстаўнікі ўстановы штогод зай­маюць прызавыя месцы. Так, з 2018 па 2020 год яны атрымалі дыпломы ІІ ступені рэгіянальнага конкурсу прафмайстэрства “WorldSkills Расія” ў кампетэнцыі “Эксплуатацыя сельскагаспадарчай тэхнікі”. Ёсць і дыпломы І і ІІ ступені абласнога конкурсу профмайстэрства “WorldSkills Беларусь” у кампетэнцыях “Сталярная справа”, “Эксплуатацыя сельскагаспадарчай тэхнікі” і “Абліцоўка пліткай”.

А яшчэ навучэнцы каледжа — пастаянныя прызёры фестываляў прафесійнага майстэрства “Акадэмія-Профі” і “Акадэмстрой”. Штогадова прадстаўнікі ўстановы займаюць прызавыя месцы ў абласных і рэспубліканскіх аглядах інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, злётах вынаходнікаў і рацыяналізатараў, а таксама ў абласных спартыўных спабор­ніцтвах і аглядах мастацкай сама­дзейнасці.

— Наш каледж у будучыню глядзіць з аптымізмам. З кожным выпускным званком даецца пуцёўка ў жыццё наступнаму пакаленню будучых кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў, якія, мы ўпэўнены, змогуць добра вырашаць эканамічныя задачы нашай краіны, — рэзюмаваў Барыс Белянкоў.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара