Як у Гродзенскім раёне далучаюць дзяцей да стварэння ўнікальных сапоцкінскіх пісанак

- 10:14Хранители традиций

Гарадскі пасёлак Сапоцкін, што ў Гродзенскім раёне, вядомы даўнімі традыцыямі, якія мясцовыя жыхары шануюць і захоўваюць больш за стагоддзе. Велікодны тыдзень стаў найлепшай нагодай завітаць сюды, каб паглядзець, як тут з маленства далучаюць дзяцей да стварэння ўнікальных сапоцкінскіх пісанак. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Чорным па белым

Апошнія некалькі дзён у Сапоцкіне ў кожным доме рыхтаваліся да Вялікадня, збіралі кошыкі з прадуктамі, якія збіраліся асвяціць  у царкве, і, канечне, фарбавалі не­звычайныя пісанкі. Слава пра іх прыгажосць і ўнікальную тэхналогію вырабу ходзіць далёка за межамі Сапоцкіна. Тут замест чыр­воных яек мясцовыя майстры на працягу стагоддзя ствара­юць сапраўдныя творы мастацтва, чорна-белыя, з дапамогай звычайнага воску і “ржавай” фарбы. Першымі далучаюцца да гэтай традыцыі дашкольнікі.

10 гадоў назад у Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры  быў створаны музей пісанкі, а сама тэхналогія іх стварэння была ўключана ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны. Галоўныя захавальнікі гэтай каштоўнасці — мясцовыя майстры, якія свае ўменні пераймалі ад старэйшых пакаленняў, а цяпер перадаюць самым маленькім жыхарам Сапоцкіна. Пакуль дзеці з іншых беларускіх мясцін у гэтыя дні фарбуюць яйкі каляровымі фарбавальнікамі, у Сапоцкінскім дзіцячым садзе малодшыя групы спазнаюць, а старэйшыя — удасканальваюць каларытны роспіс яек.

Іх унікальнасць — у незвычайным колеры. Яны чорна-белыя. І гэта тлумачыцца сімвалічна: Вялікдзень — гэта светлае радаснае вясенняе свята, якое асацыіруецца з сонцам і кветкамі, адсюль светлыя ці белыя ўзоры, а чорны колер атаясамліваецца з сумам, холадам (зрэшты, фарба для пісанак і гатуецца зімой). Таму белыя ўзоры на чорным фоне якраз і дэманструюць перамогу дабра над злом.

Навучыўся сам — навучы другога

Добрая палова выхавальнікаў і памочнікаў выхавальнікаў дзіцячага сада валодае мясцовай тэхнікай пісанкі. Сярод іх і загадчыца ўстановы Валянціна Станіславаўна Паўлючык, якая адной з першых ва ўстанове пачала далучаць дзяцей да гэтай традыцыі, яшчэ калі працавала выхавальніцай. Але і на новай пасадзе яна не пакідае творчых заняткаў з дзецьмі ў гэтым кірунку.

 “Мы з дзецьмі ходзім у музей сапоцкінскай пісанкі, вучымся гэтаму мастацтву ад майстроў, але ўжо і самі шмат ведаем і ўмеем, таму мы не толькі слухачы, але і дзелімся ведамі з іншымі. У прыватнасці, праводзім майстар-класы для калег на метадычным аб’яднанні. На занятках мы, педагогі, вучым гэтаму майстэрству і нашых дзетак. Тэхніку роспісу абавязкова прымяняем на занятках па выяўленчай творчасці, — гаворыць Валянціна Станіславаўна. — Калі вывучаем тэмы “Аплікацыя”, “Маляванне” (1-я і 2-я малодшыя групы), асвойваем іх у тым ліку праз сапоцкінскія пісанкі. Пры гэтым не абавязкова пачынаць з сапраўдных яек, тычка з вастрыём і фарбаў па мясцовым рэцэпце. Для малышоў падыдуць і кардонныя нарыхтоўкі ў форме яйка, а маляваць яны могуць гуашшу і пэн­дзлем ці інструментам накшталт тычка, толькі замест цвіка на палачку мы прымацоўваем губку. Пры стварэнні аплікацыі з традыцыйных для сапоцкінскага рос­пісу элементаў — кропак-косак, палачак-промняў — дзеці наносяць узоры на макеты-яйкі. Яйкі звычайна бяром вараныя, але выкарыстоўваем і драўляныя муляжы, пенапластавыя формы, а таксама плоскасныя макеты”.

На занятках актыўна прымяняюць сапоцкінскі роспіс яек выхавальнікі Ганна Станіславаўна Скарабагатава, Вольга Антонаўна Кунцэвіч, Ганна Іванаўна Занеўская, Дзіяна Іванаўна Пальяноўская і інш.

“Мяне навучыла рабіць пісанкі мая бабуля. А калі адкрылі наш музей пісанкі, я ўдасканальвала свае навыкі на майстар-класах ад майстроў. Цяпер я вучу гэтаму сваіх выхаванцаў, — гаворыць Ганна Станіславаўна Скарабагатава. — У мяне цяпер старшая група, таму мы не баімся маляваць, як таго патрабуе традыцыя, растопленым воскам. Дарэчы, у наш сад ходзяць самыя малодшыя прадстаўнікі дынастый, у якіх па жаночай лініі традыцыі роспісу пісанак перадаюцца ад пакалення да пакалення. Гэта Дамініка Станкевіч, Міхаіл Шайнога, Таццяна Лукоўская і інш. Іх мамы, бабулі, прабабулі і сёння працягваюць сямейныя велікодныя традыцыі. Далучаюцца да іх і нашы дзеці”.

Клуб бабуль

У гэтым садзе ствараць прыгажосць сваімі рукамі дзетак вучаць не толькі педагогі. На базе ўстановы працуе “Клуб бабуль”, у які ўваходзяць народныя майстры, у тым ліку і па сапоцкінскім роспісе. Сваё майстэрства яны перадаюць і педагогам, і дзецям.

“Нам важна не ўпусціць момант і зацікавіць мясцовым старадаўнім майстэрствам самых маленькіх дзяцей. Менавіта да­школьны ўзрост для гэтага самы прыдатны. Дашкаляты лепш запаміна­юць, у іх больш цікавасці да творчасці, у адрозненне ад школьнікаў, якія ўжо засяроджваюцца на вучобе і часу на захапленні ў іх застаецца менш”, — гаворыць Ганна Іванаўна Казакевіч, старшыня “Клуба бабуль” і старшыня ветэранскай арганізацыі Сапоцкінскага сельсавета. Менавіта яна рэгулярна запрашае правесці заняткі для дзяцей бабуль — майстроў па вязанні, вышыўцы, роспісе і іншых мясцовых традыцыях.

Сярод самых чаканых гасцей у садзе — Антаніна Лук’янаўна Юрчэня, спадчынны майстар роспісу і галоўная захавальніца традыцый сапоцкінскай пісанкі. У гэтыя дні яе творчыя ўменні асабліва актуальныя.

“Мая мама добра валодала традыцыямі пісанкі. Некалі ўся вёска насіла да яе перад Вялікаднем яйкі, і яна іх распісвала. Тады я ад яе гэтаму і навучылася. Потым вяскоўцы насілі яйкі ўжо і да мяне. І цяпер шмат школьнікаў прыязджала, я рабіла ім пісанкі. Але ў асноўным гэта дзеці з суседніх вёсак, бо мясцовыя жыхары ўжо навучыліся нашаму роспісу”, — гаворыць Антаніна Лук’янаўна.

Усё гэта дазваляе ўнікальнаму народнаму мастацтву жыць у народзе.

Майстар-клас ад Антаніны Юрчэні

Для таго каб зрабіць традыцыйную сапоцкінскую пісанку, неабходны пчаліны воск (ні ў якім разе не парафін, бо ён сцячэ) і пісачок для нанясення васковых узораў. Такі інструмент наўрад ці знойдзецца ў магазіне, але яго можна зрабіць самастойна. Дастаткова ўбіць у палачку тонкі цвічок ці ў гумку на канцы алоўка ўставіць цвічок. Яйка традыцыйна бярэцца белага колеру. Тады на ім застаюцца яркія чорна-белыя ўзоры, без адценняў. Калі пісанка ствараецца для ежы, то яйка бярэцца варанае, а калі гэта падарунак, які будзе доўга захоўвацца, то сырое, але пасля роспісу робяцца дзве маленькія дзірачкі адна насупраць другой, і праз іх змесціва яйка выдзімаецца.

Самы важны кампанент, вядома ж, фарба — раствор насычанага чорнага колеру. Каб атрымаць гэты адмысловы прыродны фарбавальнік, на працягу 2 месяцаў Ганна Лук’янаўна настойвае залітыя кіпенем кару алешыны, кару дуба і… іржавыя цвікі. Затым фарба зліваецца, кіпяціцца, для стойкасці дабаўляецца некалькі кропель воцату.

Воск майстрыха награвае на электрапліце ці на ўстаўленай у металічную пасудзіну свечцы. Ён награваецца, растае, Антаніна Лук’янаўна мачае ў яго пісачок і акуратна выводзіць узоры. Тут у яе ёсць свой сакрэт: каб мазкі атрымаліся больш выразнымі, трэба ставіць кропку і весці лінію не ад сябе, а да сябе, не ад цэнтра ўзору, а з бакоў у цэнтр.

“У мяне і сёння захоўваюцца маміны пісанкі, яе ўзоры. Традыцыйна ў іх галоўным сюжэтам было сонца. Але Вялікдзень заўсёды вясной, калі расцвітаюць кветкі, таму на маіх пісанках не толькі сонечныя матывы, а яшчэ і кветкавыя — стакроткі, рамонкі і інш., — гаворыць майстрыха і дадае: — Распісаныя яйкі амаль на суткі трэба пакінуць у фарбе. Вад­касць павінна быць халоднай, інакш воск растане. Потым трэба да­стаць пісанку, абсушыць і пакласці ў цёплы цыбульнік (цыбульнае шалупінне для яго я нарыхтоўваю цэлы год). Тады колер становіцца яшчэ больш насычаным, а воск сыходзіць. Не трэба хвалявацца, што цыбульнік пафарбуе ўзоры — гэтыя часткі, дзе быў воск, і застануцца бялюткімі. Ужо гатовае яйка можна нацерці ваткай з алеем — для бляску”.

 Святлана НІКІФАРАВА
Фота Валянціны ПАЎЛЮЧЫК