Якасць адукацыі — вызначальны вектар развіцця сістэмы адукацыі рэгіёна

- 11:52Суразмоўца
Адукацыя заўсёды была адной з найважнейшых сфер існавання грамадства, а сёння яе роля бачыцца вызначальнай. Высока трымаць прэстыж адукацыі, забяспечыць адпаведнасць яе ўзроўню сучасным патрабаванням і канкурэнтаздольнасць выпускнікоў на рынку працы, выхаваць сапраўдных патрыётаў і грамадзян Рэспублікі Беларусь — ад паспяховага вырашэння гэтых задач залежыць развіццё эканомікі, навукі і культуры, духоўнасць нацыі. З якімі вынікамі ўступаюць у новы навучальны год педагогі Віцебшчыны? Якія праблемы патрабуюць асаблівай увагі і неадкладнага вырашэння? Якой бачыцца перспектыва далейшага развіцця сістэмы адукацыі рэгіёна? На пытанні нашага карэспандэнта адказаў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок.

— Іван Антонавіч, калі вызначыць галоўны вектар развіцця сістэмы адукацыі рэгіёна, гэта будзе…
— Забеспячэнне якасці адукацыі. І ў маленькай сельскай, і ў буйной гарадской школе мэта адна: даць якасную адукацыю кожнаму навучэнцу, сфарміраваць правільную грамадзянскую пазіцыю, духоўныя і маральныя каштоўнасці, развіваць здольнасці і таленты дзяцей. Мерапрыемствы, накіраваныя на дасягненне гэтай мэты ў мінулым навучальным годзе, далі свае вынікі: мы выканалі дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў галіне “Адукацыя”, плённа працавалі ўстановы адукацыі, значна пашырылася іх матэрыяльна-тэхнічная база, былі рэалізаваны адукацыйныя запыты дзяцей праз факультатыўныя заняткі, гурткі і секцыі, паслядоўна і эфектыўна вырашаліся пытанні інфарматызацыі працэсаў навучання і кіравання, арганізавана бесперапыннае павышэнне кваліфікацыі педагагічных работнікаў. Далейшае развіццё атрымала сістэма падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі рабочых кадраў і кадраў сярэдняга звяна. Станоўчай з’яўляецца дынаміка вынікаў абавязковых уступных экзаменаў у 11 класе: павялічылася колькасць выпускнікоў, якія атрымалі адзнакі высокага і дастатковага ўзроўняў, а таксама выпускнікоў 9 класаў, якія атрымалі пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай (2012 год — 395, 2013 — 416), і 11 класаў, узнагароджаных залатым (сярэбраным) медалём (2012 год — 258, 2013 — 345 чалавек). Мы абавязаны і далей прыкладаць усе намаганні, каб забяспечыць умовы для раскрыцця і развіцця здольнасцей і талентаў навучэнцаў з мэтай іх наступнай рэалізацыі ў прафесійнай дзейнасці, што ў сваю чаргу залежыць і ад самога дзіцяці, і ад яго сям’і, і ад настаўніка, які творча працуе. Адпаведна сур’ёзная ўвага ўдзяляецца гімназіям, ліцэям і кадэцкім вучылішчам — такіх у вобласці 28, а таксама апорным школам па рабоце з адоранымі навучэнцамі — яны дзейнічаюць у кожным раёне. Таленавітая моладзь — стратэгічны рэсурс дзяржавы, таму навучальным установам новага тыпу і кадры патрабуюцца асаблівыя: выпускнікі магістратуры, нават аспірантуры. Калі гаварыць пра вучэбны працэс, то, на маю думку, якасці адукацыі значна паспрыяе дыферэнцыяцыя ў навучанні. Я глыбока перакананы, што профільнае навучанне стане асновай падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для народнай гаспадаркі. У вобласці ў гэтым плане ёсць багаты вопыт, асабліва варта адзначыць Глыбоцкі, Браслаўскі, Мёрскі, Верхнядзвінскі, Докшыцкі раёны. Наша задача — падтрымліваць і стымуляваць гэтую работу. Дарэчы, калі закранаць пытанне заработнай платы, то яна павінна ў першую чаргу павышацца тым настаўнікам, хто працуе плённа. Як гэта зрабіць — асобная праблема: мы, на жаль, прызвычаіліся да “ўраўнілаўкі”, яе трэба выкараняць. Сучасны настаўнік павінен паказваць прыклад, быць дысцыплінаваным і адказным, энергічным, творчым і высокакваліфікаваным. Варта звярнуцца да статыстыкі: пераважная большасць педагогаў, якія працуюць у навучальных установах вобласці (92,4 працэнта) мае вышэйшую адукацыю.

— Але паміж паняццямі “вышэйшая педагагічная адукацыя” і “педагагічнае майстэрства” нельга ставіць знак роўнасці. Як можна ахарактарызаваць прафесійны ўзровень настаўнікаў Віцебшчыны? Ці ёсць праблемы з кадравым забеспячэннем устаноў адукацыі?
— Сапраўднае майстэрства фарміруецца не толькі лекцыямі па педагогіцы і методыцы, яно набываецца дзесяцігоддзямі практыкі і самаадукацыі. Па падрыхтоўцы кадраў мы плённа супрацоўнічаем з Віцебскім дзяржуніверсітэтам імя П.М.Машэрава і Полацкім дзяржуніверсітэтам, педагагічнымі каледжамі ў Оршы і Полацку (яны з’яўляюцца структурнымі падраздзяленнямі ВДУ). У гэтым плане вобласць перайшла на самазабеспячэнне і, такім чынам, на сёння пытанне ў цэлым вырашана. А вось з замацаваннем кадраў у некаторых раёнах, варта прызнаць, цяжкасці ёсць. З аналагічнымі цяжкасцямі зараз сутыкнуліся ці не ўсе галіны народнай гаспадаркі. Што да сістэмы адукацыі вобласці, то ў Аршанскім, Глыбоцкім, Чашніцкім, Браслаўскім раёнах з гэтымі праблемамі паспяхова спраўляюцца. Астатнім раёнам трэба тэрмінова “падцягвацца”. І гаворка не толькі пра стварэнне для маладых спецыялістаў спрыяльных сацыяльна-бытавых умоў, а найперш пра актыўную прафарыентацыйную работу сярод выпускнікоў мясцовых школ, накіраванне лепшых з іх у профільныя ВНУ на мэтавую падрыхтоўку. Адзначаны напрамак для аддзелаў адукацыі лічу прыярытэтным і спадзяюся, што ўсе 720 маладых спецыялістаў, якія прыйдуць сёлета ў нашы ўстановы адукацыі, застануцца вернымі свайму прафесійнаму прызванню. Ім ёсць на каго раўняцца: у рэгіёне 42 працэнты настаўнікаў маюць вышэйшую і яшчэ каля 40 працэнтаў першую кваліфікацыйную катэгорыю. У маі гэтага года 6 педагогаў вобласці паспяхова здалі кваліфікацыйны экзамен і пацвердзілі статус настаўніка-метадыста. Як вядома, адным з эфектыўных кірункаў павышэння якасці адукацыі, развіцця прафесійнага ўзроўню як асобнага настаўніка, так і педагагічнага калектыву з’яўляецца інавацыйная дзейнасць. Тут мы таксама маем нядрэнны вопыт і рэсурсы для далейшага развіцця. Так, у мінулым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі дзейнічала 7 эксперыментальных пляцовак па 4 напрамках і 37 эксперыментальных пляцовак па 23 напрамках рэспубліканскага ўзроўню, а таксама 112 творчых (даследчых) праектаў абласнога ўзроўню. Найбольш вынікова былі рэалізаваны эксперыменты і творчыя інавацыйныя праекты ў Наваполацку, Аршанскім, Лепельскім, Верхнядзвінскім раёнах і ў Першамайскім раёне Віцебска.

— І ўсё ж, напэўна, лепшы і найважнейшы паказчык прафесіяналізму настаўніка — цікавасць да прадмета і дасягненні навучэнцаў…
— У рэгіёне створаны спрыяльныя ўмовы для далучэння адораных і таленавітых дзяцей да інтэлектуальнай і творчай дзейнасці. Толькі за мінулы год праведзена звыш 100 мерапрыемстваў рэспубліканскага і абласнога значэння, у тым ліку алімпіяды, конкурсы, турніры, канферэнцыі, фестывалі, выставы, спартакіяда школьнікаў і шэраг іншых спартыўных спаборніцтваў, інтэрнэт-алімпіяды і інтэрнэт-конкурсы. З мэтай развіцця цікавасці навучэнцаў да навуковай і даследчай дзейнасці ўпраўленнем адукацыі аблвыканкама разам з ВДУ імя П.М.Машэрава штогод арганізуецца абласная навукова-практычная канферэнцыя “Эўрыка”, у якой традыцыйна прымае ўдзел больш за 1,5 тысячы чалавек. Асобны кірунак у рабоце — рэспубліканская прадметная алімпіяда. Сёлета па выніках яе заключнага этапу прадстаўнікі вобласці атрымалі 81 дыплом. Вялікае значэнне надаецца падтрымцы юных талентаў. Так, на ўсіх узроўнях — ад установы адукацыі да мясцовых выканаўчых камітэтаў і Віцебскага аблвыканкама — прыняты рашэнні аб заахвочванні пераможцаў прадметнай алімпіяды і іх настаўнікаў. На гэтыя мэты абласным выканаўчым камітэтам выдзелена 186 мільёнаў рублёў. З 27 кастрычніка па 2 лістапада ў Полацку мы будзем прымаць заключны этап алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. Падрыхтоўка да яе пачалася, і ёсць усе падставы спадзявацца, што нашы навучэнцы прадставяць вобласць годна і парадуюць перамогамі.

— У навучальных установах зараз гарачая пара: ідзе падрыхтоўка да 1 верасня…
— Спадзяюся, што ў Дзень ведаў педагогі і, галоўнае, вучні будуць прыемна ўражаны і прыйдуць на сустрэчу са школай са святочным настроем. Для гэтага зроблена нямала: праведзены касметычныя рамонты, адрамантаваны, дзе патрабавалася, дах, добраўпарадкавана тэрыторыя, выкананы планавыя мерапрыемствы па падрыхтоўцы да ацяпляльнага перыяду, здзейснены комплекс мер, накіраваных на захаванне бяспекі дзяцей, закуплена і ўстаноўлена мэбля, вучэбнае абсталяванне і абсталяванне для спартыўных залаў, харчаблокаў і сталовых. Толькі на рамонтныя работы сістэме адукацыі рэгіёна сёлёта выдзелены 124 мільярды рублёў. Актуальнымі застаюцца задачы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, далейшай камп’ютарызацыі. На якасць ведаў навучэнцаў напрамую ўплывае забеспячэнне адукацыйнага працэсу лабараторным абсталяваннем, электроннымі і тэхнічнымі сродкамі навучання. Яго ўзровень даволі высокі, але, як гаворыцца, няма мяжы для ўдасканалення. Так, у гэтым годзе чакаецца, што Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь паставіць у 27 нашых навучальных устаноў мэблю і абсталяванне для кабінетаў фізікі — яны стануць апорнымі кабінетамі ў рэгіёнах. Дарэчы, выбіраючы школы для пастаўкі новага абсталявання, мы ў першую чаргу ўлічвалі вынікі работы ў гэтых установах з адоранымі дзецьмі. Да 2014 года ў вобласці завершацца работы па падключэнні ўстаноў адукацыі да высакахуткаснага інтэрнэту, лідарства тут пакуль трымаюць Віцебск, Наваполацк і Сенненскі раён — 100 працэнтаў. Што тычыцца непасрэдна падрыхтоўкі да 1 верасня, то яна павінна завяршыцца да 25 жніўня.

— На жаль, сёння сур’ёзны адбітак на работу сістэмы адукацыі накладвае дэмаграфічная сітуацыя. Як вырашаюцца на Віцебшчыне праблемы рэструктурызацыі?
— Сапраўды, на жаль. Аптымізацыя школьнай сеткі — горкая неабходнасць. Стварэнне ў гарадской і сельскай мясцовасці рацыянальнай сеткі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, закрыццё малакамплектных і арганізацыя інтэрнатаў пры перспектыўных школах, набыццё неабходнай колькасці аўтобусаў для падвозу дзяцей, працаўладкаванне педагогаў і работнікаў — пытанні рэструктурызацыі і аптымізацыі застаюцца для сістэмы адукацыі рэгіёна ў ліку надзённых і, напэўна, самых балючых. На пачатак новага навучальнага года раённымі выканаўчымі камітэтамі прыняты рашэнні аб закрыцці 30 школ і рэарганізацыі 44, у тым ліку 11 школ рэарганізавана ў дзіцячыя сады. Тым не менш у вобласці ўсё яшчэ застаюцца школы з колькасцю навучэнцаў менш за 50 чалавек, таму працэс рэструктурызацыі будзе працягвацца. Жыццёвай неабходнасцю сталі своечасовыя ўзважаныя кіраўніцкія рашэнні і фарміраванне грамадскай думкі, каб не дапускаць нервовасці і ажыятажу сярод жыхароў сельскіх раёнаў. З аднаго боку, у нашай вобласці вялікая колькасць малых населенных пунктаў, а закрыццё школы і асабліва дзіцячага садка для вёскі — канчатковы прысуд, фактычна яна асуджаецца на выміранне. І ў той жа час бясконца выдаткоўваць велізарныя сродкі на ўтрыманне малакамплектных устаноў адукацыі таксама не выйсце. Важкі аргумент тут — эканамічны. Толькі за 4 месяцы бягучага года дзякуючы аптымізацыі было сэканомлена 2 мільярды рублёў. Гэтыя грошы выкарыстоўваюцца на развіццё і мадэрнізацыю матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў. З аптымізацыяй цесна звязана пытанне арганізацыі падвозу дзяцей да месца навучання і выхавання. Падарожжа ў школу павінна быць камфортным і бяспечным. Напрыканцы мінулага навучальнага года аўтапарк сістэмы адукацыі вобласці налічваў 174 аўтобусы, зараз іх на 20 больш. Справа не толькі ў тым, што ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай устойлівага развіцця сяла штогод кожны сельскі раён атрымлівае аўтобус. Сёлета шыкоўны падарунак для школ з глыбінкі — 10 камфартабельных прыгажуноў вытворчасці ААТ “Мінскі аўтамабільны завод” — зрабіла ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь”. Вяртаючыся да аптымізацыі: безумоўна, педагогаў і работнікаў закрытых устаноў адукацы працаздольнага ўзросту не пакідаем без увагі, усім ім прапанавана занятасць па спецыяльнасці на новых месцах. Нельга не адзначыць, што разам з закрыццём і рэарганізацыяй мы вядзём будаўніцтва базавай школы ў вёсцы Літусова Сенненскага раёна і дзіцячых садоў у Наваполацку (тут узводзіцца дзіцячы сад–пачатковая школа, падобны аб’ект мы будуем упершыню), Оршы, Полацку (мікрараён Аэрапорт) і Віцебску (мікрараён Білева). Апошнія два аб’екты будуць здадзены ў эксплуатацыю ў гэтым годзе. Увогуле сёння перад намі пастаўлена задача: у кожным рэгіёне, буйным населенным пункце, дзе ёсць у гэтым неабходнасць, пабудаваць па дзіцячым садку. Прычым вельмі важна, што там, дзе мы будуем дзіцячыя сады, у перспектыве трэба будзе ўзводзіць і школы.

— Дарэчы, па многіх параметрах сістэма дашкольнай адукацыі Віцебшчыны — лепшая ў рэспубліцы…
— У новым навучальным годзе ў вобласці будуць функцыянаваць 638 устаноў дашкольнай адукацыі на 48 тысяч выхаванцаў, 9 цэнтраў развіцця дзіцяці, 5 санаторных дашкольных устаноў, 4 спецыяльныя ўстановы, 213 вучэбна-педагагічных комплексаў “дзіцячы сад –– школа”. Ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй складае 80 працэнтаў (у мінулым годзе — 79): у гарадской мясцовасці 92 працэнты (рэспубліканскі паказчык 80,8), у сельскай — 56,9 працэнта (рэспубліканскі — 53). Усе дзеці пяцігадовага ўзросту ахоплены падрыхтоўкай да школы. Забяспечанасць месцамі ў дашкольных установах склала 120 працэнтаў. Актыўна развіваюцца новыя формы арганізацыі дашкольнай адукацыі. На гэты час маем 254 такія формы (з іх 125 — у сельскай мясцовасці), наведваюць іх 2168 дзяцей. Дзейнічае 2110 гурткоў і студый для 25 тысяч выхаванцаў. Прыярытэтнае значэнне сёння маюць і пытанні ўмацавання матэрыяльнай базы, абсталявання неабходнай камп’ютарнай тэхнікай з сучаснымі праграмнымі сродкамі, забеспячэнне абсталяваннем для гульняў, спорту і вучобы. У 2013 годзе на гэтыя мэты выдзелена 400 мільёнаў рублёў. Якасць дашкольнай адукацыі — гэта найперш захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей, стварэнне здароўезберагальнага асяроддзя ў кожнай установе. Праведзеныя маніторынгі паказваюць, што стан здароўя выхаванцаў за час знаходжання ў дзіцячым садзе не пагаршаецца; адзначаецца рост колькасці дзяцей з 1 групай здароўя і зніжэнне з 2 і 3 групамі. Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння паказчык дзіцячай захваральнасці па вобласці ў мінулым годзе склаў 5,6 дзён, прапушчаных па хваробе.

— Пэўныя станоўчыя вынікі дасягнуты сістэмай адукацыі Віцебшчыны і ў іншых напрамках…
— У тым ліку ў сферы спецыяльнай адукацыі, аховы дзяцінства, выканання Дэкрэта № 18, у сферы спецыяльнай адукацыі, прафарыентацыі, выхавання, прафесійнага навучання моладзі. Спадзяюся, што нашы поспехі і дасягненні стануць неўзабаве тэмамі асобных публікацый “Настаўніцкай газеты”: яны таго вартыя. А мне ў завяршэнне гутаркі хочацца павіншаваць калег з 1 верасня і пажадаць, каб уся наша дзейнасць па ўсіх параметрах была ацэнена на “10”. Трэба помніць: працуючы з дзецьмі і для дзяцей, мы не маем права на памылкі. З новым навучальным годам!

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.