Якасць — у вучэбна-метадычным і рэсурсным забеспячэнні адукацыйнага працэсу

- 12:08Суразмоўца

Метадычны кабінет аддзела па адукацыі Талачынскага раёнага выканаўчага камiтэта Віцебскай вобласці працуе вельмі актыўна. Амаль штотыдзень праводзяцца метадычныя мерапрыемствы. Напрыклад, нядаўна пачаў сваю работу пастаянна дзеючы семінар для дырэктараў навучальных агульнаадукацыйных устаноў “Унутраны кантроль як інструмент кіравання якасцю адукацыі”, да гэтага праводзілася пасяджэнне школы маладога настаўніка. Супрацоўнікі РВМК увесь час узаемадзейнічаюць з педагогамі раёна, а яго кіраўнік — і метадыст, і мадэратар, і псіхолаг, бо яго місія — навучыць, дапамагчы, падтрымаць. Сёння загадчыца РВМК Талачынскага раёна Ірына Уладзіміраўна СУШЧАЯ дзеліцца не толькі вопытам, але і правільным настроем галоўнага метадыста раёна. На гэтай пасадзе яна з 2004 года.

— Ірына Уладзіміраўна, спачатку крыху раскажыце пра сябе: як даўно ў педагогіцы, дзе працавалі да таго, як сталі загадчыцай метадычнага кабінета?

— Сваю працоўную дзейнасць я пачала ў 1984 годзе, адразу ж пасля заканчэння сярэдняй школы № 1 Талачына, бо не паступіла ў Віцебскі педагагічны інстытут. І не шкадую, што ў Варанцэвіцкай сярэдняй школе Талачынскага раёна пачала працаваць піянерважатай. Скончыла ў 1993 годзе Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага па спецыяльнасці “Педагогіка і методыка выхаваўчай работы, сусветная мастацкая культура”. У школе даверылі весці пачатковыя класы, прызначылі кіраўніком раённага метадычнага фарміравання настаўнікаў інтэграванага навучання (у маім класе было 6 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця). Як і цяпер, раней таксама былі скарачэнні, змяншалася колькасць дзяцей на сяле, аб’ядноўваліся класы. Давялося шукаць новае месца працы.

І праз 16 гадоў з сельскай настаўніцы я ператварылася ў гарадскую. Два гады працавала ў класе інтэграванага навучання, давала адкрытыя ўрокі ў рамках пасяджэнняў РМА настаўнікаў інтэграванага навучання, праводзіла пасяджэнні РМА, вяла актыўную метадычную дзейнасць. І зноў скарачэнне. Прапанавалі пасаду метадыста па пачатковых класах у раённым метадычным кабінеце.

Першы тыдзень плакала: куды трапіла, навошта мне гэта, як працаваць? Вельмі моцную метадычную падтрымку атрымала ад былога загадчыка РВМК Тамары Васільеўны Прускай, метадыстаў Тамары Уладзіміраўны Рагоўскай, Леакадзіі Фадзееўны Снаравай, Васіля Іванавіча Кулыгіна — гэта быў касцяк, ніхто ніколі не скардзіўся на стомленасць, патрабавальнасць начальніка, аб’ём работы. Хацелася, каб школы апрабоўвалі і ўкаранялі інавацыі. Так і здарылася. Курсы ў АПА далі штуршок да ўкаранення ў раёне з 2000 года тэхналогіі “Крок за крокам” (сярэдняя школа № 3 Талачына і Коханаўская сярэдняя школа), дальтан-тэхналогіі (сярэдняя школа № 1 Талачына), развіццёвага навучання (сярэдняя школа № 2 Талачына і Коханаўская сярэдняя школа), навучання чытанню і пісьму па сістэме М.А.Зайцава (сярэдняя школа № 2 Талачына, Коханаўская сярэдняя школа, Жукнеўская базавая школа). Нават калі гэтыя тэхналогіі сталі незапатрабаванымі часам, усё роўна педагогі гэтых школ выкарыстоўваюць асноўныя прыёмы і метады, формы навучання, якія зарэкамендавалі сябе і даюць вынік.

— Раённы вучэбны метадычны кабінет Талачынскага раёна сёння — гэта…

— …структура, асноўнымі напрамкамі якой з’яўляюцца: ажыццяўленне маркетынгавага і кансалтынгавага падыходаў у арганізацыі метадычнай работы з педагогамі, спецыялістамі і кіруючымі кадрамі сістэмы адукацыі; павышэнне якасці адукацыі праз вучэбна-метадычнае і рэсурснае забеспячэнне адукацыйнага працэсу, кампетэнтнасны падыход у выкладанні вучэбных прадметаў; распаўсюджванне эфектыўных адукацыйных практык выкладання вучэбнага прадмета на базавым і павышаным узроўнях вывучэння; інавацыйная практыка пераўтваральнай дзейнасці ўстаноў адукацыі; метадычнае суправаджэнне дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі; метадычнае суправаджэнне атэстацыі педагагічных кадраў.

— Раскажыце, калі ласка, як у вас ажыццяўляецца зваротная сувязь з педагогамі?

— У раёне на 1 верасня 2018 года налічваецца каля 600 педагогаў. З іх 84 працэнты маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Метадысты Марына Аляксееўна Заяц, Рыма Кімаўна Франуза, Алена Віктараўна Шчаўрук, Ала Міхайлаўна Краўчанка, Таццяна Міхайлаўна Лахмотка, Тамара Іосіфаўна Верасовіч ведаюць дасканала пра кадры ўсё ці амаль усё. Многія з метадыстаў прыйшлі, прапрацаваўшы настаўнікамі, асабіста знаёмы па “цэху МА” з настаўнікамі-прадметнікамі. Сёння, каб быць у курсе праблем, цяжкасцей, дасягненняў нашых калег, вельмі важна ўлічваць розныя напрамкі метадычнай дзейнасці. У сувязі з гэтым штогод на пасяджэннях РМА праводзім сярод педагогаў анкетаванне, апытанне, улічваем прапановы аб форме пасяджэнняў МА, іх тэматыцы.

Вывучаючы тэматычныя пытанні ва ўстановах адукацыі раёна, плануем раённыя вучэбныя і тэматычныя семінары, канферэнцыі, трэнінгі, круглыя сталы. Арганізавана работа летняй школы для педагогаў, якой ужо 3 гады. Лета праводзім з карысцю. Цікава і займальна прайшлі заняткі ў летняй школе для настаўнікаў хіміі і біялогіі, замежнай мовы, настаўнікаў вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыі, для ўсіх, каму была цікава тэма “Арганізацыя дапрофільнай падрыхтоўкі профільнага навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Запрашаем у летнюю школу спецыялістаў і метадыстаў АПА, ІРА, настаўнікаў-метадыстаў (М.Запрудскага, І.Зубрыліну, Ж.Дварэцкую, Г.Сухаву).

— А якая дапамога патрэбна настаўнікам у першую чаргу?

— Маральная, псіхалагічная. Нагрузкі і аб’ём работы з кожным годам павялічваюцца. Патрабуе асаблівай увагі тая частка педагогаў, якая ў свой час пацвердзіла і атрымала першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Нам у РВМК даводзіцца прыкладаць шмат намаганняў, каб педагогі, адміністрацыя накіроўвалі свае матэрыялы ў СМІ (рэкламавалі свае ініцыятывы), дапамагаць настаўнікам зрабіць першы крок да поспеху, каб яны ўдзельнічалі ў конкурсах прафесійнага майстэрства, даследчай дзейнасці.

Як паказвае практыка, ёсць чаму павучыцца і ў нашых педагогаў, яны не стаяць на месцы, развіваюцца. Сярод іх — Тамара Станіславаўна Сушкова, Алена Васільеўна -Юхновіч, Алена Эдуардаўна Рыбіна, Алена Анатольеўна Міцкевіч (сярэдняя школа № 2 Талачына), Алеся Аляксееўна Ермалаева, Алена Юр’еўна Ерманок, Таццяна Яўгенаўна Павадырова, Алена Фёдараўна Спаткай, Святлана Мікалаеўна Аблавацкая (сярэдняя школа № 1 Талачына), Вольга Анатольеўна Храбрая, Вольга Аляксандраўна Сяргеева (сярэдняя школа № 3 Талачына), Жанна Леанідаўна Бераснякова (Коханаўская сярэдняя школа), Рыма Браніславаўна Кітаева (Забалацкая сярэдняя школа) і многія іншыя.

Асаблівую падтрымку метадысты атрымліваюць ад вопытных кіраўнікоў устаноў адукацыі. Сярод іх — дырэктар Забалацкай сярэдняй школы Рыма Браніславаўна Кітаева. Яе ўстанова адукацыі з’яўляецца апорнай у рабоце з педагагічнымі кадрамі. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Талачына Вольга Анатольеўна Храбрая ўключана ў склад раённага экспертнага савета, мае ступень бакалаўра, ажыццяўляе падтрымку маладых спецыялістаў замежнай мовы. Самае галоўнае ў рабоце метадыстаў — знайсці аднадумцаў, арганізаваць работу так, каб заняткі РМА праходзілі цікава, творча, былі пабудаваны на ўзаеманавучанні.

— Ірына Уладзіміраўна, як у вас развіваюцца інфармацыйныя тэхналогіі?

— У 2018 годзе на 100 працэнтаў абноўлены камп’ютарныя класы. Ва ўстановах адукацыі ёсць мультыборды, інтэрактыўныя дошкі, мультымедыйныя ўстаноўкі, ноўтбукі і іншыя тэхнічныя сродкі навучання. Сэрвіс “Электронны журнал / электронны дзённік” працуе ва ўсіх установах адукацыі раёна.

— Наколькі актыўна ўстановы адукацыі раёна ўключаны ў інавацыйную дзейнасць?

— Штогод у раёне ажыццяўляецца работа над рэспубліканскімі інавацыйнымі праектамі (ад 3 да 6 праектаў праходзяць экспертызу ў АПА). Сёлета ў нас рэалізоўваюцца 4 рэспубліканскія эксперыментальныя праекты, адзін з якіх — “Апрабацыя навукова-метадычнага забеспячэння даследчай дзейнасці выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі” — ажыццяўляецца на базе ясляў-сада № 2 Талачына (загадчык Іна Станіславаўна Васілеўская). У 2019 годзе завершыцца работа па ўкараненні мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, сям’і і соцыуму на базе Коханаўскай сярэдняй школы імя І.П.Кожара Талачынскага раёна (дырэктар Міхаіл Міхайлавіч Татарановіч). Вопыт работы гэтых устаноў дэманструецца на пасяджэннях дырэктараў школ, настаўнікаў-прадметнікаў, падчас творчых справаздач.

Дырэктар сярэдняй школы № 2 Талачына Тамара Станіславаўна Сушкова (на пасадзе з гэтага года, у мінулым — намеснік дырэктара згаданай школы) рэалізавала ініцыятыву “Вучэбна-развіццёвая школьная аграэкасядзіба” ў рамках праекта ЕС ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Пад яе кіраўніцтвам ва ўстанове адукацыі ажыццяўляецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне сацыяльна-кіраўніцкага механізма ў працэсе мадэлявання адукацыйнай прасторы ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі”. Такі ж рэспубліканскі інавацыйны праект рэалізоўваецца ў Славенскай сярэдняй школе імя П.А.Галецкага Талачынскага раёна (дырэктар Анатоль Анатольевіч Белагураў).

Дырэктар Забалацкай сярэдняй школы Рыма Браніславаўна Кітаева адзначана дыпломам І ступені на абласным конкурсе “Лепшы кіраўнік года — 2016” у намінацыі эсэ на тэму “Лепшае эсэ пра сябе”. Пад кіраўніцтвам Рымы Браніславаўны ажыццяўляецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне этнакультурных тэхналогій для пашы-рэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі (2018—2022)”, абласны праект “Укараненне мадэлі “Школьная бізнес-кампанія”, таксама наладжаны партнёрскія адносіны з галандцамі.

— Асобна давайце спынімся на рабоце з кіраўнікамі. Якіх ведаў і ўменняў ім не хапае сёння?

— У кожнай установы адукацыі ёсць свае традыцыі, поспехі і, вядома, недахопы ў працы. Кіраванне школай — гэта асаблівы працэс з пункту гледжання менеджменту. Нездарма яго вызначаюць як навуку і мастацтва. Адны дырэктары дасягаюць прафесійнага поспеху для сябе, педагагічнага і вучнёўскага калектываў, горада і рэгіёна, а поспехі іншых нязначныя і знаходзяцца на дапушчальным для школы ўзроўні функцыянавання. Таму сваю работу, метадычнага кабінета накіроўваю на аказанне кансультатыўна-метадычнай, практыка-арыентаванай дапамогі не толькі нядаўна прызначаным кіраўнікам устаноў адукацыі, але і педагогам, якія стаяць у рэзерве кіруючых кадраў, якія ўдзельнічаюць у інавацыйнай дзейнасці.

Асаблівае месца адводжу рабоце з дырэктарамі і намеснікамі дырэктараў школ па вучэбнай рабоце. Якасць адукацыі, кіраванне якасцю адукацыі, унутраны кантроль — -асноўныя кірункі ў рабоце з адміністрацыяй. У сістэме інтэрактыўнага навучання (так праходзяць амаль усе заняткі, семінары, пасяджэнні РМА) прадстаўнікі адміністрацыі школ атрымліваюць не толькі тэарэтычныя асновы, але і павышаюць на практыцы сваю прафесійную кампетэнтнасць. На занятках мадэлюем новую стратэгію кіраўніцтва, арыентуем дырэктараў на дасягненне поспехаў у рабоце педагагічнага калектыву, вучым, як ажыццяўляць кантроль за сваімі адміністрацыйнымі дзеяннямі, шукаць вырашэнне праблем, што ўзнікаюць, вучым, як праводзіць сістэмны аналіз дзейнасці педагагічнага калектыву.

Толькі звычка аналізаваць, прымаць да ўвагі ўсе плюсы і мінусы, прымаць правільныя кіраўніцкія рашэнні на аснове вопыту іншых дапаможа дабіцца поспехаў, пазбегнуць сур’ёзных праблем. Важна, каб адміністрацыя навучальнай установы была камандай, якая складаецца з кампетэнтных намеснікаў, творча працуючых педагогаў, актыўных аднадумцаў, тых, хто не будзе хавацца за спінай калег і адседжвацца, калі праводзяцца конкурсы прафесійнага майстэрства, укараняецца інавацыя, калі патрэбна прафесійная дапамога твайму калегу. А гэта важная ўмова паспяховага прафесійнага жыцця, стварэння ўласнага досведу, унікальных дасягненняў усяго педагагічнага калектыву. Адна з галоўных задач кіраўніка — матываваць калектыў на высокія дасягненні і дапамагаць кожнаму, хто хоча дасягнуць вышынь. Сваім прыкладам дырэктары і намеснікі падымаюць планку прафесіяналізму на высокі ўзровень.

— Раскажыце пра работу з маладымі педагогамі.

— Штогод у раён прыходзяць працаваць маладыя спецыялісты. Для іх арганізавана школа маладога настаўніка, якой кірую я. Падключаю да работы педагогаў-псіхолагаў устаноў адукацыі, якія праводзяць вучэбныя трэнінгі, адаптацыю маладых спецыялістаў, дапамагаюць ім знайсці сваё прафесійнае крэда, фарміруюць камунікатыўныя ўменні і навыкі. Самае галоўнае ў рабоце з маладымі педагогамі — не нашкодзіць, а навучыць. Вельмі актыўныя настаўнікі-пачаткоўцы адгукаюцца на ўдзел у мерапрыемствах, конкурсах. Трэці год запар маладзёжны калектыў выступае перад педагагічнай грамадскасцю са спектаклем “Перспектыва”. Ён дэманстраваўся на абласным конкурсе маладых спецыялістаў у 2018 годзе. Маладыя настаўнікі самі пішуць сцэнарый, падбіраюць музыку, прыдумваюць сцэнічныя вобразы, рэпеціруюць — ім гэта вельмі падабаецца.

Наша галоўная мэта — аб’яднаць маладых педагогаў, паказаць, што яны каманда, што ім далей жыць, наладжваць зносіны, працаваць на сваёй малой радзіме. Многія стварылі сем’і, і іх жыццё ўжо звязана са школай, ствараюцца школьныя сямейныя пары, умацоўваюцца педагагічныя дынастыі.

— Педагагічныя дынастыі — гэта выдатна. Дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.