З першага дня ў лідарах — “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”

- 10:43Вышэйшая школа

У суботу 20 ліпеня быў дадзены старт прыёмнай кампаніі ва ўстановах, якія рыхтуюць спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Каледжы — папулярныя навучальныя ўстановы як сярод вучняў, якія скончылі 9 класаў, так і сярод выпускнікоў школ. Прынамсі, суботняй раніцай у філіяле БДУІР “Мінскім радыётэхнічным каледжы” было шматлюдна.

Яшчэ на прыступках пачула, як бацька даводзіў сыну: “Будзеш праграмным спецыялістам інфармацыйных тэхналогій”. А ўжо на другім паверсе, дзе прымалі дакументы, такіх татаў і мам са сваімі дзецьмі ўбачыла вельмі шмат. Хоць эмацыянальны градус і быў павышаны, але чарга рухалася даволі хутка. На ўсе пытанні ветліва адказвалі старшакурснікі каледжа і намеснік дырэктара Франц Шумчык. У самой прыёмнай камісіі працавалі яшчэ некалькі спецыялістаў, якія кожнаму абітурыенту тлумачылі далейшы алгарытм дзеянняў. А першым абітурыентам, якiя падалі заявы на навучанне, адміністрацыя каледжа ўручыла сувеніры з сімволікай БДУІР-МРК.

У  Мінскім радыётэхнічным каледжы прымалі дакументы на 6 спецыяльнасцей бю­джэтнага навучання (план прыёму — 215 чалавек): “Праектаванне і вытворчасц­ь радыёэлектронных сродкаў”, “Тэхнічная эксплуатацыя радыёэлектронных сродкаў”, “Праграмуемыя мабільныя сістэмы”, “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, “Электронныя вылічальныя сродкі”, “Мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы”.

6 такіх жа спецыяльнасцей прадугледжаны і для платнага навучання (план прыёму — 150 чалавек).Прыём дакументаў ажыццяўляецца на аснове базавай, агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У каледжы існуе дзённая і завочная форма навучання.

“Конкурсы ў нашым каледжы вялікія як сярод дзевяцікласнікаў, так і сярод тых, хто скончыў 11 класаў. Напрыклад, у мінулым годзе на спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” (бюджэт) прахаднымі сталі 9,7 бала. А мінімальнымі прахаднымі былі 7,8 бала. У гэтым годзе чакаем не меншыя прахадныя балы, можа, нават вышэйшыя. Шмат зваротаў да нас паступіла з Расійскай Федэрацыі, прычым гэта школьнікі з высокімі выніковымі адзнакамі, так што попыт на навучанне ў нашым каледжы стабільны.

Самымі папулярнымі спецыяльнасцямі каледжа з’яўляюцца, як вы ўжо зразумелі, “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” і “Праграмуемыя мабільныя сістэмы”. Сёлета на першую з іх мы павялічылі план набору на 30 чалавек (на платнай аснове на базе 9 класаў)”, — паведаміў дырэктар каледжа Сяргей Анкуда. Дарэчы, за першы дзень працы прыёмная камісія прыняла 110 заяў, большасць з іх (76) была пададзена на спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”.

У Мінскі радыётэхнічны каледж штогод паступаюць школьнікі з усіх рэгіёнаў краіны (і з году ў год іх колькасць расце). Для такіх навучэнцаў у каледжы прадугледжаны інтэрнат. Як заўважыў дырэктар, маніторынг апошніх гадоў сведчыць, што ўзровень ведаў у рэгіянальных школьнікаў вышэйшы, чым у сталічных. Разам з тым тыя, хто паступіў у каледж, стараюцца вучыцца з першых дзён. У першыя два гады працэнт адлічаных вельмі нізкі.

Амаль два гады ўсе выпускнікі кале­джаў маюць роўныя правы пры паступленні на скарочаны тэрмін навучання ва ўстановы вышэйшыя адукацыі. Галоўнае, каб тыпавыя планы адпавядалі спецыяльнасцям ва ўніверсітэтах. Выпускнікі Мінскага радыётэхнічнага каледжа могуць працяг­нуць сваё навучанне ў БДУІР, БДУ, БНТУ. Акра­мя таго, паралельна яны могуць працаваць. Колькасц­ь прапаноў работадаўцаў на тых, хто вучыўся ў Мінскім радыётэхнічным каледжы, увесь час павялічваецца. І гэта не дзіва, бо гэтая навучальная ўстанова ўвесь час развіваецца. Напрыклад, у лютым бягучага года тут адкрылі рэсурсны цэнтр “Электроніка і прыборабудаванне” з новым сучасным абсталяваннем.

Рэалізуецца ў каледжы інклюзіўны падыход у навучанні. Тут вучацца калясачнікі. Адна з такіх навучэнак (скончыла першы курс) рэалізуе праект “Мабільны навігатар для людзей з абмежаванымі магчымасцямі”. Каледж уваходзіць у склад бізнес-інкубатара БДУІР, працуе там у двух праектах. Адзін з іх якраз па мабільным навігатары. І, дарэчы, да яго далучылася шмат людзей, што гарантуе поспех.

Сёлета прыёмная кампанія праходзіць у 110 каледжах, у тым ліку 9 — прыватнай формы ўласнасці, а таксама ў 83 установах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. План прыёму гэтага года складае 40,4 тысячы чалавек, з іх на бюджэтнай форме навучання — 25,4 тысячы. Прыём будзе весціся па 156 спецыяльнасцях.

Абітурыенты, якія паступаюць ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі пасля 9-і класаў на ўсе спецыяльнасці, акрамя тых, па якіх неабходна здаваць уступныя іспыты (творчыя і спартыўныя), павінны прайсці конкурс сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыі.

Абітурыенты, якія паступаюць на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, здаюць два абавязковыя ўступныя экзамены па вучэбных прадметах у форме цэнтралізаванага тэсціравання. Пры паступленні на творчыя спецыяльнасці і спецыяльнасці спорту — уступныя іспыты па мове (беларускай ці рускай) у форме ЦТ і іспыты па спецыяльнасці.

Уступная кампанія ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі пройдзе з 20 ліпеня да 17 жніўня. Для ўсіх прыёмных камісій устаноўлены адзіны рэжым работы: яны будуць працаваць з 9.00 да 18.00, у тым ліку ў суботы (20, 27 ліпеня, 3 і 10 жніўня). Будуць задзейнічаны таксама і нядзелі (4 і 11 жніўня) для прыёмных камісій тых навучальных устаноў, у якіх у гэты дзень праводзяцца ўступныя выпрабаванні. Інфармацыя будзе абнаўляцца кожны дзень не радзей як адзін раз у тры гадзіны работы прыёмнай камісіі. А ў апошні дзень інфармаванне абітурыентаў аб ходзе прыёму дакументаў спыніцца ў 15.00.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.