З Сялецкіх крыніц…

- 10:36Нам пішуць

У нашай школе традыцыйна ладзяцца святы “Пакроўскі кірмаш у Сялецкай вобласці Мсціслаўскай губерні”, “Ішла Каляда па вёсцы Сялец…”, “Юр’я на парог вясну прывалок” і іншыя. Настаўнікі разам з вучнямі знаёмяцца з каляндарнымі і абрадавымі святамі нашай мясцовасці, зберагаюць традыцыі народнай спадчыны.

Вясёлым выдаўся сёлета і Масленічны тыдзень. Навучэнцы разам з педагогамі майстравалі ляльку Масленіцу, наведалі тэматычную інфармацыйную гадзіну “Малы тыдзень Маслены”, рыхтавалі касцюмы да заключнага дня свята, арганізоўвалі блінную выставу.

Казачныя героі Мядзведзь, Баба Яга, Несцерка, Зіма і Дзед Мароз прыехалі на ўбраным вазочку і прывезлі Вясну. Вучні пабывалі на вясёлым тэатралізаваным прадстаўленні з масленічнымі гульнямі і спаборніцтвамі, паслухалі задорныя беларускія народныя песні, вадзілі масленкавыя карагоды, а скончылася свята спальваннем лялькі Масленіцы.

С.ІВАНОВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Сялецкага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Мсціслаўскага раёна.