З удзячнасцю і гонарам

- 10:38Нам пішуць

Дзень Перамогі… Гэта не проста вялікае свята, гэта дзень памяці пра тых, хто зрабіў усё, каб неба над намі было мірнае. Год ад году меншае ўдзельнікаў той страшэннай вайны. Але подзвіг іх не забыты.

4 мая, працягваючы добрую традыцыю віншавання ветэранаў Вялікай Айчыннай, вучні Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы разам са старшынёй раённага савета дэпутатаў Навагрудскага выканаўчага камітэта Сяргеем Васільевічам Мішарыным, кіраўніком ААТ “Шчорсы” Мікалаем Мікалаевічам Іванчыкам і старшынёй Вераб’евіцкага сельскага выканаўчага камітэта Анатолем Канстанцінавічам Нагулевічам напярэдадні Дня Перамогі завіталі да ўдзельнікаў далёкіх, але незабыўных падзей, якія пражываюць на тэрыторыі нашага Вераб’евіцкага сельсавета: 98-гадовага франтавіка-ветэрана Івана Ігнацьевіча Комара, які быў ранены і ваяваў у Венгрыі, і тылавіка-ветэрана Мікалая Арцёмавіча Дораша.

Шчырыя словы падзякі за мірнае неба, пажаданні моцнага здароўя ветэраны прынялі не без хвалявання. З цёплымі словамі і віншаваннямі са святам звярнуліся да ветэранаў вучаніцы 8 класа, якія яшчэ раз нагадалі пра адно з самых галоўных святаў нашай краіны — трагічнае, цудоўнае і шчымлівае. Госці пагаварылі пра надзённае, пацікавіліся патрэбамі ветэранаў і на развітанне пажадалі Івану Ігнацьевічу і Мікалаю Арцёмавічу сустрэць яшчэ не адно свята 9 Мая.

Гэты дзень заўсёды будзе нагадваць, што нашчадкі застануцца ў неаплатным даўгу перад тымі, хто падарыў мір. Зямны паклон вам за гэта.

Вольга РАДЧАНКА,
дырэктар Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.