Замежная стажыроўка — Ахматава, Ясенін і … беларускія цукеркі

- 14:59Вышэйшая школа

Калі слухаеш аповеды пра замежныя стажыроўкі, здаецца, што вопыт студэнтаў — гэта выключна яркія фарбы і бурлівыя эмоцыі. Але варта капнуць глыбей — і адкрываецца іншая карціна. Карціна, у якой прыгожыя фотаздымкі і новыя ўражанні толькі частка праўды.

“Унучак, я цябе і так па паўгода не бачу, так што едзь смела”

Аляксандр Дабранаў.

Трэцякурснік факультэта журналі­стыкі БДУ Аляксандр Дабранаў пра магчымасць паездкі па абмене ва Універсітэт Турку (Фінляндыя) даведаўся праз сацыяльныя сеткі, седзячы ў паліклініцы. Як успамінае хлопец, спачатку ён не ўспрыняў публікацыю ўсур’ёз, аднак думка пра такую магчымасць затрымалася ў яго свядомасці. Саша жартам расказаў сябрам пра перспектыву паехаць вучыцца па абмене. Як ні дзіўна, але яго аднагрупніца натхнілася ідэяй і стала падбухторваць да дзеянняў юнака. На атрыманне гранта дакументы падавалі разам.

Сяброўка Сашы не прайшла адбор, а хлопец апынуўся ў шэрагу шчасліўчыкаў. Праўда, гэта атрымалася не адразу: трэцякурснік стаў першым у дадатковым спісе прэтэндэнтаў. І калі дзяўчына, што апярэдзіла юнака на адборы, адмовілася ад вучобы ў Фінляндыі і накіравалася ў Аўстрыю, хлопец пачуў тэлефонны званок.

— Калі мне патэлефанавалі і спыталі, ці хачу ехаць, я нават не даслухаў: “Так! Так! Канечне, хачу і магу!” — усміхаецца суразмоўца. — Стрымацца было вельмі цяжка.

 Першымі пра атрыманне гранта даведаліся бацькі хлопца. Пасля ён паступова, каб не палічылі фанабэрыстым, пачаў даводзіць гэта знаёмым, сябрам, выкладчыкам і свайму танцавальнаму калектыву “Крыжачок”. Нядзіўна, што родныя, хоць і падтрымлівалі Сашу, моц­на перажывалі. Найбольш аптымістычна пра перспектывы расставання хлопца з сям’ёй выказалася яго бабуля: “Я цябе, унучак, і так па паўгода не бачу, так што едзь смела”.

Самым складаным этапам пасля таго, як Саша выйграў грант, стала афармленне дакументаў: звычайная віза для паўгадовага пражывання ў іншай краіне не падыходзіць, а пасольства Фінляндыі ў Беларусі няма. Так юнак некалькі разоў наведваў Маскву (падаваў дакументы на дазвол на знаходжанне ў Фінляндыі, пасля забіраў яго). Але на гэтым церні на яго шляху не скончыліся.

— Са страхоўкай таксама пачаліся праблемы, — расказвае Саша Дабранаў. — У Беларусі паперу на патрэбную суму не магла выпісаць ніводная арганізацыя. Тут мне дапамагла міграцыйная служба Фінляндыі: сайт службы раіў звярнуцца анлайн у фірму ў Ліхтэнштэйне, дзе ўсё і вырашылася.

Адзінае, пра што хлопец паспеў даведацца перад ад’ездам, што фін­ская мова адрозніваецца ад іншых еўрапейскіх моў. Незвычайным, напрыклад, было тое, што ў ёй няма прыназоўнікаў — усё “клеіцца” ў адно слова. На астат­няе яму проста не хапіла часу.

У дарогу юнак вырашыў браць па мінімуме: ехаў жа за ведамі і эмоцыямі. Мабыць, сыграла ролю і мужчынская стрыманасць і разважлівасць наконт неабходнасці рэчаў. Чамадан  Сашы, куды ўвайшло крыху адзення, ноўтбук, канцылярыя і беларускія цукеркі на падарункі, важыў 16 кілаграмаў з 20 дапушчальных.

Першым уражаннем Аляксандра ад новай краіны стала тое, што фіны — людзі з гумарам. Падчас арыентацыйных заняткаў кожны выкладчык жартаваў наконт надвор’я, што значна адрознівалася ад казачных снежных пейзажаў, якія распаўсюджваў афіцыйны Instagram дзяржавы. Жартавалі і наконт лета, якое магло прыйсці або не.

— Уразіла, што паўсядзённае жыццё там непарыўнае з навукай. У аэрапорце замест традыцыйнай рэкламы турыстычных месцаў віселі гіганцкія аб’явы аб навуковым супрацоўніцтве і інфаграфіка пра выкарыстанне навуковых і тэхнічных распрацовак. У самім горадзе большасць будынкаў — гэта цэнтр навуковых распрацовак або ўніверсітэцкі корпус, — прыгадвае Саша. — Як студэн­та мяне ўразіла бібліятэчная культура краіны: ва ўсіх фінскіх гарадах бібліятэкі перапоўнены. Яны даюць доступ да самай апошняй навуковай, тэхнічнай, мастацкай і папулярнай літаратуры.

У рэжыме знаёмства з новым пабег і вучэбны працэс. Дарэчы, у Фінляндыі ён значна адрозніваецца ад нашага: асноўная стаўка там робіцца на самастойныя заняткі (чытанне літаратуры, падрыхтоўку да лабараторных і г.д.), а ўзаема­дзеянне з выкладчыкамі зведзена да мінімуму. Прафесарска-выкладчыцкі склад будуе лекцыі на ўласных навуковых артыкулах. Розныя тэмы ў рамках адной дысцыпліны вялі розныя выкладчыкі, дзе кожны быў экспертам у канкрэтнай галіне. Так, у першыя 2 месяцы ў хлопца было толькі 3 заняткі на ты­дзень. З гэтага, па словах Аляксандра, вынікаў толькі адзін мінус: каб прымусіць сябе займацца самастойна, патрэбны былі матывацыя і сіла волі. Спачатку юнаку было нязвыкла, але потым ён зразумеў, што ў яго выпадку лепш не прыдумаеш.

— У Беларусі я адчуваю сябе больш занятым, а там вольны ад вучобы час правёў у вандроўках. Спачатку разам з суседам аб’ехалі ўсе навакольныя гарады, некалькі разоў былі ў Хельсінкі, азнаёміліся з мясцовай прыродай. А пасля паглядзелі Еўропу — Нарвегію, Швецыю, Данію і нават з’ездзілі ў Парыж! — дзеліцца ўражаннямі студэнт. — На мой погляд, галоўны плюс фінскай сістэмы вышэйшай адукацыі ў тым, што ў колькасць крэдытаў (аналаг нашых заліковых адзінак) уваходзіць уся дамашняя работа. Калі дысцыпліна “важыць” 5 крэдытаў, ты ведаеш, што правядзеш за ёй каля 130 астранамічных гадзін як у аўдыторыі, так і пры выкананні дамашніх заданняў і падрыхтоўцы да экзамену.

У перапынках паміж здачай экзаменаў на родным журфаку хлопец адзначыў, што навучанне па абмене дазволіла яму значна падняць узровень размоўнай і пісьмовай англійскай мовы, дапоўніць веды ў тых дысцыплінах, якіх няма ў раскладзе БДУ.

— Я стаў больш упэўненым у сваёй будучыні: Фінляндыя прынесла знаёмст­вы са студэнтамі і прафесарамі з усяго свету. Гэтыя людзі натхняюць мяне нават зараз, калі я іх не бачу, — адзначае трэцякурснік.

“Я ведала, што не пражыву без Ясеніна і Ахматавай”

Хрысціна Гайдава.

Чацвёртакурсніца філалагічнага факультэта БДУ Хрысціна Гайдава вучылася па абмене ў Харбінскім політэхнічным універсітэце Кітая. І хоць з гэтага часу прайшло 2 гады, але сваю першую глабальную вандроўку дзяўчына запомніць надоўга.

Студэнтка расказвае, што з самага пачатку вучобы ва ўніверсітэце студэнты спецыяльнасці “Кітайская філалогія” ведалі: найбольш аптымальны і выніковы варыянт вучэбнага працэсу — стажыроўка на 3 курсе. Маўляў, менавіта тады студэнт пачынае разумець, чаго хоча. Так планавала і сама Хрысціна, але для яе гэтая магчымасць адкрылася раней — на 2 курсе.

— З нашага, студэнцкага, боку ўсё было неяк вясёлкава, — расказвае чацвёртакурсніца. — Нам падавалася, што стажыроўка — гэта вялікае падарожжа, якое пройдзе весела і хутка. Мы думалі толькі пра Кітай: ацэньвалі яго толькі па прыгажосці, па фотаздымках Пекіна і былі перакананы, што добра валодаем мовай. Аднак з боку бацькоў сітуацыя была супрацьлеглая: яны хваляваліся, пралічвалі ўсемагчымыя сітуацыі. Мама цяпер жартуе, што за ўсё жыццё я папсавала бацькам нервы толькі два разы: калі паступала ва ўніверсітэт і калі ад’язджала на стажыроўку.

Асяроддзе Хрысціны не здзівілася, калі дзяўчына падзялілася з імі, што ад’язджае на семестр у іншую краіну. Тады сяброўкі смяяліся і гаварылі: “Калі не прападзеш за 7 тысяч кіламетраў ад дома, нідзе не прападзеш”. Так у выніку і атрымалася.

— Я ведала, што не пражыву ў чужой краіне без Ясеніна і Ахматавай, таму, калі пакавала рэчы, іх зборнікі склала першапачаткова. Ні хвіліны не сумнявалася, што пацягну гэтыя кнігі з сабой: мяне не спыніла нават абмежаванне вагі багажу. Ужо пасля важнымі сталі захопленыя з сабой фотаздымкі Мінска. У Кітаі са мной адбылося нешта нечаканае: да паездкі я не магла нават падумаць, наколькі люблю Беларусь, як прывязана душой, што адчуваю такі гонар за яе. Паверце, у кожнага з нас там пачуццё патрыятызму абвастрылася, — успамінае Хрысціна Гайдава.

Кожны  чалавек з групы, у скла­дзе якой студэнтка выязджала ў Харбін, браў тое, без чаго не мог абысціся: нехта складваў шампунь і каву, нехта — грэчку і кансервы. Па словах дзяўчыны, асновай яе багажу стала аптэчка, сабраная матуляй: паходы ў аптэку арганізоўваліся амаль штодня. Асноўнымі страхамі на той час для дзяўчыны было не вярнуцца і тое, што нешта можа здарыцца дома. Гэтыя ўражанні чацвёртакурсніца апісвае так: адрэналін, змешаныя пачуцці, разгубленасць.

Можна падумаць, самае складанае ў адаптацыі ў Кітаі — моўнае пытанне ці адлегласць. Аднак Хрысціна падкрэслівае: няпроста праз культурныя адрозненні. Па першым часе цяжка прывыкнуць да навакольнага шуму, пастаяннай і няспыннай валтузні і спешкі, не праходзіць жаданне сядзець дома. Але, на думку дзяўчыны, гэты перыяд лепш перажыць адразу, бо рана ці позна такі стан спасцігае кожнага.

— Кітайцы добразычлівыя да замежных студэнтаў. Яны не шкадуюць добрых слоў, калі ты робіш поспехі, бо разумеюць складанасць сваёй мовы. Дзякуючы гэтаму вучыцца не складана, — расказвае студэнтка. — Кожныя два тыдні нас стараліся перасадзіць: гэта дало нам магчымасць камунікаваць з людзьмі з розных краін, не разбівацца на кучкі, быць калектывам. Падкупляла і тое, што выкладчыкі на камунікатыўным узроўні былі максімальна блізкія да нас.

Студэнтка філфака гаворыць, што пасля такіх вандровак чалавек вяртаецца іншым. І яе выпадак таксама не быў адметным. Стажыроўка падштурхнула Хрысціну да больш актыўнага вывучэння кітайскай мовы, дапамагла не баяцца выкарыстоўваць яе пры сустрэчы з носьбітамі мовы. 

— Вучоба ў Кітаі патрабуе максімальнай аддачы, фарміруе іншы лад жыцця. Калі ты вяртаешся, не можаш адбіцца ад пачуцця, што табе няма месца дома. Але гэта зусім не так! Якраз дома ты чэрпаеш натхненне і аднаўляеш сілы. Шкада, што нямногія гэта разумеюць, — падсумавала дзяўчына.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.