Запляту вярбу ў косы

- 10:10Прафесіяналы, Суразмоўца, Суразмоўца

У цэнтры экалогіі і краязнаўства Баранавіч з’явіліся незвычайныя дрэвы з ажурнымі камлямі, якія нагадваюць гонкія пальмы. Баланс крохкага і гнуткага тут знаходзіць і дэманструе іншым педагог Ларыса Палуян.

Жывое пляценне параўнальна нядаўна стала трэндам ландшафтнага дызайну. Трэці год яго асвойвае Ларыса Мікалаеўна, кіраўнік аб’яднання “Эка-арт-дызайн”. Жывыя агароджы, дрэвы-“бутэлькі”, стройныя “пальмы” для саду і мініяцюрныя кампазіцыі для кадак — ёй любы эксклюзіў па плячы.

— Пачалося з таго, што мае сябры папрасілі дапамагчы зрабіць жывую агароджу з плеценай вярбы. Я пра такую чула, але ўжывую не бачыла. Пачала шукаць інфармацыю пра гатункі вярбы, віды пляцення, асаблівасці догляду плеценых дрэў. Усё, чаму не змагла навучыцца ў іншых праз відэаўрокі, асвойвала сама метадам спроб і памылак. Гэта датычыцца і ўкаранення чаранкоў, і вырошчвання вербаў, і нарыхтоўкі, і пляцення, і догляду дрэў ужо ў садзе.

Для такога пляцення патрэбна адмысловая вярба — з доўгімі гнуткімі стволікамі. Мясцовыя гатункі не падыходзяць. Найлепшым варыянтам аказалася амерыканка вялікая, ці гіганцкая. У той момант у Беларусі Ларыса Мікалаеўна яшчэ не змагла знайсці гэты гатунак — давялося купляць у Расіі. Ужо ў першы ж год з купленых чаранкоў яна вырасціла шыкоўны матэрыял. Адразу ж паспрабавала з яго плесці дрэвы — і на металічным каркасе, і без каркаса, і “паўночную пальму”, і “вузельчыкавае” дрэва, і, канечне ж, саму жывую агароджу, з якой усё і пачыналася. За два гады Ларыса Мікалаеўна стала профі ў гэтым. Яна ўжо настолькі набіла руку, што цяпер на пляценне аднаго дрэва ёй дастаткова гадзіны-паўтары. 

Галоўнае ў гэтай справе не столькі вынік, колькі сам працэс, бо сам па сабе матэрыял жывы, прыемны навобмацак, у ім адчуваецца свая энергетыка, таму плесці з яго — адно задавальненне.

— Галоўнае ў гэтай справе не столькі вынік, колькі сам працэс, бо сам па сабе матэрыял жывы, прыемны навобмацак, у ім адчуваецца свая энергетыка, таму плесці з яго — адно задавальненне, — гаворыць Л.М.Палуян.  

Акрамя жывога пляцення, педагогу паддаліся і іншыя сучасныя тэхнікі стварэння саду. Сярод іх — тапіярнае мастацтва, якое дазваляе насяліць сад забаўнымі кустовымі скульптурамі, нівакі, якія ўвасабляюць адсыл да філасофіі японскага саду, і інш. Ларыса Мікалаеўна вядзе заняткі па навучанні прафесіі “Работнік зялёнага будаўніцтва”. Гэты кірунак нядаўна адкрыўся ў межах эксперыменту для навучэнцаў 10 і 11 класаў. Калі першы год у іх было больш тэорыі, то ў наступным навучальным годзе акцэнт будзе зроб­лены на практыцы, у тым ліку і ў абазначаных кірунках. І ўстанове, і яго навучэнцам пашанцавала: тут ёсць Ларыса Мікалаеўна, якая натхняецца прыгажосцю, няспынна вучыцца новаму і ўмее перайначыць любое мастацтва на свой манер, каб сваімі рукамі ўпрыгожваць свет навакол.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Аліны РЫНДЗЕВІЧ.