Жалезны сябар

- 11:22Вышэйшая школа

Чаму моладзь з Кітая едзе вучыцца ў Беларусь і што прываблівае тут у вучэбным працэсе, расказваюць прадстаўнікі БДУ.

Лю Шылун.

Магістрантка Гаа Ваньжоу, выпускніца Харбінскага педагагічнага ўніверсітэта, даведалася пра магчымасць вучыцца ў Беларусі ад знаёмых. Дзяўчына прыехала тры гады назад: першыя два з іх працавала валанцёрам — настаўнікам кітайскай мовы ў Оршы, а пасля вырашыла працягнуць навучанне ў сталіцы. Паколькі з дзяцін­ства марыла стаць настаўніцай, выбрала педагагічную спецыяльнасць.

— Мы нядаўна здалі першую сесію і заўважылі, што ў вас большасць экзаменаў прахо­дзіць не ў пісьмовай, як у Кітаі, а ў вуснай форме. Мне такі фармат падаецца больш карысным, паколькі мы атрымліваем магчымасць практыкавацца ў мове. Нам выкладчыкі раяць як мага больш размаўляць па-руску і ствараюць для гэтага ўмовы. Для замежнікаў гэта здорава, — гаворыць дзяўчына.

Чацвёртакурснік Лю Шылун вучыцца ў Беларусі трэці год. Некаторы час правучыўшыся ў Цзылінскім інстытуце рускай мовы, ён вырашыў азнаёміцца з замежнымі сістэмамі адукацыі.

— Добрую адукацыю цэ­няць усюды. Каб уладкавацца на вартую работу, трэба многа і ўзмоцнена вучыцца. Беларуская адукацыя ў Кітаі цэніцца на высокім узроўні. Яшчэ адзін яе плюс — даступнасць для студэнта, — гаворыць хлопец. — Пры выбары месца будучай вучобы ўлічваў фактар бяспекі. Як правіла, пытаўся ў тых, хто вучыўся ў Беларусі. Мне адказвалі, што Мінск — адносна ціхі горад, што тут жывуць добразычлівыя людзі.

Гаа Ваньжоў.

Студэнт расказвае, што найперш яго цікавіла вывучэнне рускай мовы. У Беларусі з носьбітамі мовы праблем не было (хлопец лічыць гэты фактар адным з найважнейшых у сваім навучанні). Акрамя таго, карыснымі аказаліся практычныя веды па спецпрадметах.

Юнак гаворыць, што сярод кітайскай моладзі існуе думка, быццам паступленне ва ўніверсітэт — гэта ў нейкай ступені свабода (не так пільна кантралююць бацькі, задаюць менш дамашніх заданняў). Ён лі­чыць, што ў Беларусі гэта не так: да вучобы адказна падыхо­дзяць як студэнты (займаюцца самаадукацыяй), так і выкладчыкі (патрабавальныя ў дачыненні да сваіх прадметаў).

— Мне падабаюцца нашы выкладчыкі. Яны доўгі час працуюць з кітайскімі студэнтамі, ведаюць, як да нас падысці. Бывае, што нехта працуе з намі ўпершыню, але мы хутка прывыкаем адно да аднаго.

Аспірант Цай Пэен пасля заканчэння вучобы на факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій вырашыў пашырыць межы сваіх інтарэсаў. Але сам студэнт не лічыць змены кардынальнымі: вучоба на факультэце журналістыкі для яго — лагічны дадатак да работы з тэхнікай (камерай, мікрафонам, дыктафонам).

Малады чалавек працуе над пытаннем новых медыя, таму лічыць, што багаж дакладных навук, атрыманы раней, — добры набытак для далейшай дзейнасці ў журналістыцы. На думку хлопца, добры медыя­спецыяліст павінен вало­даць тэхнічным складнікам прафесіі.

Цай Пэен і Хуань Куньпэн.

— Я ведаю матэматыку, разбіраюся ў праграмаванні. Гэта добры фон, які дапамагае мне працаваць з данымі і рабіць іх аналіз у навуковых работах, — гаворыць Цай.

Штуршком для прыезду ў Беларусь для хлопца сталі водгукі знаёмых і сяброў, якія тут вучыліся.

— Я чуў шмат добрага пра вашу краіну. Многія знаёмыя пасля вучобы ў Беларусі прыязджалі і амаль адразу атрымлівалі праекты з дзяржаўных праграм. Пры высокай канкурэнцыі адукацыя гаварыла сама за сябе, — рэзюмаваў Цай Пэен.

Сябар хлопца Хуан Куньпэн таксама аспірант. І яго інтарэсы знаходзяцца на стыку дзвюх галін: дыпламатыі і медыцыны. Сёння малады чалавек, які жыве ў Беларусі з 2013 года, вучыцца на факультэце міжнародных адносін. За плячыма ў яго — магістратура Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Займаючыся пытаннямі знешняй палітыкі Беларусі і Кітая, Хуан хоча выкарыстаць гэты вопыт у галіне медыцыны.

— У нас гавораць, што Беларусь — гэта жалезны сябар. Таму і хацелася вучыцца ў вашай краіне.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.