Жыватворная сіла выхавання

- 14:36Нам пішуць

У Нягневіцкай сярэдняй школе Навагрудскага раёна ідзе работа па рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і праваслаўнай царквой. Вельмі важна выхоўваць у дзяцей дабрыню, шчодрасць, уменне цаніць і берагчы навакольны свет. Як гэта зрабіць? Якія формы і метады выбраць? Педагогі шукаюць адказы.

Фота да матэрыяла: Жыватворная сіла выхавання.Побач з нашай школай знаходзіцца Нягневіцкая Свята-Казанская праваслаўная царква і Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр. На пачатку кожнага навучальнага года мы адкрываем факультатыўныя заняткі “Асновы праваслаўнай культуры”. Іх наведваюць дзеці розных узростаў: ад вучняў малодшых класаў да старэйшых школьнікаў.

У школьнай бібліятэцы дзейнічае выстаўка праваслаўнай літаратуры, якая абнаўляецца раз у чвэрць, наладжана падпіска на дзіцячы праваслаўны часопіс “Колыбель”. 20 вучняў нашай установы наведваюць нядзельную школу. Раз у чвэрць у нас праходзіць тыдзень духоўнага выхавання з запрашэннем святара.

Фота да матэрыяла: Жыватворная сіла выхавання.Праз школьны музей Нягневіцкага краю актывізавана даследчая дзейнасць: дзеці і настаўнікі заняліся распрацоўкай тэм “Праваслаўныя храмы Навагрудчыны” і “Мілашэўскі — святар праваслаўнай культуры”.

Сярод актыўных форм работы — экскурсіі і паездкі па памятных мясцінах і аб’ектах духоўнай культуры. На восеньскія канікулы запланавалі экскурсію ў Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр, дзе 5 лістапада адбудзецца ўрачыстае свята, прымеркаванае вялікаму асвячэнню храма ў гонар прападобнага Елісея, якое ўзначаліць мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Члены валанцёрскага атрада “Надзея” напярэданні свята арганізавалі працоўны дэсант па добраўпарадкаванні тэрыторыі манастыра, па зборы яблыкаў для вернікаў.

Фота да матэрыяла: Жыватворная сіла выхавання.Якімі стануць сённяшнія нашы вучні, што прынясуць грамадству, калі выйдуць за парог школы? Ці здолеем мы, педагогі, бацькі, выхаваць іх? Ці навучым супрацьстаяць заганам сучаснага свету? Адказ дасць час. А мы абавязаны даць падрастаючаму пакаленню станоўчы духоўны і маральны вопыт. Царква — наш надзейны памочнік у гэтай справе.

Таццяна НАГОРНАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.