Зімовае свята для ўсёй школы

- 13:20Нам пішуць

14 студзеня многія вучні сярэдняй школы № 8 Гродна ўпершыню сталі на лыжы. Менавіта папулярызацыя зімовых відаў спорту — галоўны сэнс Міжнароднага дня снегу, які ладзіцца з 2012 года і дэвізам якога з’яўляюцца словы: “Нацешыцца, азнаёміцца і выпрабаваць!”

Школьнікі актыўна карысталіся магчымасцю выпрабаваць свае здольнасці ў катанні на лыжах і нават санках. А каманды класаў пры падтрымцы бацькоў удзельнічалі ў інтэрактыўнай гульні-конкурсе, у выніку якой тэрыторыю школы ўпрыгожылі звыш дзясятка рознакаляровых скульптур са снегу.

У гэты ж дзень паміж першым і другім класамі ладзілася спартландыя “Будзь здаровы!”, падчас якой падтрымаць дзяцей прыйшлі бацькі. Вучні 3—4 класаў удзельнічалі ў віктарыне “Знаўцы Алімпійскага спорту”, падчас якой гучалі пытанні з гісторыі беларускага спорту, а затым вучні займаліся стварэннем віншавальнага плаката да Дня снегу. Старшакласнікі ж праводзілі турнір па валейболе, у якім прымала ўдзел і каманда настаўнікаў. У школе таксама выконваліся песні пад караоке, можна было згуляць у шашкі і шахматы, паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі. Амаль усе вучні школы ўзялі ўдзел у мерапрыемствах Дня снегу, за што вялікая падзяка класным кіраўнікам.

Васіль ГЕРАСІМЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 8 Гродна.