Знайшла шчасце, долю на родным, блізкім полі

- 13:52Вышэйшая школа

У Расонскім раёне нарадзілася, выхоўвалася, спазнавала прыгажосць роднага краю і таямніцы роднай мовы. На Расоншчыне пачала і свой прафесійны шлях: пасля вучобы ў Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя С.М.Кірава па кваліфікацыі “настаўніца беларускай мовы і літаратуры” спачатку працавала ў Сакалішчанскай базавай, а потым і ў Клясціцкай сярэдняй школе імя У.А.Хамчаноўскага, той самай, якую заканчвала ў 1985 годзе. У 1999 годзе ўзначаліла родную ўстанову адукацыі. Адным словам, дзе Таццяна Віктараўна Мельман нарадзілася, там і згадзілася. Дарэчы, гэтая знакамітая прыказка тычыцца многіх педагогаў Расоншчыны.

“Наш калектыў — гэта дружная каманда. Каманда аднадумцаў, здольная вырашаць асноўныя задачы выхавання і навучання. Каманда, у якой мудрасць і вопыт, запал і энтузіязм гарманічна дапаўняюць адно аднаго. Мы розныя, аднак мэта ў нас адна: выхаваць годных грамадзян Рэспублікі Беларусь”. Такімі словамі сустракае гасцей галоўная старонка сайта Клясціцкай сярэдняй школы. Сказана творча, патрыятычна, з любоўю да роднай школы і роднага краю. У Год малой радзімы гэтыя словы гучаць асабліва актуальна і ярка. Гэтак жа ярка і патрыятычна настаўнікі і вучні клясціцкай школы вітаюць гасцей на сваіх старонках у сацыяльных сетках. І справа не толькі ў шматлікіх фотаздымках малой радзімы, якімі стракацяць Facebook, “УКантакце” і “Аднакласнікі”. Важным з’яўляецца і той факт, што ў раздзеле “Месца жыхарства” (“Месца нараджэння”) юныя жыхары Клясціц указваюць не найбліжэйшыя гарады, скажам, Полацк або Расоны (што даволі часта сустракаецца сярод карыстальнікаў сацыяльных сетак з сельскай мясцовасці), а з гонарам пішуць “Клясціцы”.

“Тэма вяртання выпускнікоў на малую радзіму для нас з’яўляецца асабліва актуальнай, паколькі Расонскі раён — адзін з самых вялікіх у краіне па плошчы, што не скажаш пра колькасць яго насельніцтва. Уся наша работа накіравана на тое, каб вучні, калі выйдуць у людзі, не былі белымі варонамі, каб ведалі гісторыю малой радзімы і ганарыліся вялікай Радзімай. Мы з калегамі спадзяёмся, што дзеці, калі вырастуць, ацэняць нашы намаганні”.

Усё заканамерна: актыўная работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, якая праводзіцца клясціцкімі педагогамі, дае плён. Важная акалічнасць: работа, якая праводзіцца пад кіраўніцтвам Таццяны Віктараўны. І гэта сказана не таму, што Таццяна Мельман з’яўляецца кіраўніком установы і ў аповедзе пра школу трэба прытрымлівацца пэўнай субардынацыі. Справа ў іншым: дзве залы музея народнай славы, якія кожны год наведваюць сотні гасцей, рэгулярныя перамогі навучэнцаў Клясціцкай сярэдняй школы ў краязнаўчых конкурсах і ўдзел у грамадзянска-патрыятычных акцыях. Але самае галоўнае, што кожны вучань ужо з першага класа ведае, чыё імя носіць школа і які подзвіг здзейсніў Герой Савецкага Саюза Уладзімір Антонавіч Хамчаноўскі, а з сёмага класа ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі могуць правесці экскурсію як па школе, так і па музеі. Такія традыцыі былі закладзены яшчэ ў 70-я і 80-я гады, а пад кіраўніцтвам Таццяны Віктараўны яны ўдасканальваліся.

“Цяпер на арганізацыйна-выхаваўчую работу ў кожным класе адводзіцца 5 гадзін на тыдзень. Гэта ж колькі цікавых і карысных спраў можна зрабіць! У мае школьныя гады была ўсяго адна класная гадзіна на тыдзень. Выхаваўчая работа вялася не настолькі ярка і сістэмна, як сёння. Не было такіх маштабных акцый, конкурсаў. Тады для нас, вучняў, на першым месцы стаяў асабісты прыклад настаўніка, усе мы хацелі быць падобнымі на нашых педагогаў. Таму і я з дзяцінства марыла стаць настаўніцай, яшчэ з таго часу, калі вучылася ў пачатковай школе. Я сама родам з вёскі Роўнае Поле, якая славіцца сваім партызанскім мінулым. У пачатковай школе была адна вучаніца ў класе, што ў многім і вызначыла мой лёс. Я вельмі любіла сваю першую настаўніцу Кацярыну Макараўну Фёдараву, яна для мяне сапраўды была другой мамай, я вельмі хацела быць на яе падобнай”, — падзялілася дырэктар.

Вучыцца для Таццяны Віктараўны было вялікім шчасцем. І далося гэтае шчасце няпроста. Ужо да 6-гадовага ўзросту Таня добра чытала і пісала, таму бацькі вырашылі аддаць яе ў школу на год раней. “Неяк у школе была праверка. Калі даведаліся, што мне яшчэ не споўнілася 7 гадоў, то адправілі дадому. Помню, вельмі плакала. Тады тата паехаў да загадчыка аддзела адукацыі і папрасіў, каб для мяне зрабілі выключэнне. Так я засталася ў сваёй любімай настаўніцы. Я заўсёды была самай малодшай у класе. Усе заканчвалі школу ў 17 гадоў, а я ў 16. Адвучылася ў інстытуце 4 гады і ўжо ў 20 гадоў пачала працаваць настаўніцай. Памятаю, як мне, учарашняй выпускніцы, было няёмка працаваць са сваімі былымі настаўнікамі. Асабліва страшна было кіраваць калектывам. Яшчэ б! Для многіх настаўнікаў я нядаўна была Таняй, вучаніцай, а цяпер стала іх дырэктарам, Таццянай Віктараўнай. Калегі разумелі мой душэўны стан, таму падтрымлівалі, за што я ім вельмі ўдзячна”, — паведаміла Таццяна Віктараўна.

“У дзяцінстве нам з аднакласнікамі не было часу займацца глупствам. У кожнага бацькі трымалі вялікую гаспадарку, а мы, дзеці, былі іх асноўнымі памочнікамі. У сучасных вучняў шмат вольнага часу, ад чаго нярэдка ўзнікаюць праблемы. Добра, калі бацькі разумеюць, што дзіця трэба заняць карыснымі справамі, і запісваюць яго ў спартыўныя секцыі, музычную школу, аб’яднанні па інтарэсах дадатковай адукацыі. У горадзе для гэтага больш магчымасцей. У сельскай мясцовасці магчымасці больш сціплыя, таму нам з калегамі варта знаходзіцца ў пастаянным пошуку, каб заняць дзяцей”.

Наша гераіня з цеплынёй узгадвае не толькі сваю першую настаўніцу, але і піянерважатую Галіну Пятроўну Шліхто, сапраўднага чалавека-энтузіяста. Нездарма піянерская дружына клясціцкай школы лічылася адной з лепшых у Віцебскай вобласці. Піянерскія зборы праходзілі з нагоды ўсіх школьных свят, кожны піянерскі атрад вёў дзённік, афармляў альбом. “Акрамя грамадзянска-патрыятычнага, вялікая ўвага ўдзялялася працоўнаму выхаванню. Калгас для нашай школы выдзеліў участак, дзе мы садзілі, палолі, убіралі буракі. Што цікава, у той час не вялася работа, накіраваная на прафілактыку сярод навучэнцаў правапарушэнняў і злачынстваў. У мае школьныя гады пра гэта нават не гаварылі, бо прычын не было. Актыўна вялося і фізічнае выхаванне, аднак пры гэтым ніхто не акцэнтаваў увагу на здаровым ладзе жыцця. Гэта было натуральна. Усе вялі здаровы лад жыцця, ніхто з вучняў не курыў, не ўжываў алкаголь, а тым больш наркотыкі. Кожная сям’я трымала вялікую гаспадарку, усе дзеці дапамагалі бацькам, пасля вучобы былі заняты карыснай справай. Пра глупства ім проста не было калі думаць. Няхай нашы сённяшнія вучні не так актыўна працуюць на зямлі, як у гады майго школьнага жыцця, аднак тое, што закладзена ў генах, у крыві, нічым не выкараніш. Таму яны добрыя, імі добра кіраваць, з імі можна рабіць любыя справы, яны заўсёды прыйдуць на дапамогу. Люблю нашых вясковых дзяцей. Усе, хто да нас прыязджае ў госці, адзначаюць, што яны выхаваныя. Дзякуючы рабоце экскурсаводамі ў школьным музеі, яны лёгка сацыялізуюцца. Яны ўпэўнена адчуваюць сябе перад аўдыторыяй, не баяцца фотакамер”, — сказала Таццяна Віктараўна.

Пра клясціцкую школу пісалі калегі-журналісты з розных выданняў. Установа вядомая ў краіне. У сваю чаргу клясціцкія настаўнікі і вучні таксама ведаюць пра краіну, яе гісторыю, адметнасці. Спрыяе гэтаму і тое, што Клясціцкая сярэдняя школа з’яўляецца на працягу 10 гадоў своеасаблівым тураператарам. Сучаснае афармленне кабінетаў, належная матэрыяльна-тэхнічная база — усё гэта вынік работы па аказанні экскурсійных паслуг, якія з’яўляюцца запатрабаванымі сярод насельніцтва. Далучыць да экскурсійных паездак бацькоў, для якіх кожны рубель на ўліку, было няпроста. Важную ролю адыграў асабісты прыклад дырэктара і педагогаў. Вось як гэта патлумачыла Таццяна Віктараўна: “Калі я ці мае намеснікі, настаўнікі не будзем удзельнічаць у экскурсіях, то абавязкова знойдуцца тыя, хто скажа, маўляў, калі нават мой настаўнік не едзе, то чаму я павінен ехаць. Тут важны асабісты прыклад. У гарадскіх вучняў больш магчымасцей цікава і карысна праводзіць вольны час. А чым нашы сельскія дзеці горшыя? Вось таму мы і вырашылі аформіць ліцэнзіі на аўтобусы, каб адкрываць для сябе і дзяцей Беларусь, а таксама атрымліваць пазабюджэтныя сродкі. Напрыклад, за мінулы каляндарны год на экскурсійнай дзейнасці зарабілі чыстага прыбытку 3,5 тысячы рублёў. Для кагосьці гэтая лічба падасца невялікай, аднак для нашай школы, у якой вучыцца толькі 100 дзяцей, гэта добрыя паказчыкі. Кожны год мы здзяйсняем падарожжы па новых маршрутах, аднак ёсць і традыцыйныя. У першую чаргу гэта Мінск. Дзецям заўсёды цікава наведаць Нацыянальную бібліятэку, многія ўжо неаднаразова бывалі там, аднак кожны раз яны з цікавасцю падымаюцца на аглядную пляцоўку, каб палюбавацца сталіцай з вышыні птушынага палёту. Роднымі сталі для нас полацкія, віцебскія музеі. А як нашых дзяцей любяць у абласным драматычным тэатры! Яны ж заўсёды паводзяць сябе паслухмяна, не шумяць, адключаюць мабільныя тэлефоны, уважліва сочаць за падзеямі на сцэне”.

Год малой радзімы — гэта год Клясціцкай сярэдняй школы, паколькі работа, накіраваная на фарміраванне ў дзяцей любові да роднага краю, з’яўляецца ва ўстанове прыярытэтнай. Пра некаторыя аспекты такой работы мы паведамлялі ўжо ў рубрыцы “Родная зямля” ў нумары за 22 лютага. Крыху дапоўнім. Акрамя вывучэння ваеннай гісторыі краю, работа школы накіравана на папулярызацыю Расонскага краю ў плане экалагічнага турызму, у школе наладжана цеснае супрацоўніцтва з аграсядзібамі, у прыватнасці аграсядзібай былой выпускніцы Алы Мікалаеўны Хорань. Разам з Алай Мікалаеўнай настаўнікі і вучні ладзяць сумесныя святы ўраджаю, нават разам аднымі з першых у краіне сярод устаноў адукацыі паставілі полікарбанатныя цяпліцы. Цяпер лішкі экалагічна чыстай прадукцыі школа прадае насельніцтву. Наогул, установа адукацыі далучаецца да любых праектаў, якія дапамогуць не толькі ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу, але і быць карыснымі для вучняў у выхаваўчым плане.

“Пасля заканчэння навучальнага года ўсе нашы вучні здаюць своеасаблівы залік патрыятычнай накіраванасці. Напрыклад, у першакласнікаў правяраем, ці ведаюць яны назву ўстановы, у якой вучацца, чыё імя носіць школа, чаму яна носіць імя менавіта гэтага чалавека. Важна, каб ужо ў гэтым узросце дзеці ведалі пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Залік дазваляе выявіць, наколькі дзіця разумее значэнне слова “подзвіг”. У сямікласнікаў правяраем, наколькі яны ведаюць гісторыю школы, што могуць паведаміць пра школьны музей народнай славы, наколькі ганарацца выпускнікамі”.

А яшчэ ўсе праекты, да якіх далучаецца Клясціцкая сярэдняя школа (дакладней, далучаецца Таццяна Віктараўна Мельман і асабістым прыкладам далучае калег, вучняў і бацькоў), рэалізуюцца на карысць развіцця малой радзімы. Наша гераіня не імкнулася, як пісаў класік, шукаць шчасця, долі на чужым, далёкім полі. Сваё шчасце і долю (як асабістае, так і прафесійнае) яна знайшла непадалёк вёскі Роўнае Поле, дзе нарадзілася, выхоўвалася, спазнавала прыгажосць гэтага свету, таямніцы роднай мовы. Такія людзі выклікаюць толькі павагу. Менавіта такім людзям, якія працуюць на карысць малой радзімы ў Год малой радзімы, будзе прысвечаны сакавіцкі дадатак “Шосты дзень”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.