Быць правадыром у акіяне даступных ведаў

- 13:20Сацыяльны ракурс

Ала ЛАЗІЦКАЯ, дырэктар сярэдняй школы № 2 Століна Брэсцкай вобласці:

— Наша сярэдняя школа № 2 Століна — адна з 13 інавацыйных пляцовак Міністэрства адукацыі “Укараненне мадэлі фарміравання медыяграматнасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу”.
Улічваючы асаблівасці жыцця ў інфармацыйным асяроддзі, сучаснасць фарміруе новыя адукацыйныя выклікі, да якіх мы аказаліся не зусім падрыхтаваныя. Адной з асноўных праблем якаснай адукацыі ў кантэксце імклівага развіцця інфармацыйных тэхналогій стала фарміраванне медыяграматнасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Гэтая праблема толькі пачынае актыўна абмяркоўвацца ў нашым грамадстве і настаўніцкім асяроддзі. Абмінуць яе вырашэнне не атрымаецца хаця б з той прычыны, што настаўнік перастаў быць асноўным носьбітам ведаў (гэта часткова тлумачыць зніжэнне яго аўтарытэту), сучасныя вучні здольны самастойна знайсці любую інфармацыю. З-за гэтага мяняецца місія настаўніка — быць правадыром у акіяне даступных ведаў. Гэта вельмі складаная задача. Акрамя выдатнага валодання педагагічнымі, інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі, настаўніку жыццёва неабходна быць медыякампетэнтным — умець арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, якая ствараецца традыцыйнымі і новымі медыя, усведамляць, якія інфармацыйныя крыніцы можна выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе, як, па якіх прынцыпах ствараюцца медыятэксты і як іх дэкадзіраваць, крытычна ставіцца да іх, умець вызначаць дакладнасць інфармацыі і г.д. Перафразуючы вядомае выказванне, можна сцвярджаць, што толькі медыяадукаваны настаўнік здольны навучыць медыяграматнасці вучня.
На жаль, пакуль што ў педагагічных установах сярэдняй і вышэйшай адукацыі не рыхтуюць медыяпедагогаў. Вялікі патэнцыял у вырашэнні гэтай праблемы маюць установы дадатковай адукацыі дарослых: Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, Нацыянальны інстытут адукацыі, рэгіянальныя ІРА. Дзякуючы семінарам і праграмам павышэння кваліфікацыі АПА і НІА, настаўнікі набываюць пэўныя кампетэнцыі для ўкаранення мадэлей фармірвання медыяграматнасці ў сучаснай школе. Мы імкнёмся не ўпускаць магчымасці ўдзелу ў такім навучанні, тым больш што настаўнікаў па-сапраўднаму цікавяць гэтыя тэмы. Акрамя таго, практыка выязных інтэрактыўных семінараў, якія праводзяць на вельмі высокім узроўні спецыялісты гэтых і іншых устаноў (А.А.Палейка, А.У.Радзевіч, М.В.Кудзейка, Т.П.Мацкевіч, Ю.У.Каласоўскі), дазваляюць рэалізаваць прынцыпы мабільнага навучання ў адпаведнасці з адукацыйнымі запытамі настаўнікаў пэўнага рэгіёна. Але ж гэтага, вядома, недастаткова. Добрыя магчымасці ў гэтым сэнсе дае дыстанцыйнае навучанне рэсурсаў нефармальнай адукацыі. Так, вельмі цікавымі і карыснымі для нашых настаўнікаў аказаліся дыстанцыйныя курсы “Медыяэкспрэс” і “Урок&медыя”, якія маюць практыка-арыентаваны характар. Адметна і вельмі каштоўна, што мадэратарамі гэтага навучання былі беларускія настаўнікі-практыкі. 10 нашых калег прайшлі такое навучанне. У нашай установе створана шырокая прастора для самаадукацыі настаўнікаў у адпаведнасці з зонай іх найбліжэйшага развіцця, вызначанай самастойна. З аднаго боку, гэта патрабуе ад адміністрацыі стварэння належных умоў (арганізацыя семінараў, трэнінгаў, кансультацый, забеспячэнне матэрыяльна-тэхнічнага складніка і г.д.), з другога — матывуе настаўнікаў да вывучэння праблемы, фарміравання асабістага вопыту ў выбраным кірунку медыяадукацыі. Усе гэтыя ўмовы разам далі моцны імпульс для стварэння творчай педагагічнай групы аднадумцаў, якія абмяркоўваюць знаходкі інтэграцыі медыяадукацыі ў вучэбныя прадметы і выхаваўчую дзейнасць.
Важным аспектам у асваенні магчымасцей укаранення медыяадукацыі з’яўляецца знаёмства з эфектыўным замежным вопытам. У гэтым сэнсе глыбока вывучаецца і абмяркоўваецца нашымі настаўнікамі вопыт найбліжэйшых суседзяў (Украіны і Расіі), праграмныя дакументы ЮНЕСКА. Мне асабіста давялося знаёміцца з сістэмай медыяадукацыі Украіны падчас летняй медыяшколы ў Кіеве ў жніўні 2014 года (у ёй удзельнічалі настаўнікі і вучні амаль з усіх украінскіх рэгіёнаў) і ў Швецыі ў складзе беларускай каманды медыяадукатараў у чэрвені гэтага года. Улічваючы адсутнасць нацыянальнай канцэпцыі медыяадукацыі ў нашай краіне, вызначаных медыяадукацыйных кампетэнцый у стандартах і канцэпцыях вучэбных прадметаў, адпаведных складнікаў у змесце вучэбных праграм, мяне ў першую чаргу цікавіць пытанне інтэграцыі медыяадукацыі ў адукацыйны працэс сучаснай школы з мэтай фарміравання ў вучняў медыяграматнасці як адной з ключавых кампетэнцый сучаснага чалавека. Аналізуючы вопыт гэтых краін і нарматыўна-метадычныя дакументы, якія рэгламентуюць арганізацыю адукацыйнага працэсу ў нас, прыходжу да высновы, што ў змесце нашых праграм вучэбных прадметаў ёсць пэўны медыяадукацыйны патэнцыял (у першую чаргу ў беларускай і рускай мовы і літаратуры, гісторыі, грамадазнаўства, замежнай мовы). Амаль ва ўсіх прадметах у той ці іншай ступені прадугледжваецца фарміраванне ўмення аналізу інфармацыйнага паведамлення (медыятэксту), абагульнення, сістэматызацыі, адбору інфармацыі, стварэння пэўных творчых прадуктаў і г.д. Але ж гэтыя кампетэнцыі, па-першае, не ўсведамляюцца як медыяадукацыйныя, па-другое, маюць іншыя (не менш важныя) мэты, а па-трэцяе, як правіла, маюць бессістэмны вузкапрадметны характар і не вычэрпваюць пераліку медыякампетэнцый, неабходных сучаснаму вучню і якія здольная сфарміраваць сучасная школа. На жаль, не шмат праграм факультатыўных заняткаў можна выкарыствоўваць у мэтах медыяадукацыі, непасрэдна толькі “Інфармацыйны навігатар” І.А.Буторынай для вучняў 3—4 класаў. Таксама можна пашукаць медыяпатэнцыял у некаторых іншых тэмах, напрыклад, “Многообразие тем и жанров литературы, живописи, музыки и кино” (руская літаратура, 7 клас), “Художественный образ в литературе, живописи, музыке” (руская літаратура, 9 клас). Зразумела, што гэтага недастаткова.
Часткова кампенсаваць адсутнасць сістэмнай і мэтанакіраванай медыяадукацыі дапамогуць розныя формы выхаваўчай дзейнасці, асабліва класная гадзіна і гадзіна інфармацыі. Па сутнасці апошняя і павінна дапамагчы выхаваць свядомага чытача і карыстальніка інтэрнэт-крыніц, які крытычна мысліць, здольны адрозніць фэйк ад дакладнай інфармацыі, дэкадзіраваць медыятэкст (навіны, артыкулы, сацыяльныя і іншыя ролікі і г.д.).
Такім чынам, пэўны медыяадукацыйны патэнцыял у сучаснай школе ёсць. Але ў гэтых умовах вельмі шмат залежыць ад перакананасці настаўніка ў неабходнасці гэтай дзейнасці, а значыць, ад яго матывацыі і жадання. А між іншым сістэмная і мэтанакіраваная інтэграцыя мадэлей медыяадукацыі, рэгламентаванай заканадаўча ў нарматыўна-тэхнічных актах, магла б садзейнічаць эфектыўнаму вырашэнню надзвычай актуальных праблем якаснай адукацыі: аптымізацыі адукацыйнага працэсу на аснове кампетэнтнаснага, інтэгратыўнага, метапрадметнага падыходаў, павышэнню функцыянальнай граматнасці, развіццю крытычнага мыслення ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу і ў выніку выхаванню творчай, адказнай, ініцыятыўнай, здольнай прымаць рашэнні і адказваць за іх асобы, якая мае актыўную пазіцыю.

Мікалай ЗАПРУДСКІ, прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі:

— Як у вучэбным плане школы з’яўляюцца вучэбныя прадметы? З навакольнага асяроддзя. Вакол нас ёсць раслінны і жывёльны свет, адсюль — прадмет “Біялогія”; ёсць рэкі, азёры, горы, лясы, розныя формы рэльефа, карысныя выкапні — вучэбны прадмет “Геаграфія”; ёсць археалагічныя знаходкі, архівы, тэксты, сведчанні відавочцаў падзей мінулага — “Гісторыя”; ёсць соцыум, узаемаадносіны краін, асобных людзей і іх груп — “Грамадазнаўства” і г.д. У навакольным асяроддзі ёсць мноства розных медыя, патокі карыснай і часам шкоднай інфармацыі, якая ўплывае на нас. Тэлебачанне, інтэрнэт, друкаваныя выданні, смс-паведамленні, рэклама ў розных яе формах для многіх людзей з’яўляюцца больш істотнымі складнікамі навакольнага асяроддзя, чым раслінны і жывёльны свет. Адсюль вынікае патрэба ўключэння ў вучэбны план прадмета па медыя. Калі раней у людзей было толькі некалькі газет, два-тры каналы тэлебачання, не было інтэрнэту, то патрэбы ў такім спецыяльным прадмеце не было. Цяпер жа мы знаходзімся ў інфармацыйным палоне, таму, каб у ім паспяхова жыць і дзейнічаць, неабходна быць медыяадукаваным. Дарэчы, у многіх краінах, напрыклад, у Швецыі, вучні вывучаюць масмедыя як спецыяльны прадмет, што дазваляе ім быць медыяграматнымі грамадзянамі. У нашых рэаліях аб увядзенні новага прадмета размову весці пакуль рана, бо вучэбны план і так перанасычаны, але школа ўсё ж такі мае магчымасць фарміраваць медыйную кампетэнтнасць вучняў, паколькі ўсе вучэбныя прадметы маюць для гэтага большыя або меншыя магчымасці.
Як жа гэтыя магчымасці выкарыстаць? Першачарговай задачай з’яўляецца фарміраванне медыяграматнасці педагогаў. На наш погляд, неабходна, па-першае, увядзенне адпаведнага курса ў вучэбныя планы педагагічных спецыяльнасцей універсітэтаў; па-другое, правядзенне адпаведных заняткаў са слухачамі падчас павышэння іх кваліфікацыі. Мэтазгодна ўключэнне ў праграмы курсаў не асобнай тэмы, а спецыяльнага модуля або правядзенне павышэння кваліфікацыі па гэтай тэме на працягу цэлага тыдня. Чаканым вынікам гэтых курсаў павінна быць валоданне слухачамі практычнымі метадамі і сродкамі работы з вучнямі, прымяненне якіх забяспечвае іх медыйную граматнасць.
Дарэчы, у нашай краіне робяцца пэўныя крокі ў гэтай сферы. У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі праводзяцца семінары па медыяадукацыі. У канцы чэрвеня — пачатку ліпеня на базе Альхоўскай сярэдняй школы Астравецкага раёна адбыўся традыцыйны летнік “Альхоўка” — мэтавае павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў і метадыстаў па тэме “Фарміраванне медыяграматнасці настаўнікаў і вучняў” (падрабязна пра летнік “Альхоўка” чытайце ў “Настаўніцкай газеце” за 12 ліпеня). Адметнасць такіх мерапрыемстваў не толькі ў тэме, але і ў форме і сродках правядзення: яшчэ да прыезду на курсы ўдзельнікі з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў (тэматычных відэа і тэкстаў) падрыхтаваліся тэарэтычна, выканаўшы заданні, атрыманыя загадзя. Таму самі заняткі былі накіраваны на фарміраванне і развіццё практычных уменняў медыяадукацыйнай практыкі. У гэтым сэнсе для мяне як аўтара праграмы курсаў і выкладчыка надзвычай карыснай была адукацыйная паездка ў Швецыю. Запазычаныя метады і прыёмы фарміравання медыйнай граматнасці вучняў (работа з Вікіпедыяй, аналіз паведамленняў, практыка напісання тэкстаў і інш.) шырока выкарыстоўваліся і на занятках у “Альхоўцы”.
Эфектыўным сродкам фарміравання медыяграматнасці, як паказвае айчынны і замежны педагагічны вопыт, з’яўляецца тэхналогія развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо. У працэсе чытання вучань, узброены адпаведнымі сродкамі і крытэрыямі, вучыцца крытычна ўспрымаць тэксты, адрозніваць праўду ад падману, бачыць маніпуляцыі, фармуляваць сваю пазіцыю адносна прачытанага. Для фарміравання крытычнага мыслення, грамадзянскай пазіцыі вучняў асабліва важна арганізоўваць чытанне вучнямі актуальных тэкстаў з інтэрнэту і газет.
У працэсе пісьма (выканання творчых работ) таксама фарміруюцца медыйныя ўменні, без якіх немагчыма чакаць ад вучняў граматных і адказных медыяпаведамленняў на форумах, у чатах, у асабістых блогах, роліках на YouTube, у газетах.
Яшчэ адна задача (яе можа паспяхова вырашаць медыяадукаваны кіраўнік установы адукацыі) — гэта стварэнне ў школе сістэмы работы па фарміраванні медыяграматнасці вучняў. У гэтай сістэме вызначальным элементам з’яўляецца мэта — мадэль выпускніка. Гэта ідэальнае ўяўленне аб тым, якімі якасцямі, кампетэнцыямі павінен валодаць малады чалавек, закончыўшы ўстанову адукацыі. У гэтай мадэлі важным з’яўляецца такі складнік медыйнай адукаванасці, як наяўнасць кампетэнцый аналізу, ацэнкі і стварэння медыяпаведамленняў. На падставе мадэлі выпускніка плануецца адпаведная работа з настаўнікамі па павышэнні іх медыйнай граматнасці (як у сваёй установе, так і на адпаведных курсах і семінарах ва ўстановах дадатковай адукацыі дарослых). Настаўнікі ж, узброеныя адпаведнымі метадычнымі сродкамі, выяўляюць магчымасці вучэбнага матэрыялу па сваіх прадметах для фарміравання ў вучняў медыйных кампетэнцый, вызначаюць адпаведныя задачы на вучэбную тэму або ўрок і арганізоўваюць работу вучняў на занятках і дома з адпаведнымі тэкстамі, іх творчую работу па стварэнні медыяпаведамленняў.
Неабмежаваныя магчымасці для павышэння медыйнай кваліфікацыі настаўнікаў дае інтэрнэт. Зацікаўлены педагог знойдзе мноства тэкстаў, у якіх разглядаюцца як тэарэтычныя, так і практычныя аспекты фарміравання медыяграматнасці вучняў.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.