Ніхто не ведае сваю ўстанову адукацыі так, як яе кіраўнік. Пра ўстанову, калег і любімых вучняў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар сярэдняй школы № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава Ганна Дзёміна. Дарэчы, Ганна Уладзіміраўна прайшла ў сваёй школе ўсе этапы — ад вучаніцы да кіраўніка.
— Я скончыла 13-ю сярэднюю школу Жлобіна ў 1999 годзе — мы былі першым выпускам нашай школы. Вучылася ў ліцэйскім гуманітарным класе — у школы быў заключаны дагавор з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Францыска Скарыны, і кожныя паўгода мы здавалі сесію па шасці прадметах: беларускай мове і літаратуры, рускай мове і літаратуры, гісторыі і англійскай мове. Да нас прыязджалі выкладчыкі ўніверсітэта, і менавіта ім мы здавалі сесію. Таму калі я паступала пасля школы ў БДПУ імя Максіма Танка на спецыяльнасць “Гісторыя. Англійская мова”, у мяне была каласальная ўпэўненасць у сваіх сілах. Паспяхова здала ўступны экзамен па англійскай мове, атрымаўшы выдатную адзнаку, за што хвала майму педагогу Алесі Анатольеўне Белаконь. А вось на экзамене па гісторыі я не змагла адказаць на каверзнае дадатковае пытанне, якой масці быў конь у аднаго з вялікіх князёў. Для паступлення на бюджэт мне не хапіла паўбала, а сямейная сітуацыя не дазваляла вучыцца на платным аддзяленні.
У той момант мяне вельмі падтрымаў аддзел адукацыі Жлобінскага райвыканкама і дырэктар сярэдняй школы № 13 Клаўдзія Васільеўна Гузава: я была прынята на работу настаўніцай англійскай мовы Малевіцкай сярэдняй школы. У свае 17 гадоў! Пачынаць працоўную дзейнасць мне дапамог вучнёўскі вопыт: я прымяняла метады сваіх школьных настаўнікаў, выкладала па іх узоры. А праз год паступіла ў ГДУ імя Францыска Скарыны на спецыяльнасць “Англійская мова”. Пасля яго заканчэння ў 2006 годзе прыступіла да работы ў роднай школе.
Прайшла ўсе прыступкі кар’ернага росту, атрымала ўсе кваліфікацыйныя катэгорыі, уключаючы катэгорыю “настаўнік-метадыст”, была ўдзельніцай заключнага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2020”. За плячыма — 4 гады работы на пасадзе намесніка дырэктара школы. Усё гэта дапамагае мне прымаць узважаныя кіраўніцкія рашэнні і несці адказнасць за вялікі калектыў навучэнцаў і педагогаў. Таму для мяне педагогіка нават не лад жыцця, а само жыццё.
Сёння, працуючы з выпускнікамі, я дзялюся з імі сваім пакручастым шляхам у прафесію. Гавару дзецям, што ўчарашняя памылка можа стаць заўтрашняй перамогай. Такім чынам, мая гісторыя “няўдачы” паказвае, што нельга адчайвацца, а трэба верыць у свае сілы і матываваць сябе на поспех.
Расказваю дзецям, што прафесія настаўніка — цяжкая праца. Мы рады, калі нашы выпускнікі вяртаюцца на работу ў родную школу — сёння ў сценах 13-й школы працуюць 10 яе выпускнікоў (без уліку тых, хто знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску). Прычым яны вядуць актыўнае педагагічнае жыццё. Напрыклад, Арцём Уладзіміравіч Ядлоўскі з працоўным стажам 1 год — пераможца абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют”. Арцём Уладзіміравіч часта гаворыць, што яго заражае добры авантурызм, які прысутнічае ў нашай школе. А я згодна: мы заражаем прафесіяналізмам, імкненнем ісці наперад.
У школе дзейнічае педагагічны клас, і найбольшую цікавасць у нашых будучых юных калег выклікаюць педагагічныя пробы. Некалькі гадоў назад навучэнцы педагагічнага класа прынялі ўдзел у рэспубліканскім праекце “Урокі ўстойлівага развіцця”, дзе прадставілі сацыяльна значную ініцыятыву па рабоце з дзецьмі з АПФР. Цікава, што дзве навучэнкі пасля ўдзелу ў праекце прынялі рашэнне паступаць у БДПУ на спецыяльнасць “Інклюзіўная адукацыя”, скарыстаўшыся рэкамендацыямі педсавета школы. Для нас гэта надзвычай важна, бо мы бачым, што колькасць такіх зацікаўленых навучэнцаў штогод павялічваецца, і мы разлічваем, што нашы выпускніцы вернуцца на работу ў родную школу.
Стараемся стварыць камфортнае асяроддзе для кожнага навучэнца. Наколькі нам гэта ўдаецца — гавораць нашы поспехі. Пасля трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды, на якой 13 навучэнцаў прадстаўлялі Жлобінскі раён, у нас 11 дыпломаў, 6 навучэнцаў уключаны ў склад абласной каманды для ўдзелу ў заключным этапе выпрабаванняў. Мы гэтым вельмі ганарымся, гэта каласальная праца педагогаў і вучняў.
Больш за 100 навучэнцаў школы ўключаны ў спецыяльны фонд Прэзідэнта і атрымалі прэміі. Апошні з іх — навучэнец 10 класа Мацвей Лапцеў, пераможца Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Выдатна, што для такіх, як Мацвей, ёсць прывілеі пры паступленні ў рэгіянальныя УВА на запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. Летась пераможца заключнага этапу алімпіяды Вадзім Скобелеў паступіў у БНТУ на льготных умовах. Два гады запар наш навучэнец Аляксей Гаеў перамагае на Рэспубліканскай алімпіядзе па англійскай мове, а навучэнка Дар’я Полазава — па беларускай мове. Сёлета ўпершыню ў гісторыі школы ў нас дыплом па геаграфіі. Зразумела, гэта матывуе дзяцей. А мы верым у лепшае.
Наталля КАСТЭНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА