Адказнасць — за бацькамі

- 9:10Пункт погляду

Новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі замацоўвае права залічыць у першы клас дзіця, якому на 1 верасня яшчэ не споўнілася шасці гадоў.

Мне падабаецца, што такое права замацавана ў новай рэдакцыі кодэкса, бо яно гарантуе выбар. Апошнім часам колькасць бацькоў, якія хочуць раней аддаць сваё дзіця ў школу, павялічылася. Ідэя ранняга развіцця, якую рэалізуюць у дзіцячых садках і цэнтрах развіцця дзіцяці, усё часцей знахо­дзіць водгук сярод бацькоў. Але ж мне здаецца, што некаторыя таты і мамы не зусім правільна яе разумеюць.

Ва ўстановах дашкольнай адукацыі актыўна займаюцца стварэннем развіццёвага прадметна-прасторавага асяроддзя, каб знаёміць дзіця з навакольным светам, формамі і ўласцівасцямі прадметаў. І гэта выдатна, бо няма нічога лепшага, чым натуральнае развіццё малышоў. У гэты перыяд галоўным з’яўляецца развіццё руху і маўлення. Гэта значыць дзіця ўдасканальвае навыкі хадзьбы, вучыцца бегаць і скакаць, браць у рукі дробныя прадметы, маніпуляваць імі. 

Спецыялісты ў галіне ранняга развіцця лічаць, што калі пачаць удзяляць дзіцяці больш увагі, гуляць з ім, нешта расказваць яму, паказваць карцінкі, чытаць кнігі, то яно адразу пачынае развівацца, разумнець, на вачах станавіцца больш сталым. Такому малому ўсё цікава, ён просіць пазаймацца з ім яшчэ і яшчэ.

Ну а калі не проста гуляць і чытаць, а ўжываць якія-небудзь вядомыя методыкі ранняга развіцця, вучыць дзіця чаму-небудзь (натуральна, праз гульню, а не пасадзіўшы за парту), то яно пачынае развівацца яшчэ хутчэй, больш інтэнсіўна. Маўленне такіх малых кардынальна адрозніваецца ад маўленчых навыкаў іх равеснікаў. Яны пачынаюць здзіўляць бацькоў сваім розумам, памяццю, вынаходлівасцю, творчымі здольнасцямі. І тыя, у сваю чаргу, упэўніваюцца ў тым, што іх сыну ці дачцэ тэрмінова трэба ў школу. Тэмп жа нельга збаўляць!

І вось тут мне ўспамінаецца гісторыя маёй малодшай сястры. Яна таксама пайшла ў школу рана. У жніўні ёй споўнілася 6, а 1 верасня яна ўжо радасная стаяла на святочнай лінейцы. Таня рана навучылася пісаць, чытаць і лічыць, і настаўніца, што жыла па суседстве, параіла не цягнуць са школай. Маўляў, такія даныя трэба развіваць! І бацькі, натхнёныя такімі кампліментамі, так і зрабілі.

Спачатку ўсё было нармальна. Сястра з радасцю хадзіла ў школу, ёй там вельмі падабалася. Яна была лепшай у класе, і каб даваць ёй магчымасць развівацца, настаўніца працавала з ёй індывідуальна. Недзе праз месяц дзяўчынка пачала губляць прытомнасць прама на ўроках. А бліжэй да Новага года пачаў псавацца зрок. Тут, канечне, усе захваляваліся, а сястра катэгарычна адмаўлялася насіць акуляры. Бацькі нават усур’ёз задумаліся над тым, каб забраць дачку са школы.

У выніку сястра ўсё ж засталася ў школе, але з інтэнсіўным развіццём было вырашана пачакаць, каб даць дзіцяці магчымасць набрацца сіл. Цяпер я выдатна ра­зумею, што здольнасці маёй малодшай сястры апярэджвалі яе псіхафізічнае сталенне. Арганізм не вытрымаў нагрузкі і пачаў супраціўляцца. Пасля ўсё стала на свае месцы. Яна скончыла школу з медалём, а затым паспяхова адвучылася ва ўніверсітэце. Але ж мне да сённяшняга дня здаецца, што адпраўляць яе ў школу так рана было памылкай, бо дзяцінства засталося недагуляным, а працэс навучання ў яе асацыіраваўся з пакутамі.  

 Такім чынам, перш чым адпраўляць дзіця ў школу ў пагоні за раннім развіццём і з марамі пра яго геніяльную будучыню, успомніце, паважаныя бацькі, што ваша дзіця індывідуальнае. Яно развіваецца ў сваім тэмпе, развівае ўласныя магчымасці паступова, крок за крокам. У кожнага малога тая ці іншая функцыя развіваецца па-свойму. Гэта нікому не трэба даказваць. Дзяцей трэба проста любіць і іншым разам засцерагаць ад інтэнсіўных методык ранняга развіцця.

Вядучая рубрыкі Вольга Дубоўская.