Дырэктар гімназіі № 1 Ліды Ірына Рубцэвіч: у нас прафесійны калектыў захопленых і адданых педагогіцы лю­дзей

- 13:04Интервью, Образование, Школа управления

Гімназія № 1 Ліды — установа вядомая. Тут ужо шмат гадоў паспяхова рыхтуюць пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, працуе зладжаны і высокапрафесійны калектыў. Пра тое, як не збіцца з набранага тэмпу, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з дырэктарам, членам Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі краіны Ірынай Рубцэвіч.

— Ірына Іванаўна, давайце знаёміцца. Чаму і як прыйшлі ў педагогіку? Калі пачалі назапашваць кіраўнічы вопыт? 

— Я з настаўніцкай сям’і, таму, калі давялося выбіраць прафесію, доўга не думала. Мама амаль 42 гады працавала настаўніцай матэматыкі, а тата спачатку настаўнічаў, затым быў інспектарам, а пасля ўзначаліў Навагрудскі аддзел адукацыі. Увогуле, у нашым родзе 14 чалавек працавалі і працуюць у адукацыі. Калі падсума­ваць, то дзесьці 400 гадоў прадстаўнікі нашай сям’і развіваюць адукацыю. І мая сям’я таксама педагагічная: муж выкладае інфарматыку, дачка — замежную мову.

Калі гаварыць пра маё педагагічнае станаўленне, то мне вельмі пашчасціла, бо пасля заканчэння гродзенскага ўніверсітэта па размеркаванні трапіла ў сярэднюю школу № 4 Ліды, дзе дырэктарам быў Іван Іванавіч Русак, высакакласны спецыя­ліст. Як і яго намеснік Валянціна Іванаўна Пашнік. Стаўленне іх да маладой настаўніцы было вельмі добрым, па-сямейнаму цёп­лым. У гэтай школе я спачатку працавала выхавальнікам групы прадоўжанага дня, потым настаўніцай матэматыкі, а затым была намеснікам дырэктара. Адтуль пайшла ў метадычны кабінет (была загадчыцай). Наступным крокам стала прызначэнне дырэктарам у ліцэй, дзе працавала 4 гады. Апошнія 5 гадоў з’яўляюся дырэктарам 1-й гімназіі Ліды.

— У гімназію вы прыйшлі ўжо даволі вопытным адміністратарам. Наколькі складана або лёгка было адаптавацца ў новым калектыве?

Прыступаць да сваіх новых абавязкаў было няпроста, бо гімназія — навучальная ўстанова з вялікімі дасягненнямі, вядомымі на ўсю краіну. Яе імідж у свой час стварыла мінулы дырэктар Наталля Анд­рэеўна Зайцава. Яна жыла гімназіяй, не шкадавала сіл і часу на яе развіццё. Вядома, прыйсці на месца такога кіраўніка і ўліцца ў ёю створаны калектыў — адказна і хвалююча. Мы рухаемся наперад, прымнажаючы здабытае, і вельмі ўдзячны, што ўсе нашы ідэі падтрымлівае ўпраўленне адукацыі Лідскага райвыканкама на чале з Вольгай Зігмундаўнай Тарасюк.

У гімназіі працуюць 74 педагогі, 12 з іх — з моманту яе адкрыцця, 6 — былыя выпускнікі. Гэта вельмі прафесійны калектыў захопленых і адданых педагогіцы лю­дзей. І іх высокія вынікі гэта пацвярджа­юць. Толькі ў мінулым годзе на ЦЭ і ЦТ нашы выпускнікі паказалі 17 абсалютных вынікаў. Прыемна, што многія пасля прыходзяць і дзякуюць за строгасць, набытыя веды і ўмовы, створаныя ў гімназіі.

Стараюся падтрымліваць і развіваць усе пачынанні, не збаўляючы набранага тэмпу. І заўсёды прыслухоўваюся да настаўнікаў. Дзверы майго кабінета ўвесь час адчынены, і не важна, з чым яны прыходзяць: раска­заць пра чарговую перамогу або падзяліцца праблемамі. Слухаю, прапаноўваю сваё рашэнне, абапіраючыся на нарматыўныя дакументы. У выніку мы прыходзім да адзінага рашэння. Такія размовы могуць быць доўгімі і кароткімі, але заўсёды выніковымі — паразуменне ўзнікае паміж усімі ўдзельнікамі дыя­логу. Тут важна паказаць сябе лідарам і стратэгам, які пралічвае як мінімум на крок наперад і думае адразу пра ўвесь калектыў.

Акрамя таго, мы, як і ў любой установе, аналізуем свае дзеянні. Напрыклад, абмяркоўваем вынікі алімпіяды, поспехі, магчымыя няўдачы, высвятляем, дзе нашы чаканні апраўдаліся і што трэба ўдаскана­ліць. Спачатку гэта будзе размова дырэктара і намеснікаў, потым намеснікі будуць гаварыць з педагогамі-прадметнікамі — у нас ступеньчатая сістэма прафесійнага ўзаемадзеяння.

Наогул у нас ёсць правіла: раз на ты­дзень разам з намеснікамі збірацца ў маім кабінеце і абмяркоўваць пытанні, якія ўзніклі, планаваць работу на тыдзень, месяц, паўгода. Гэта стратэгічнае планаванне, у якое, акрамя адміністрацыі, уключаны кіраўнікі метадычных аб’яднанняў, настаўнікі-прадметнікі, класныя кіраўнікі. Такая схема ўзаемадзеяння вельмі дзейсная, бо пры прыняцці рашэнняў аб’ядноўвае ўсіх зацікаўленых. Паралельна фарміруецца стратэгічнае канцэптуальнае мысленне педагагічнага калектыву.

— Дырэктар школы — прафесія шматфункцыянальная. На ваш пог­ляд, дырэктар — гэта больш кіраўнік з функцыяналам юрыста, эканаміста, будаўніка або педагог-адміністратар, які арганізоўвае і кантралюе адукацыйны працэс?

— Кампетэнцыі дырэктара сапраўды вельмі розныя. На сёння, акрамя таго, што я кіраўнік, з’яўляюся і педагогам — часова замяняю настаўніка матэматыкі. Пастаянна наведваю розныя гімназічныя мерапрыемствы, дзе заўсёды атрымліваю зваротную сувязь ад вучняў, што дапамагае лепш зразумець іх вучэбныя патрэбы і ў канчатковым выніку прыводзіць да больш актуальных кіраўніцкіх рашэнняў. Наогул у маім плане на тыдзень заўсёды адводзіцца час на наведванне ўрокаў, класных, інфармацыйных гадзін.

Калі ж сканцэнтравацца на кіраўніцкім функцыянале, то тут мне вельмі дапамагае мая дадатковая адукацыя ў сферы менеджменту, атрыманая на базе РІПА. Больш за ўсё часу даводзіцца ўдзяляць гаспадарчай і фінансавай дзейнасці, а таксама ўзае­мадзеянню з сацыяльнымі партнёрамі, установамі вышэйшай адукацыі, прадпрыемствамі. Сёлета мы адкрылі інжынерную групу, заключылі дагавор з філіялам “Лідскія электрычныя сеткі” РУП “Гроднаэнерга” і Рэспубліканскім ДУВП “Конус”. Гэта дапамагло арганізаваць дапрофільную і профільную падрыхтоўку на больш высокім узроўні. У будучыні спадзяёмся на атрыманне мэтавых накіраванняў і большы ўдзел у фарміраванні прафесійных кампетэнцый гімназістаў прадстаўнікоў саміх прад­прыемстваў.

Шмат часу ўдзяляю вырашэнню экана­мічных і юрыдычных пытанняў. Са студзеня запрацавалі змяненні ў Працоўным кодэксе, таму трэба не проста ўсё вывучыць, але ўнесці неабходныя змяненні і пры неабходнасці патлумачыць усё гэта калектыву. У вырашэнні юрыдычных пытанняў вельмі дапамагае спецыяліст з галіновага прафсаюза — старшыня прафсаюзнага камітэта Віталь Іванавіч Карпуць. У полі зроку не толькі заработная плата, але і платныя адукацыйныя паслугі, узаемадзеянне са спонсарамі, папячыцельскім саветам.

З верасня гімназія ўключана ў эксперыментальны праект па харчаванні. У яго межах рэалізуецца прынцып шматузроўневага кантролю якасці харчавання: сістэматычны кантроль за якасцю гатавання ежы, адпаведнасцю нормам, зацверджаным ме­ню, праводзіцца работа па адборы сутачных проб гатовай прадукцыі, вывучаюцца за­пыты вучняў і іх законных прадстаўнікоў. Апрабіравалі новыя тэхналогіі прыгатавання ежы, у рацыён харчавання вучняў уключаны новыя стравы. Вялікую ўвагу на­даём выхаванню ў нашых дзяцей культуры правільнага харчавання. Далучаем да гэтага і бацькоў.

— Дарэчы, як можна наладзіць парт­нёрскія адносіны з бацькамі?

— Толькі на ўзаемадзеянні. На бацькоўскіх сходах знаёмім з новаўвядзеннямі, агучваем дасягненні гімназістаў — ні адно пытанне не застаецца без увагі. Штоты­дзень вяду прыём па асабістых пытаннях. Актыўную працу па арганізацыі прадукцыйных адносін з бацькамі вядуць класныя кіраўнікі. Мы супрацоўнічаем з бацькоўскім камітэтам. Актыўна ўдзельнічаем у рэалізацыі праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”.

— Вернемся да развіцця кіраўнічых кампетэнцый. Якія дакументы заўсёды на дырэктарскім стале?

— Пад рукой заўсёды Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, палажэнне аб установе агульнай сярэдняй адукацыі, нарматыўныя дакументы ад Міністэрства адукацыі, абласнога ўпраўлення адукацыі. Заўсёды на стале статут установы адукацыі, правілы ўнутранага распарадку, калектыўны дагавор. Існуе лакальны дакумент па прыёме дзяцей у 5 клас. Усе лакальныя дакументы грунтуюцца на існуючай нарматыўнай прававой базе.

— Раскажыце пра свой працоўны дзень.

— Па графіку ён пачынаецца ў 8:30, але звычайна ўжо ў 7:30 я на рабоце. Уключаю камп’ютар, да якога падключаны камеры відэаназірання, і праглядаю, што яны зафіксавалі. Затым абыходжу будынак гімназіі, гутару з калегамі, назіраючы за іх настроем і самаадчуваннем. Потым з дзяжурным адміністратарам і класнымі кіраўнікамі сустракаем дзяцей. Вітаемся, усміхаемся адно аднаму, звяртаем увагу на знешні выгляд гімназістаў, іх настрой. Увогуле, на кожным перапынку стараюся быць у калідоры, каб бачыць дзяцей і настаўнікаў, нешта пры неабходнасці спытаць-удакладніць. А далей у мой працоўны дзень уно­сяць карэктывы паступаючыя просьбы і даручэнні, сустрэчы і мерапрыемствы.

— Не магу не папрасіць за пачынаючых дырэктараў. Што параіце, каб старт аказаўся ўдалым?

— Не закрывацца і не баяцца зада­ваць пытанні, нават калі яны могуць здавацца недарэчнымі. Абавязкова вывучыць традыцыі навучальнай установы, якія пасля стануць асновай для чагосьці новага. Яшчэ параю падтрымліваць сувязь з мінулым дырэктарам, які можа стаць добрым дарадчыкам. Дырэктар — гэта моцная духам асоба, якая не баіцца адказнасці пры прыняцці рашэнняў. Калі за плячыма калектыў дзяцей і педагогаў, то на сумненні няма часу. Трэба быць рашучым. Кіраўнік нясе адказнасць за няўдачы і разам з калектывам радуецца перамогам. Вельмі важна мець каманду аднадумцаў. У мяне выдатная каманда, таму мы спраўляемся, хоць у працэсе абмеркавання можам і паспрачацца. Важна слухаць і чуць адно аднаго, давяраць.

— Ірына Іванаўна, на сёння гімназія № 1 Ліды — гэта…

— Сучасная ўстанова адукацыі, гонар якой робяць найперш педагогі. У нас працуюць тры настаўнікі-метадысты. 14 педагогаў удастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па са­цыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, маюць падзякі Прэзідэнта Рэс­публікі Беларусь. Нагрудны знак “Выдатнік адукацыі” атрымалі 3 настаўнікі — В.Б.Чун­кевіч, І.М.Васерын, Т.М.Глыздова.

Настаўнік матэматыкі Альфрэд Антонавіч Ладыка ўдастоены ганаровага звання “Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь”. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Міхайлаўна Глыздова ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны.

З 2001 года гімназія працуе ў інавацыйным рэжыме. Усяго рэалізавана 6 інавацыйных і 4 эксперыментальныя праекты Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. З 2023 года ўкараняем эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлей кіравання якасцю адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”, у рамках якога ажыццяўляецца апрабацыя модульных вучэбных планаў і вучэбных праграм ва ўмовах арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання.

Ужо адзначала, што ў 2023 годзе на цэнт­ралізаваным экзамене і цэнтралізаваным тэсціраванні нашы выпускнікі паказалі 17 абсалютных вынікаў. 12 з іх былі на ЦЭ: 6 па рускай мове (настаўніца Алена Антонаўна Сіліцкая), 3 па матэматыцы (настаўнік Альфрэд Антонавіч Ладыка), 2 па грамадазнаўстве (настаўніца Марына Пятроўна Букша), 1 па беларускай мове (настаўніца Таццяна Аляксандраўна Бабніс). Пяць стабальных вынікаў было на ЦТ: 1 па грамадазнаўстве (рыхтавала Марына Пятроўна Букша), 1 па гісторыі Беларусі (Марына Пятроўна Букша), 2 па англійскай мове (настаўнікі Наталля Георгіеўна Кепель, Вольга Яўгенаўна Пазнякова), 1 па матэматыцы (Альфрэд Антонавіч Ладыка). Дзве выпускніцы набралі па 400 балаў.

З 2019 года 33 гімназісты, пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, атрымалі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У студзені 2024 года Вераніка Кучынская была ўдас­тоена абласной прэміі імя А.І.Дубко як пераможца алімпіяды Саюзнай дзяржавы па рускай мове і літаратуры “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”.

Акрамя таго, нашы дзеці вядуць актыўнае грамадскае жыццё. Яны члены раён­нага ваенна-патрыятычнага клуба “Лідскія львы”, актыўныя ўдзельнікі са­цыяльна значных спраў. Вучаніца 11 класа Злата Субоціна — пераможца рэспуб­ліканскага мала­дзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі”,  удзельніца Міжнароднага маладзёжнага праекта дзяржаў — удзельніц СНД “100 идей для СНГ”; вучні 9 класа ў занальным этапе рэспуб­ліканскага мала­дзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі” атрымалі дыплом I ступені. Валанцёрскай дзейнасцю ахоплена 100% гімназістаў, дзейніча­юць цімураўскі атрад “Клопат” і валанцёрскі “Міласэрнасць”, што спрыяе адраджэнню традыцый дабрачыннасці і міласэрнасці.

Мы імкнёмся, каб нашы дзеці былі адукаванымі, выхаванымі, з актыўнай грама­дзянскай пазіцыяй, каб у будучыні сталі запатрабаванымі спецыялістамі, якія будуць працаваць на карысць сваёй дзяржавы.

— Жадаю не збаўляць набранага тэмпу і дзякуй за цікавую размову.

 Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара і з архіва гімназіі